У Польшчы выкрылі банду, якая рабавала грузавікі. Сярод меркаваных злачынцаў шмат беларусаў

Ілюстрацыйнае фота

У Польшчы завяршылі расьсьледаваньне гучнай справы аб разбойных нападах, у тым ліку на фуры, якія перавозілі цыгарэты. На лаве падсудных апынуцца 13 чалавек, сярод іх пяцёра беларусаў.

Пра схему злачынства расказалі Нацыянальная пракуратура Польшчы і Цэнтральнае сьледчае бюро паліцыі. Абвінавачаным агулам ставяць у віну 22 злачынствы ў 2024–2025 гадах. Сямёра абвінавачаных знаходзяцца пад арыштам.

Сьледчыя высьветлілі, што нападнікі надзявалі форму з эмблемамі паліцыі. Таму ахвяры не адразу разумелі, што гэта рабаўнікі — форма дазваляла «стварыць эфэкт нечаканасьці і спаралізаваць дзеяньні пацярпелых», піша Rzeczpospolita. Пасьля гэтага кіроўцаў білі і пазбаўлялі свабоды. Каб абцяжарыць выкрыцьцё аўтамабіляў, якімі карысталіся бандыты, тыя непасрэдна перад нападамі прыкручвалі на машыны падробленыя нумары.

Аб’ектам цікавасьці злачыннай групы былі ня толькі цыгарэты, іх вабіў нелегальны тавар. Злачынцы разумелі, што ахвяры нападаў ня будуць паведамляць пра яго страту ў паліцыю, бо самыя здабылі тавар незаконным чынам і маглі б пайсьці за гэта пад суд.

У траўні 2025 году, пасьля шэрагу нераскрытых нападаў, адбыўся пералом у справе: супрацоўнікі Цэнтральнага сьледчага бюро паліцыі затрымалі сем чалавек — двух грамадзян Польшчы і пяцярых грамадзян Беларусі. Затрыманьні прайшлі пераважна ў Варшаве і Велішаве. У час шматлікіх ператрусаў паліцыя знайшла небясьпечны арсэнал: каротка- і даўгаствольную агнястрэльную зброю, больш за 1200 патронаў розных калібраў, сьветлашумавыя і дымавыя гранаты, 2,4 кіляграма выбуховых рэчываў і прылады.

Вынік ператрусаў, допытаў і далейшае расьсьледаваньне прывяло на сьлед незатрыманых удзельнікаў банды. Паліцыя ў Гішпаніі затрымала двух грамадзян Польшчы, у тым ліку правадыра групы. На падставе эўрапейскіх ордэраў на арышт іх даставілі ў Польшчу.

Як падае газэта, затрыманыя беларусы жылі ў Польшчы. У аднаго зь іх у сувязі з крымінальнай справай вынялі пашпарт. Афіцыйна ён беспрацоўны. Яшчэ адзін працуе ў гандлі.

Гэта ня першая падобная банда

У гісторыі Беларусі ўжо дзейнічалі банды, якія нападалі на кіроўцаў фураў і забіралі тавар.

Напрыклад, 10 кастрычніка 2019 году ў Нямеччыне паліцыя затрымала на сьвежым учынку банду, у якую ўваходзілі пяцёра беларусаў, усе аршанцы. Некалькі гадоў банда лічылася няўлоўнай і ўчыніла больш за 60 нападаў на фуры, пераважна побач з Гановэрам. Група, кіраваная крымінальным аўтарытэтам з Воршы, жыла ў родным горадзе, але пастаянна выяжджала зь Беларусі на «апэрацыі» за мяжу.

Дзякуючы супрацы па лініі Эўраполу, тады ўдалося высьветліць, што зачынцы дзейнічалі ня толькі на дарогах Нямеччыны, але і ў суседняй Францыі. Мелі некалькі фураў і легкавікоў у наяўнасьці, што дапамагала ім перагружаць тавар або ўцякаць ад пагоні. Рацыі і цеплавізары выкарыстоўвалі дзеля сувязі і хуткага рэагаваньня ўначы.

Як расказваў тэлеканал АНТ, банду выкрылі выпадкова, дзякуючы іншаму злачынству. Правадыр банды, які быў вядомым у Воршы і ўсёй Беларусі крымінальнікам яшчэ ў 1990-я, нібыта параніў у сварцы былога сябра сваёй злачыннай групы. Паліцыя пачала даведвацца, што да чаго, і адшукала найперш грузавік бандытаў зь перагружанымі ў яго скрадзенымі тэлевізарамі.

Пра прысуды гэтай бандзе СМІ нічога не пісалі.

Празь пяць гадоў, у 2024-м, МУС Беларусі паведаміў пра арышты ўдзельнікаў банды, якая нападала на фуры ўжо на тэрыторыі Беларусі. І ў гэтым выпадку злачынцы таксама былі з Воршы, ім было ад 34 да 51 году. Нарабаваны тавар збывалі пераважна ў суседняй Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Польшча выслала 9 грамадзянаў Беларусі за прыналежнасьць да арганізаванай злачыннай групы


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зь бібліятэкі Варшаўскага ўнівэрсытэта кралі антыкварныя кнігі, перасылалі іх у Менск, а прадавалі ў Расеі