Палата прадстаўнікоў ратыфікавала дамову аб працоўнай міграцыі з Узбэкістану

Палата прадстаўнікоў. Архіўнае фота

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ратыфікавала міжурадавае пагадненьне з Узбэкістанам аб арганізаваным наборы і працаўладкаваньні грамадзян Узбэкістану для іх часовай працоўнай дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі.

Як паведамілі ў Палаце прадстаўнікоў, асноўная мэта пагадненьня — стварыць праўную базу і ўкараніць дакладны дзяржаўны мэханізм для легальнага, бясьпечнага і ўпарадкаванага залучэньня грамадзян Узбэкістану у працоўную дзейнасьць у Беларусі.

Пагадненьне прадугледжвае парадак іх накіраваньня да працадаўцаў, афармленьне працоўных дачыненьняў, а таксама забесьпячэньне працоўных і сацыяльных гарантыяў.

У Палаце прадстаўнікоў адзначылі, што праект закону аб ратыфікацыі «адпавядае Канстытуцыі, актам прэзыдэнта, міжнародным пагадненьням Беларусі і сумяшчальны з заканадаўствам Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Працоўныя мігранты з Узбэкістану папрасілі вярнуць іх зь Беларусі дамоў, бо заробкі іх не задаволілі

Чаму гэта важна

Беларусь усё часьцей шукае працаўнікоў за мяжой — ад Пакістану і Нэпалу да краін Цэнтральнай Азіі. Замежная працоўная міграцыя становіцца адным з спосабаў закрываць дэфіцыт кадраў.

Гэта адбываецца падчас адтоку ўласнага насельніцтва. Паводле ацэнкі сацыёляга Генадзя Коршунава, у 2020–2024 гадах Беларусь маглі пакінуць 500–600 тысяч чалавек. Улады называлі меншыя лічбы: у кастрычніку 2023 году намесьнік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў ацэньваў колькасьць беларусаў, якія зьехалі за мяжу, у 350 тысяч. Дакладна сказаць, колькі беларусаў насамрэч выехалі пасьля 2020 году, складана: афіцыйны ўлік не ахоплівае ўсіх, хто жыве за мяжой.

Раней асаблівую стаўку рабілі на працоўную сілу з Пакістану. У красавіку 2025 году Аляксандар Лукашэнка сказаў пра магчымасьць прыняць 100–150 тысяч пакістанцаў. Але за ўвесь 2025 год на працу прыехаў 561 грамадзянін Пакістану — паводле статыстыкі МУС.

Нядаўна ў Нью-Ёрку міністры замежных справаў Беларусі і Нэпалу Максім Рыжанкоў і Шышыр Ханаль дамовіліся аб прыцягненьні на беларускі рынак працы грамадзян Нэпалу.

У 2025 годзе ў краіну прыехалі 48 160 замежных працоўных мігрантаў. Найбольш — з Туркмэністану: 23 050 чалавек. З Узбэкістану — 3618, з Кітаю — 3438, з Расеі — 4677, з Украіны — 4389. Гэтыя лічбы агучыў кіраўнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Іван Новікаў.

Сёлета ў ліпені з Узбэкістану на працу ў Беларусь прыехалі першыя 255 чалавек, але яны адразу раскрытыкавалі ўмовы і папрасілі вярнуць іх дамоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На Віцебшчыне ўзбэцкім фэрмэрам вылучылі зямлю і памяшканьні для жывёлагадоўлі