Як паведаміла польскае выданьне Rzeczpospolita, цяпер у сьпісе 40 971 чалавек.
«Агульная колькасьць іншаземных грамадзян, чыё знаходжаньне на тэрыторыі Рэспублікі Польшча лічыцца непажаданым, — 40 971 чалавек. У пэрыяд з 1 студзеня па 30 верасьня сёлета ў сьпіс былі ўключаныя 19 738 асобаў», — працытавала выданьне Катажыну Сівак, якая прадстаўляе Ўправу ў справах іншаземцаў.
Паводле яе, цяпер у сьпісе 14 300 украінцаў, больш за 4000 грузінаў, 3500 расейцаў і 2300 беларусаў.
Згодна з інфармацыяй выданьня, сёлета Польшча выправадзіла з сваёй тэрыторыі 2500 іншаземцаў, у тым ліку 1420 грамадзян Украіны. У той жа час Rzeczpospolita не ўдакладняе, колькі было беларусаў сярод дэпартаваных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Беларусь для Польшчы важнейшая за Ўкраіну». Былы віцэ-міністар польскага МЗС тлумачыць, чамуЗа што можна трапіць у лік непажаданых асобаў
У рэестар асобаў, чыё знаходжаньне ў Польшчы лічыцца непажаданым, уваходзяць іншаземцы, якія парушылі закон. Сярод іх тыя, хто ўчыніў злачынствы ці знаходзіцца ў вышуку ў Эўропе і іншых рэгіёнах, асобы, якія ня маюць дзейных візаў, якія працуюць або засталіся ў Польшчы нелегальна, нягледзячы на афіцыйныя патрабаваньні пакінуць краіну, хто ўчыняў крадзяжы, у тым ліку паліва на запраўках, шматкроць парушаў правілы дарожнага руху, выкарыстоўваў скрадзеныя рэгістрацыйныя нумары і гэтак далей.
Паводле ўладаў Польшчы, сьпіс «непажаданых» асобаў пашыраецца, бо выяўляюць усё больш людзей, якія дапускаюць парушэньні або дзейнічаюць насуперак закону.
Сьпіс іншаземцаў, знаходжаньне якіх у Польшчы непажаданае, вядзе Ўправа ў справах іншаземцаў. Запісы ў гэты пералік уносяць па хадайніцтве кіраўнікоў розных службаў — паліцыі, памежнай службы, Агенцтва ўнутранай бясьпекі, Агенцтва вонкавай выведкі, Нацыянальнай падатковай адміністрацыі, міністра нацыянальнай абароны або міністра замежных справаў.