У Магілёве чулі гукі баявога дрона і выбух. Што пішуць у сацыяльных сетках, што гавораць улады і ўкраінскія каналы

Магілёў. Ілюстрацыйнае фота

Карыстальнікі сацыяльнай сеткі Threads абмяркоўваюць дзіўныя гукі і выбліск, якія яны чулі і бачылі ўначы 29 кастрычніка над Магілёвам.

Паводле карыстальнікаў, гэта адбылося паміж поўначчу і першай гадзінай начы ў раёне вуліцы Чалюскінцаў — вялікай прамыслова-жылой магістралі, што зьвязвае цэнтар гораду з выездам у кірунку Бабруйску.

Некаторыя карыстальнікі паведамлялі, што бачылі на месцы выбуху машыны хуткай дапамогі, пажарныя і шмат іншай тэхнікі. Дрон нібыта ўпаў паблізу дзіцячага садку недалёка ад дому № 150а на вуліцы Чалюскінцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дроны з Расеі зноў ляцелі ўздоўж Беларусі. Украінскі корпус, у якім ваююць беларусы, правёў унікальную апэрацыю

Расея безупынна запускае дроны на Ўкраіну ўздоўж мяжы зь Беларусьсю

Украінскія маніторынгавыя каналы паведамлялі, што ўдзень і ўвечары 28 кастрычніка паўзь беларуска-ўкраінскую мяжу рухаліся некалькі групаў рэактыўных дронаў, пачынаючы з 18:09 і да 19:16. Як вынікае з паведамленьняў Паветраных сілаў Украіны, усе яны накіроўваліся ў Чарнігаўскую і Кіеўскую вобласьці, то бок ляцелі ўздоўж участку мяжы ў Гомельскай вобласьці.

Раніцай 29 кастрычніка ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сілаў Украіны адзначылі, што ўначы і раніцай расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 112 дронамі, 40 зь іх былі рэактыўныя, тыпу „шахед“.

Расейцы запускалі дроны зь дзьвюх пляцовак — у Мілераве Растоўскай вобласьці і ў горадзе Арле.

Ад Мілерава да бліжэйшага пункту на мяжы зь Беларусьсю ў раёне сутыку Гомельскай, Бранскай і Чарнігаўскай вобласьцяў — прыблізна 700 кілямэтраў.

Ад Арла да расейска-беларускай мяжы на адрэзку Магілёўскай вобласьці — 330–340 кілямэтраў. Але дроны мусяць ляцець цераз Бранск (там, дарэчы, ёсьць яшчэ адна пляцоўка для запуску дронаў, але сёньня ўначы яе не выкарыстоўвалі. — РС), потым на паўночны захад у бок Смаленскай вобласьці і адтуль — у кірунку Магілёўскай вобласьці.

Тэарэтычна інцыдэнт мог мець месца. Максымальная хуткасьць рэактыўных дронаў „шахед“ сягае 500-600 кілямэтраў на гадзіну, таму з Арла ў Магілёў дрон можа даляцець прыблізна за 50 хвілін, а зь Мілерава (у выпадку, калі бесьпілётнік адхіліўся ад гомельскага кірунку) — за 1 гадзіну 50 хвілін. У абодвух выпадках дронам „шахед“ паліва для гэтага дастаткова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Праблема ня толькі ў рэтрансьлятарах. У Паветраных сілах Украіны расказалі, чаму расейскія дроны ляцяць паўзь мяжу Беларусі

Што кажуць улады Беларусі

Афіцыйныя СМІ нічога не паведамілі пра інцыдэнт у Магілёве, прадстаўнікі ўлады яго таксама не камэнтавалі.

Журналістка выданьня «Люстэрка» як звычайная грамадзянка зьвярнулася ў Магілёўскае абласное ўпраўленьне Міністэрства надзвычайных сытуацыяў (МНС) Беларусі, каб удакладніць, што адбылося.

На «гарачай лініі» ведамства на званок не адказалі, а ў прымальні былі вельмі ляканічныя: «Ня ведаю, ня чула».

На пытаньне, для чаго, паводле сьведкаў, прыяжджалі пажарнікі, якія ўваходзяць у сыстэму МНС, у прымальні зноў паўтарылі: «Ня ведаю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

За содні два беларусы пацярпелі ад дронаў у Бранскай вобласьці Расеі

Што папярэднічала

17 кастрычніка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі чарговы раз заявіў, што Расея выкарыстоўвае рэтрансьлятары ў Беларусі для кіраваньня дронавымі атакамі на Ўкраіну, у тым ліку на яе заходнія і паўночныя вобласьці. Апроч таго, паводле Зяленскага, Расея спрабуе «даціснуць» Беларусь у пытаньні разьмяшчэньня на яе тэрыторыі расейскіх балістычных ракет для ўдараў па заходніх вобласьцях Украіны.

Упершыню інфармацыя аб выкарыстаньні Расеяй рэтрансьлятараў на тэрыторыі Беларусі зьявілася сёлета ў чэрвені. Тады прэзыдэнт Украіны запатрабаваў ад Аляксандра Лукашэнкі іх адключыць. Пазьней украінскія ўлады паведамлялі, што рэтрансьлятары часова спынялі працу, аднак у верасьні ў Кіеве заявілі аб іх новым падключэньні.

Украінскі маніторынгавы канал «єРадар» паведамляў пра чатыры рэтрансьлятары ў Беларусі, якія выкарыстоўвалі для сувязі і кіраваньня расейскімі рэактыўнымі дронамі.

Чаму гэта важна

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць беларускую вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі ва Ўкраіну і абстрэлаў там мірных гарадоў, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

У схемы падтрымкі расейскай агрэсіі цяпер уключаныя шэраг беларускіх прадпрыемстваў у розных сфэрах вытворчасьці.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна бесьперапынна адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі й імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.

Сёлета ў чэрвені й ліпені ўлады і вайсковае кіраўніцтва Беларусі надалей гаварылі аб плянах «калектыўнага Захаду» напасьці на Беларусь і Расею. З адпаведнымі заявамі выступіў міністар абароны Віктар Хрэнін на паседжаньні Рады міністраў абароны краінаў АДКБ у Маскве, а потым і на IV «Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску, дзе ён абвінаваціў эўрапейцаў у «нацысцкім мэнталітэце» і рыхтаваньні да вайны.

Але ўжо ў канцы ліпеня Хрэнін у дакладзе Аляксандру Лукашэнку заявіў пра спакойную вайскова-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і «брак прыкметаў рыхтаваньня да актыўных дзеяньняў з боку суседніх дзяржаваў».

16 жніўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч ужо канстатаваў брак вонкавай пагрозы для Беларусі і аднаўленьне апэратыўных кантактаў з Латвіяй, Літвой і Польшчай.

Расея і Ўкраіна нарошчваюць выкарыстаньне дронаў у вайне. Падчас абстрэлаў сталі часьцейшымі залёты расейскіх і ўкраінскіх дронаў на тэрыторыю Беларусі. Аб гэтых фактах паведамляюць ня ўлады Беларусі, а ўкраінскія маніторынгавыя каналы.

Апроч таго, вядома некалькі выпадкаў, калі расейскія і ўкраінскія дроны з тэрыторыі Беларусі заляталі ў краіны Балтыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскі міністар абароны ў Менску падчас вайны ва Ўкраіне абмеркаваў вайсковую супрацу зь Беларусьсю