Нямецкія спэцслужбы сьцьвярджаюць, што два мужчыны ўдзельнічалі ў плянаваньні сэрыі нападаў на чыгуначную і энэргетычную інфраструктуру ў раёне Нюрнбэргу. Цяпер яны арыштаваныя, піша Die Welt.
Мюнхэнская пракуратура расьсьледуе справу двух беларусаў, гэта выданьню пацьвердзілі крыніцы ў сілавых структурах.
Двое мужчынаў у веку 39 і 50 гадоў падазраюцца ў спробе падпалу каля чыгуначнай каляіны і лініі электраперадачы.
Абодва падазраваныя знаходзяцца пад вартай з пачатку кастрычніка. Мюнхэнская пракуратура адмовілася камэнтаваць паведамленьне іншаму выданьню — Der Spiegel. Паводле зьвестак часопісу, гэта тыя самыя мужчыны, якія знаходзяцца пад сьледзтвам румынскіх органаў бясьпекі. Двое нібыта былі датычныя да падпалу прамысловага парку ў горадзе Брашаў у ноч на 14 верасьня.
Што адбылося?
Румынская выведка ў панядзелак, 26 кастрычніка, заявіла пра выкрыцьцё кантраляванай Расеяй дывэрсійнай сеткі. Сетка, як мяркуецца, адказная за пажар на прамысловай пляцоўцы каля дзяржаўнай зброевай кампаніі.
Паводле зьвестак румынсіх спэцслужбаў, група падпаліла прамысловы аб’ект у цэнтральнай Румыніі ў верасьні. І тады ж пракуратура ў барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю ў Румыніі заяўляла, што патрабуе экстрадыцыі двух беларусаў, арыштаваных у Нямеччыне, а таксама ўкраінца, які ўтрымліваецца ў турме ў Польшчы.