У Беларусі за год зь пераліку зьнік кожны дзясяты прадпрымальнік

Ілюстрацыйны здымак

У краіне працягвае зьніжацца лічба індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэта, зрэшты, не азначае, што ўсе яны завяршаюць сваю дзейнасьць.

На 1 кастрычніка 2026 году ў Беларусі налічваліся 197 588 індывідуальных прадпрымальнікаў. За год іх лік скараціўся на 9,2%, а з пачатку 2026 году — на 3,3%. Пры гэтым разьмеркаваньне прадпрымальнікаў па рэгіёнах прыкметна адрозьніваецца, адзначае Myfin, які прааналізаваў статыстыку Белстату.

Больш за ўсё індывідуальных прадпрымальнікаў зарэгістравана ў Менску — 50 072. Гэта чацьвярціна, або 25,3% ад агульнай лічбы па краіне. А калі браць Менск разам зь Менскай вобласьцю, дык «цэнтралізацыя» краіны яшчэ больш відавочная — на іх прыпадае 42,4% ўсіх ІП краіны.

Пры гэтым з пачатку 2026 году якраз у Менску зьліквідавалі больш за ўсё ІП, лічба зьменшылася адразу на 6,4%.

Дзе больш за ўсё ІП?

Найбуйнейшая галіна гаспадаркі для ІП — «гуртавы і раздробны гандаль; рамонт аўтамабіляў і матацыклаў». У ёй зарэгістравана 66 509 прадпрымальнікаў, або 33,7% ад агульнай лічбы.

На другім месцы транспартная дзейнасьць, складаваньне, паштовая і кур’ерская дзейнасьць — 38 911 ІП (19,7%).

Гандаль і транспарт аб’ядноўваюць больш за палову ўсіх ІП — 53,4%.

Рост за год адбыўся толькі ў транспартнай дзейнасьці, складаваньні, паштовай і кур’ерскай дзейнасьці вырасла на 9,1%, а з пачатку году — на 12,1%.

Абвал адбыўся ў галіне «інфармацыя і сувязь», там лічба прадпрымальнікаў скарацілася на 31,8% за год і на 20,4% з пачатку 2026 году. У прафэсійнай, навуковай і тэхнічнай дзейнасьці зьніжэньне склала 20,3% за год і 12,5% з пачатку году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

З 1 студзеня 2026 году індывідуальныя прадпрымальнікі змогуць толькі гандляваць друкаванымі выданьнямі, але не выпускаць іх

Чаму ІП становіцца менш?

На дынаміку мог паўплываць перагляд правілаў працы прадпрымальнікаў. З 1 студзеня 2026 году ІП могуць працягваць дзейнасьць па ранейшым напрамку толькі калі яна ўключаная ў адмысловы пералік.

Калі ў пераліку яе няма, прадпрымальнік можа зьмяніць накіраваньне або працаваць праз камэрцыйную арганізацыю.

Акрамя таго, зьмяніліся падатковыя правілы. Напрыклад, адзіны падатак з 2026 году прымяняецца да асобнага пераліку відаў дзейнасьці, сярод якіх раздробны гандаль, будаўніцтва, таксі і некаторыя іншыя напрамкі.

Пры гэтым лічба юрыдычных асоб у Беларусі, у адрозьненьне ад ІП, расьце. На 1 кастрычніка іх было 163 630 — на 2,2% больш, чым годам раней.

Такім чынам, адбываецца ня проста скарачэньне колькасьці ІП, а пераразьмеркаваньне: адны кірункі растуць, іншыя прыкметна сьціскаюцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускі бізнэс і прадпрыемствы яшчэ цягам году змогуць увозіць валютную гатоўку «ў валізках»