Улады будуць зьбіраць зьвесткі пра дачнікаў

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі паўстане яшчэ адна група асобаў, якіх запішуць у асобны пералік і будуць кантраляваць.

Урад Беларусі абавязаў садовыя таварыствы, дачныя і гаражныя каапэратывы, а таксама Міністэрства ўнутраных справаў, выканкамы і Нацыянальнае кадастравае агенцтва перадаваць зьвесткі пра землекарыстальнікаў арганізацыям сыстэмы Дзяржаўнай камунальнай маёмасьці.

Пастанова ўступае ў сілу 7 сьнежня 2026 году, а дакумэнт апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Зьбірацца будуць зьвесткі пра выкарыстаньне зямельных участкаў і збудаваньні на іх, правы на якія не зарэгістраваныя ці не патрабуюць дзяржаўнай рэгістрацыі.

Зьвесткі пра ўчастак, якія неабходна перадаваць, уключаюць адрас, плошчу і будынкі, якія на ім стаяць. Пра фізычных асобаў, якія валодаюць лецішчамі, будуць уводзіць у табліцу ПІБ (прозьвішча, імя і імя па бацьку), дату нараджэньня, ідэнтыфікацыйны нумар і грамадзянства. Ад юрыдычных асобаў будуць патрабавацца найменьне, рэгістрацыйны нумар, дата дзяржаўнай рэгістрацыі і ўліковы нумар платніка.

Паводле пастановы, гэтую інфармацыю выкарыстаюць для стварэньня і вядзеньня зямельна-інфармацыйных сыстэмаў.

Нагадаем, што лецішчы досыць часта фігуруюць у сьпісах забранай у палітвязьняў і палітычных уцекачоў маёмасьці. Іх нярэдка арыштоўваюць, а затым спрабуюць прадаць з таргоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лецішча забралі, кватэру забралі, тэлевізар забралі. Размова зь беларусам, у якога дзяржава сканфіскавала амаль ўсё

Пра каго яшчэ будуць зьбіраць зьвесткі ў Беларусі?

Дачнікі сталі толькі адной з групаў, якія трапілі пад нагляд уладаў за апошнія гады. Напрыклад, Міністэрства падаткаў і збораў у чэрвені паведаміла, што будзе зьбіраць больш зьвестак пра беларусаў.

Кампаніі Парку высокіх тэхналёгій, паводле пастановы, будуць перадаваць ведамству зьвесткі аб адкрыцьці і закрыцьці вэрыфікаваных уліковых запісаў беларусаў, замежнікаў і асоб без грамадзянства, якія пастаянна жывуць у краіне, на сваіх плятформах. Гэта павінна быць зроблена не пазьней за 15-ы дзень месяца, наступнага за мінулым кварталам.

Таксама рэзыдэнтаў ПВТ абавязалі раз на год перадаваць у падатковую зьвесткі аб апэрацыях па гэтых акаўнтах, калі іх сума перавысіла 150 тысяч рублёў.

Акрамя гэтага, банкі павінны будуць падаваць зьвесткі пра грашовыя сродкі, пералічаныя фізычнымі асобамі за мяжу.

Акрамя таго, сёлета стала вядома пра тое, што ўлады рыхтуюць стварэньне базы ДНК грамадзянаў, якія выступаюць супраць Лукашэнкі. У сваякоў супрацоўнікаў недзяржаўных рэдакцый, якія вымушана працуюць з-за мяжы Беларусі, сілавікі ўжо некалькі разоў спрабавалі ўзяць узор ДНК. Першыя такія выпадкі былі ў 2024 годзе.

Ініцыятарам геномнага запісу грамадзянаў выступіў Камітэт судовых экспэртызаў. Афіцыйна на гэты крок улады яшчэ не пайшлі, затое неафіцыйна ўжо сталі ствараць падобную базу. Сьведкі і экспэрты, да якіх зьвярталася Свабода, сьцьвярджалі, што дзеля гэтага сілавікі выкарыстоўваюць падман і шантаж.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Генэтычна ненадзейныя. Як у Беларусі ствараюць базу ДНК апанэнтаў рэжыму