Пра ініцыятыву рэгістрацыі ДНК грамадзян Беларусі паведаміў старшыня камітэту судовых экспэртызаў Аляксей Волкаў. Паводле яго, ініцыятыва стварэньня базы ДНК з дадзенымі грамадзян Беларусі пакуль распрацоўваецца, але ўжо знаходзіць падтрымку ў сілавым блёку і дзяржаўных органах.
«Мы не гаворым пра тое, што трэба ўзяць і аднаразова сабраць узоры ДНК ўва ўсёй краіны. Па-першае, гэтая праца, на нашу думку, павінна заняць пэўны пэрыяд: год, два, тры, чатыры — магчыма, у залежнасьці ад катэгорыяў. Нейкія катэгорыі будуць першачарговымі, а для іншых мы можам вызначыць пазьнейшы тэрмін», — зазначыў Волкаў.
Як гэтая ініцыятыва будзе працаваць, калі прыме форму закону і як будуць зьбіраць узоры ДНК, чыноўнік не патлумачыў. Пры гэтым Свабодзе стала вядома, што непублічна базу дадзеных ДНК грамадзян краіны у Беларусі ствараюць ужо як мінімум некалькі гадоў.
«Прыехалі ў вёску і ўзялі сьліну»
Рэдакцыя Свабоды мае інфармацыю як мінмум пра некалькі канкрэтных выпадкаў, калі ў сваякоў супрацоўнікаў недзяржаўных мэдыя, якія вымушана працуюць з-за мяжы Беларусі, сілавікі спрабавалі ўзяць узор ДНК. Першыя такія выпадкі былі ў 2024 годзе.
Журналіст беларускага незалежнага мэдыя ў выгнаньні Мікалай (сапраўднае імя не называем з прычын бясьпекі. — РС) расказаў Свабодзе, што ў ягоных бацькоў бралі аналіз ДНК два гады таму.
«Супраць мяне ініцыявалі палітычна матываваную крымінальную справу. Выклікалі маці ў сьледчы камітэт. Празь нейкі час пасьля гэтага яе зноў выклікалі ў СК для здачы ДНК. Яна тады была за горадам і сказала, што ня можа сама прыехаць. Дык сьледчыя СК прыехалі да яе ў вёску і на месцы ўзялі сьліну. Сказалі яшчэ нешта кшталту: „Калі з вашым сынам нешта здарыцца, так яго лягчэй можна будзе апазнаць“», — расказаў журналіст.
Яшчэ адна супрацоўніца недзяржаўнага беларускага СМІ, якая працягвае працу з-за мяжы, таксама расказала Свабодзе пра падобны выпадак.
«Бацькоў выклікалі ў Сьледчы камітэт пасьля распачатай крымінальнай справы супраць мяне. Сьледчыя сказалі бацькам, што ім патрэбен мой ДНК, але паколькі я жыву за межамі Беларусі, яны возьмуць сьліну ў іх. Калі бацькі спыталі, ці могуць яны адмовіцца ісьці ў Сьледчы камітэт для здачы ДНК, сьледчыя адказалі, што яны ўсё адно возьмуць у іх аналіз», — расказала журналістка. Як і папярэдні суразмоўца, яна ня хоча раскрываць свайго сапраўднага імя з прычын бясьпекі.
ДНК-зьвесткі проста цяпер зьбіраюць ня толькі ў родзічаў незалежных беларускіх журналістаў. Праз гэтую працэдуру праходзяць таксама асуджаныя ў палітычных справах. А ў некаторых выпадках і сваякі палітычных уцекачоў, якія выехалі зь Беларусі.
Пра гэта Свабодзе расказаў юрыст, намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.
«Гэта даволі масавая зьява: аналізы ДНК зьбіраюць у палітзьняволеных, у сваякоў тых, хто зьехаў з Беларусі. Гэта робіцца па-за межамі праўнага рэгуляваньня. Такія зьвесткі паводле закону адносяцца да асабістых, іх забаронена зьбіраць і распаўсюджваць. Ёсьць працэдура збору ўзораў у межах канкрэтнай крымінальнай справы, але яна таксама не выконваецца. Цяпер мы бачым масава, калі ў людзей падманам, ці хлусьнёй, ці з пагрозамі бяруць узоры ДНК для базаў, якія ў істоце незаконныя. За гэта ёсьць крымінальная адказнасьць. Мы ня ведаем, як захоўваюцца і як выкарыстоўваюцца гэтыя зьвесткі. А прыняцьце новага закону — спроба ўзаконіць ужо існую практыку», — даводзіць юрыст.
ДНК (дэзаксырыбануклеінавая кіслата) — гэта свайго кшталту асаблівы штрыхкод чалавека, унікальны адбітак асобы, які зьмяшчаецца ў чалавечых тканках і сьлізістых абалонках — у крыві, валасах, скуры, сьліне і г. д. Звычайна пры зборы ДНК бяруць якраз узор сьліны.
У эўрапейскіх краінах ўсеагульнага абавязку здаваць узоры сваёй ДНК дзяржаўным органам няма. Напрыклад, у Вялікай Брытаніі ў базу ДНК (NDNAD) зьбіраюць узоры ў асуджаных і арыштаваных за пэўныя катэгорыі злачынстваў. Ёсьць падобная сыстэма ў ЗША (CODIS), але там таксама ўзоры ДНК зьбіраюць не ўва ўсіх, а толькі ў асуджаных за цяжкія злачынствы і ў асобных штатах у арыштаваных пэўнай катэгорыі. Гэта дапамагае сілавікам пры раскрыцьці злачынстваў.
У Крымінальным кодэксе Беларусі ёсьць артыкул 203-1: Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных. Пакараньне ў ім да трох гадоў пазбаўленьня волі, калі ідзецца не пра службовую асобу.
«ДНК-дадзеныя можна выкарыстаць як заўгодна»
З словаў юрыста БАЖ Алега Агеева, пакуль незразумела, навошта сілавікам могуць спатрэбіцца ДНК-зьвесткі журналістаў у выгнаньні або палітычных актывістаў. Ён зьвяртае увагу, што калі ў дзяржаве не працуе закон, гэта асабліва небясьпечна.
«Калі няма праўнага рэгуляваньня, толькі яны вырашаюць, як яны будуць выкарыстоўваць гэтыя зьвесткі. У іншых краінах ёсьць такая практыка, але там ёсьць і праўнае рэгуляваньне, ёсьць адказныя органы. А ў Беларусі сілавікі могуць гэта выкарыстоўваць як заўгодна. Людзі ня змогуць ні паскардзіцца, ні абараніцца», — дадае суразмоўца.
Інфармацыю аб тым, што беларускія сілавікі зьбіраюць пробы ДНК у асуджаных у палітычна матываваных крымінальных справах і адміністрацыйна асуджаных за ўдзел у пратэстах 2020 году, у размове з Свабодай пацьвярджае і юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Сьвятлана Галаўнёва.
«Людзі да нас зьвяртаюцца і запытваюць, ці могуць яны адмовіцца ад здачы ДНК. Часьцей за ўсё зьвяртаюцца ці былыя палітзьняволеныя, ці тыя, супраць каго распачалі адміністрацыйныя працэсы ў палітычных справах. У Беларусі пакуль людзі не абавязаныя падаваць гэтыя ўзоры ДНК, гэта робіцца толькі са згоды чалавека. Такая геномная рэгістрацыя — гэта большы кантроль за грамадзтвам. Звычайна ў праўных грамадзтвах вызначаюць групы грамадзян, якія мусяць здаваць свае ўзоры ДНК. Калі татальна абавязаць усіх здаваць такія ДНК-узоры, то гэта ўварваньне ў прыватнае жыцьцё. Да таго ж гэта яшчэ і дорага, гэтыя зьвесткі трэба недзе захоўваць», — кажа юрыстка.
Паводле прадстаўніка аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol Уладзімера Жыгара, узоры ДНК зьбіралі ў Беларусі ў пэўных катэгорыяў грамадзянаў яшчэ да 2020 году. І гэта часам дапамагала ў раскрыцьці рэальных злачынстваў, прыводзіць прыклад Жыгар у размове з Свабодай.
«Я сам прысутнічаў пры такім раскрыцьці злачынства, забойства 20-гадовай даўніны, бо ў матэрыялах крымінальнай справы захоўваўся недакурак. Яго накіравалі на дадатковы аналіз, вызначылі чалавека, які мае да гэтага дачыненьне, і ў выніку забойства было раскрытае», — кажа Ўладзімер Жыгар.
Уладзімер Жыгар сумняецца, што ДНК-базу, калі яна зьявіцца ў Беларусі, змогуць нейкім чынам ужываць для крымінальнага перасьледу з палітычных прычынаў.
«Праблема ў тым, што мы да канца не разумеем, якім будзе гэты закон. Ці можа гэта неяк паўплываць на палітычна матываваныя справы? Хутчэй за ўсё, не. Бо для пачатку палітычных справаў часьцяком не патрэбныя ніякія доказы — усё робіцца на пустым месцы. Таму нейкія складаныя інструмэнты накшталт базы ДНК тут проста непатрэбныя. Тут вельмі важна паглядзець на фінальны, ужо апублікаваны дакумэнт, каб разумець, ад чаго яны адштурхоўваюцца. Асабіста я ня бачу ў гэтым вялікага сэнсу, бо такая праца, у прынцыпе, і так ужо праводзілася», — мяркуе Жыгар.
Калі закон аб стварэньні агульнай базы ДНК грамадзян Беларусі прымуць, ён стане своеасаблівым працягам гісторыі з 2004 году. Тады ў краіне пачаў дзейнічаць закон «Аб дактыляскапічнай рэгістрацыі». Яго некалькі разоў мянялі і ў выніку абавязалі здаваць адбіткі пальцаў амаль усіх дарослых асобаў мужчынскага полу, якія маюць беларускае грамадзянства.
Хваля абавязковай здачы адбіткаў пальцаў распачалася ў Беларусі ў 2008 годзе, пасьля выбуху на сьвяткаваньні 3 ліпеня ў Менску. Сёлета ўвесну здаваць адбіткі пальцаў у Беларусі абавязалі іншаземцаў, якія зьвяртаюцца па часовы дазвол на жыхарства ці падлягаюць дактыляскапіі ў інтарэсах дзяржаўнай бясьпекі. Тое ж самае цяпер датычыць і беларусаў мужчынскага полу ва ўзросьце ад 14 да 75 гадоў, якія стала жывуць за мяжой.
Форум