«Цьвёрды камень унутры». Размова з Галінай Казіміроўскай аб перамозе над цяжкім дыягназам

Галіна Казіміроўская

Што адчувае чалавек, знаходзячыся ў эміграцыі, калі чуе ад лекара дыягназ: «У вас рак вельмі агрэсіўнай формы»? Мы пагаварылі з стваральніцай легендарнага «Вольнага хору», дырыгенткай Галінай Казіміроўскай, якая змагаецца з гэтай безьлітаснай хваробай.


Галіна Казіміроўская ведала, што мае спадчынную схільнасьць да анкалагічнай хваробы і «паламаны» ген, яшчэ шмат гадоў таму, жывучы ў Беларусі. Але страшны дыягназ напаткаў яе ў вымушанай эміграцыі, пасьля пяці цяжкіх гадоў выжываньня.

«Насамрэч увесь час у эміграцыі — гэта змаганьне. Нічога само не даецца ў рукі. Папулярны „Вольны хор“ — гэта агромністыя высілкі, шмат душэўных і фізічных сілаў. І, магчыма, менавіта тое, што я так цікава і няспынна жыла, зашмат на сябе ўзяла, і справакавала мой арганізм. Ёсьць такі выраз у хоры — „галенастоп“. Мае дзеці нават прыдумалі адмысловы „дарожны знак“, калі я ўжо зусім „задыхаюся“ ў працы. Я ня скарджуся, гэта мой выбар, але, напэўна, нельга было столькі ўзваліць на свае плечы: „Вольны хор“, хор „Канкордыя“, музычная школа і шмат іншых праектаў — без выходных. Я ня ведала, што такое адпачынак», — прызнаецца Галіна.

Галіна Казіміроўская падчас размовы са Свабодай, кастрычнік 2026

І дадае, што нават у найцяжэйшыя пэрыяды хваробы, калі ў яе былі «выпады» з актыўнага жыцьця, старалася быць «на сувязі».

Галіна Казіміроўская — вядомая беларуская харавая дырыгентка, кампазытарка, дасьледніца і педагог. Шмат гадоў займаецца адраджэньнем і папулярызацыяй беларускай музычнай спадчыны. У 2004-м скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Яшчэ падчас вучобы стала мастацкай кіраўніцай аматарскага хору Concordia. Гэты калектыў больш за 15 гадоў выконвае разнастайны рэпэртуар — ад барочнай музыкі да сучасных беларускіх твораў, актыўна гастралюе і ўдзельнічае ў міжнародных фэстывалях. У 2020 годзе падчас мірных пратэстаў у Беларусі Галіна Казіміроўская стварыла «Вольны хор». Яго ўдзельнікі зьнянацку зьяўляліся ў гандлёвых цэнтрах, на прыступках філярмоніі, у мэтро і на вуліцах, выконваючы духоўныя і патрыятычныя беларускія песьні. Праз пагрозу крымінальнага перасьледу разам зь сям’ёй яна мусіла зьехаць зь Беларусі ў Польшчу. У Варшаве заснавала і ўзначаліла Беларускую школу мастацтваў імя Міколы Равенскага, дзе дае працу творцам-эмігрантам і далучае беларускіх дзяцей і дарослых да роднай культуры. У пачатку 2026 году ў Галіны Казіміроўскай было выяўлена анкалягічнае захворваньне.

На пытаньне, ці мог паўплываць на імклівае разьвіцьцё хваробы суцэльны стрэс, праблемы, зь якім чалавек сутыкаецца ў эміграцыі, Галіна адказала так:

«Я не люблю ўва ўсім шукаць сэнсы. Кепскія рэчы здараюцца. Гэта генэтычнае захворваньне, у мяне ёсьць сястра, якая вядзе больш роўны, стабільны і спакойны лад жыцьця, і ўсё адно яна захварэла. А хвароба не настолькі вывучаная, каб дакладна казаць, што паўлывала. Мы разумеем, што наша цела вельмі залежыць ад настрою, стрэсу — і можа „паляцець“ усё, што заўгодна. Магчыма, трыгерам стала вельмі стрэсавае эмігранцкае жыцьцё, хоць я тут ужо больш за 5 гадоў.

Праўда, вельмі складана ўсё даецца: дзеці, школы, выжываньне, аплата кватэры, праца, шмат праектаў, увогуле не зьвязаных з грашыма, але я не магу іх не рабіць… Для мяне была адна з найцяжэйшых рэчаў падчас хваробы — што я марную жыцьцё, бессэнсоўна пражываю дні, тыдні. Для мяне такое балючае было гэтае марнаваньне!» — прызнанецца Галіна.

«Хвароба дзесьці побач»

Яна кажа, што тады зразумела — трэба збавіць тэмп. І хоць цяпер ужо няма таго страшэннага дыягназу — рак, Галіна ня можа дазволіць сябе расслабіцца і трымае руку на пульсе.

Галіна Казіміроўская

«Дактары толькі праз 5 гадоў скажуць мне, што я здаровая. Так што гэтая хвароба дзесьці побач, і ты павінна пільнаваць, кантраляваць яе. Мяне яшчэ чакаюць апэрацыі, зараз праходжу імунатэрапію, яшчэ не пачалася нармальная рэабілітацыя. У мяне яшчэ не хапае сілаў.

Але я не магу адмовіцца ад ніводнага з трох праектаў, якія раблю: „Вольны хор“, хор „Канкордыя“ і школа. Ужо маўчу пра сваю дасьледніцкую дзейнасьць. Вельмі спадзявалася, што, пакуль хварэю, займуся кнігай пра Міколу Куліковіча, ужо гатовы ягоны архіў — дзякуй Богу, пасьпела ў сьнежні да хваробы.

(Мікола Шчаглоў-Куліковіч (1893—1969) — беларускі кампазытар, музыказнаўца, этнограф, паэт і дзяяч беларускага руху на эміграцыі. Перад Другой усясьветнай вайной жыў у Менску, быў адным з арганізатараў Тэатру оперы і балету Беларусі, дырыгентам яго сымфанічнага аркестру. Ад 1944 году на эміграцыі ў Нямеччыне, з 1950 году — у ЗША. Заснаваў у Нью-Ёрку беларускі хор, потым кіраваў беларускімі хорамі ў Кліўлендзе і Чыкага. — РС).

Але толькі зараз у мяне галава вяртаецца, я магу ўжо думаць, разважаць, аналізаваць. На жаль, час хваробы быў прамарнаваны, быў суцэльны туман», — шкадуе Галіна.

Яна шчыра прызнаецца, што ніколі раней не зьвяртала ўвагі на сваё здароўе — ні ў Беларусі, ні ў эміграцыі.

«У Варшаве ў мяне не было нават нармальнай страхоўкі, я не зьвярталася нікуды. А сёлета 4 студзеня сама натыкнулася ў сваім целе на штосьці іншароднае, гэта ня зблытаеш ні з чым. Нібыта цьвёрды камень унутры. Калі я знайшла гэтую пухліну, яна была памерам 3 сантымэтры.

Так, трэба праводзіць кантроль, сачыць за здароўем. Але ў маім выпадку агрэсіўнасьць гэтай халеры была на 100%. Гэта азначае, што пухліна сфармавалася за некалькі тыдняў. Умоўна кажучы, я магла б у верасьні прайсьці мамаграфію, нічога не заўважыць, а ў сьнежні пухліна пачала б расьці. Каму як пашанцуе. А яшчэ каму як пашанцуе, дзе яна знаходзіцца, наколькі глыбока. У мяне яна была звонку, наткнуцца было лёгка», — апавядае Галіна.

У яе не было вялікага досьведу і кантакту з дактарамі ў Беларусі, але ў Варшаве ўсё робіцца вельмі хутка. Калі ёсьць падазрэньне на анкалёгію, чалавек зьвяртаецца да свайго сямейнага лекара, і той дае чароўную паперку, дзе напісана лацінскае слова сito. Што азначае — «хутка».

«Без усялякіх накіраваньняў ты можаш пайсьці ў бліжэйшы анкалягічны шпіталь (іх некалькі ў Варшаве). І сапраўды ўсё робіцца вельмі хутка. Усё зьвязанае з гэтай хваробай знаходзіцца ў „дзяржаўных руках“. Можна зрабіць ультрагукавое дасьледаваньне, аналізы ў прыватных мэдычных цэнтрах. Але галоўны аналіз — біяпсію — толькі ў дзяржаўнай установе. Вядома, ёсьць розныя падыходы, можна даведацца пра іх, раіцца, але нельга рабіць ніякіх самастойных рухаў. Ёсьць пратакол паводзінаў. І раю не рабіць нічога, што падказаў чацік GPT. Ніякай самадзейнасьці, бо ўсё вельмі індывідуальна», — расказвае Галіна.

12 сэансаў «белай хіміі», 4 «чырвонай»

Галіна Казіміроўская апавядае, што ў Польшчы яна ня мусіла шукаць ніякага «мэдычнага блату». Вынікі аналізаў зьяўляліся хутка. Калі выявілі пухліну — праверылі ўвесь арганізм, зрабілі МРТ усіх органаў. Найдаўжэй было чакаць вынікаў біяпсіі: 2–3 тыдні, бо дасьледаваньне вельмі складанае. На ўсе аналізы спатрэбіўся месяц.

«А потым быў кансыліюм, калі 10 анколягаў агучваюць твой дыягназ і шляхі, якія яны прапаноўваюць. Ты задаеш пытаньні, размаўляеш. Першая думка была: нейкая кепская штука ўва мне, проста зрабіце апэрацыю, дастаньце, выкіньце! Але ў мяне быў такі від пухліны, што трэба было адразу рабіць агрэсіўную хімію. Раз на тыдзень даюць моцную дозу… Дзень-два быў вельмі цяжкі стан, я ніколі ў жыцьці гэтага не забуду. Ты знаходзісься як быццам па-за жыцьцём. Баліць ўсё: цябе нібыта выкручвае, але недакручвае, ванітуе і як бы недаванітоўвае. Гудзіць галава, яна цяжкая і туманная, баляць усе органы і нэрвы, то халодна, то горача. І так 4-5 дзён.

А потым на 1-2 дні як бы „ўключалася сьвятло“ — хтосьці адпусьціў цябе на зямлю! Неба блакітнае, трава зялёная: ты адчуваеш такое шчасьце дыхаць, нармальна хадзіць, глынаеш паветра. Сілаў, энэргіі мала, але няма гэтага кашмару», — узгадвае першыя «белыя хіміі» Галіна.

Галіна Казіміроўская за раялем

Яна ад пачатку была ня згодная з тым, што польскія лекары пайшлі на «агрэсіўную хімію», а не на апэрацыю. Раілася зь беларускімі, ізраільскімі дактарамі, зь беларусам-анколягам, які цяпер працуе ў Польшчы. Але нарэшце пагадзілася, што гэта быў адзіны шлях: спачатку 12 сэансаў так званай «белай хіміі», а потым яшчэ чатыры «чырвонай».

«„Белыя“ сэансы адразу падзейнічалі, пухліна стала зьмяншацца, але ў лекараў ёсьць пратакол. Пасьля 12 „белых“ былі 4 „чырвоныя хіміі“ — мацнейшыя. Я называла іх „апэроль“ — у прэпарату памаранчавы колер, як у кактэйлю. „Чырвоную хімію“ даюць раз на тры тыдні, бо яна больш ядраная, проста цябе забівае — яна „паклала“ мяне зусім. Гэтыя 4 „чырвоныя хіміі“ забралі ў мяне ўсё лета — я была ў неадэкваце», — прызнаецца Галіна.

Умовы правядзеньня «хіміі» такія: на адзін дзень пацыента кладуць у шпіталь. Палата на 2-3 асобы, зручны ложак са столікам, ёсьць прыбіральня, маленькая кухня. А ўвечары пацыент вяртаецца дадому. Галіне апавядалі, што ў Беларусі на адной кушэтцы могуць сядзець тры чалавекі, якім уводзяць прэпарат, а прыбіральня ў канцы калідору.

Цудоўная доктарка Марыя

У Польшчы прэпараты хворым уводзяць праз адмысловы порт, які ўсталёўваюць пад ключыцу, пад скуру, расказвае Галіна Казіміроўская.

«То бок прэпарат уводзяць не празь вены, якія хаваюцца і псуюцца. Тут „хімія“ ідзе да сваёй цэлі максымальна кароткім шляхам. Гэты порт дагэтуль у маім арганізьме, бо яшчэ працягваецца імунатэрапія. Ты ўваходзіш у кабінэт, табе кажуць: „распрастай плечы“, табе трэба ня скурчыцца, вельмі балюча, калі ўводзяць. Я плакала ад болю, як дзіця.

Першы раз мне не пашанцавала: кепска ўсталявалі гэты порт, я месяц вельмі цярпела ад болю. Думала, што мо так і трэба… У мяне даволі нізкі парог болю, мне баліць, нават калі бяруць з пальца кроў. Мабыць, я не прызначаная для хваробы. Цэлы месяц не магла спаць, на рэпэтыцыях не магла падняць руку», — узгадвае суразмоўца.

Галіна Казіміроўская

Порт Галіне пазьней пераставілі. З выняткам лекара, які перш няўдала яго ўсталяваў, ад усіх астатніх дактароў яна ў захапленьні.

«Мне вельмі падабаецца жанчына-хірург, якая мяне вядзе. Ёсьць яшчэ анколяг-тэрапэўт, мы называем яе Ірэнка, хоць яна ўжо ва ўзросьце. Ірэнка ходзіць на беларускія імпрэзы, вельмі нас падтрымлівае. Нікто ні разу не ўпікнуў мяне, што я ня полька. Вельмі добрае стаўленьне: і тлумачаць, і размаўляюць.

Дзякуй маім сябрам, якія пазнаёмілі мяне з тэрапэўткай зь Беларусі, якая працуе ў звычайнай паліклініцы. Мы называем яе „доктар Марыя“. Яна беларускамоўная, разумная, адказная, проста неймаверная! Калі пачынаецца „хімія“, усе старыя хваробы актывізуюцца. У мяне некалі былі мігрэні, і падчас хіміі яны сталі проста валіць мяне з ног. Марыя прапісала мне таблеткі новага пакаленьня, пільнавала мой арганізм, прызначыла аналізы, якія рэдка робяць. Гэта такая гульня — як у маім дзяцінстве: воўк з кошыкамі ловіць яйкі. Так і тут: наладзіла адно — „ляціць“ другое. Марыя паглыблялася, капалася… Я жадаю кожнаму знайсьці такую цудоўную доктарку Марыю», — гаворыць Галіна.

Суразмоўца расказвае, што ў эміграцыі мае адну апору — дзяцей. Малодшай дачцэ хутка 15, сыну 17. Для яе самы страшным момантам у жыцьці было расказаць пра хваробу дзецям.

«Я спачатку закрылася, нікому не хацела казаць. І калі ўжо зразумела, што не магу ні працаваць, ні аплочваць рахункі, мая найбліжэйшая сяброўка кажа: „Давай шукаць грошы. Як ты будзеш жыць?“ Але для гэтага трэба было ўсім расказаць сваю гісторыю. А я не хацела зваротных сувязяў! Пытаньне „Як у цябе справы?“ мяне ставіла проста ў ступар. Нават мае родныя даведаліся пра хваробу, калі я абвесьціла, што мне патрэбная дапамога (збор для Галіны Казіміроўскай абвяшчалі праз фонд Bysol, толькі за першыя суткі беларусы ахвяравалі ей каля 10 тысяч эўра, агулам удалося сабраць больш за 14 тысяч — РС). Дзеці даволі хутка ўзялі сябе ў рукі — і раптам сталі такімі дарослымі! Мой сын — гэта і бацька, і муж, і ўсё на сьвеце! Ён браў на сябе самыя адказныя функцыі, я нават ня ведала, што ён так умее», — Галіна не хавае эмоцыяў.

Усе побытавыя пытаньні — схадзіць у краму, прыгатаваць ежу, прыбрацца ў доме — ляглі на дзяцей, расказвае яна.

«Яны проста малайчынкі, узялі функцыю бацькоў на сябе. Я спадзяюся, што маральна іх гэта не падкасіла, наадварот, яны сталі мацнейшыя. У нас зь дзецьмі вельмі адкрытыя адносіны. Я ж і накрычаць магла, мяне раздражнялі дробязі, але яны не крыўдавалі», — кажа Казіміроўская.

Пустыя марныя выразы

Галіна прызнаецца, што за час хваробы стала ў добрым сэнсе эгаістычнай. Цяпер вучыцца скіроўваць увагу на сябе.

«Калі чалавек проста захварэў на тыдзень-два — гэта адно. Калі баліць бясконца і не хапае ні цярплівасьці, ні сілаў — табе ўсё да халеры, ты па-за жыцьцём, у нейкім дурдоме. Былі людзі, якія ад ўсяго сэрца хацелі дапамагчы, але мне гэта зараз ня трэба. Гэта складана, і гэта троху разбалянсавала людзей вакол мяне, якія казалі: „Пішы мне ўдзень і ўначы“», — расказвае яна.

Галіна згадвае, як на першую «хімію» паехала на машыне. Пасьля працэдуры зразумела, што «паплыла», сядаць за стырно проста небясьпечна. Пазваніла сябру: «Ратуй!»

Галіна Казіміроўская

«А калі мне пішуць уначы, а я з ложку ўстаць не магу! Я крычу дзецям, і яны мяне ратуюць. За выраз „Усё будзе добра“ я гатовая была забіць! Адкуль вы ведаеце? Я ўчора была на працэдуры, а жанчына, якая апынулася побач, сказала, што падчас хіміі ў яе вырасла новая пухліна. Дактары не даюць гарантыі. Усе анкалягічныя аддзяленьні вельмі дэпрэсіўныя, хоць вонкава ўсё прыгожа. Але тут такі боль! Жанчына прыйшла сюды другі раз, кажа: „За што? Я была тут дзесяць гадоў таму!“ Камусьці словы падтрымкі, пазытыўныя фразы, спачуваньне былі патрэбныя. Мне асабіста — не», — кажа Галіна.

Яна прызнаецца, што пераацэньвала свае сілы падчас хваробы, але хацела хутчэй акрыяць. Прызначала рэпэтыцыі, бо ёй здавалася, што ўжо здольная працаваць. А назаўтра рабілася горш.

«Але людзі ж прыйдуць на рэпэтыцыю! Вядома, лепш было гэтага не рабіць. Гэта мая дурная натура — бегчы і ляцець. У чэрвені ў мяне была першая „чырвоная хімія“. У Варшаву прыехаў хор зь Ляйпцыгу, гэта быў праект з хорам „Канкордыя“ з 2021 году. 65 чалавек на сцэне, я павінна была дырыгаваць. Не змагла адмовіццца. На двары +35, у Доме культуры зламаўся кандыцыянэр. Мяне ніхто ня можа замяніць. Гэта вельмі складана далося, пасьля кожнай рэпэтыцыі я валілася з ног. Вельмі добры атрымаўся канцэрт. Але не такім коштам! Цяпер згадваю: „Якая я дурная!“ Нельга так рабіць. Трэба даць сабе магчымасьць і час хварэць.

Азіраючыся назад, разумею: трэба з галавой папрацаваць, ня лезьці паўсюль, а навучыцца адмаўляць і казаць „Не“. Канца сьвету ня будзе!» — прызнаецца Казіміроўская.

Галіна Казіміроўская

Пакуль у Галіны, як яна кажа, вельмі нізкі «каэфіцыент карыснага дзеяньня», нават схадзіць у краму — гэта справа. Спрабуе зьнізіць звыклыя нагрузкі, плянаваць.

«Я знаёмлюся з сабой наноў, ня ведаю, як я вярнуся да сябе той, якой была раней. Пакуль у галаве я ўсё магу, а цела можа толькі частку — такі дысананс, канфлікт паміж галавой і целам. Я вельмі спадзяюся, што нават калі і вернецца энэргія, у мяне хопіць мазгоў не вярнуцца ў гэты „вэнтылятар“, нельга так жыць! Спадзяюся, у мяне хопіць розуму разьмеркаваць сваё жыцьцё інакш, а ня класьці яго на алтар усяго!» — кажа суразмоўца.

Пераасэнсаваньне прыйшло, калі зімой сталі вядомыя вынікі біяпсіі. Доктарка паведаміла пра дыягназ, і ў Галіны выступілі сьлёзы.

«Яна кажа, што людзі, якія праходзяць праз гэта, — асаблівыя, ім дадзены шанец пераасэнсаваць сваё жыцьцё, калі ты знаходзісься побач са сьмерцю, з болем… Я падумала: няўжо я буду пераасэнсоўваць сваё жыцьцё празь нейкую дурную хваробу? Вядома, доктарка мела рацыю. Я паціху вяртаюся да працы, пачала рэпэтыцыі „Вольнага хору“. Вяртаюся да сябе — нармальнай Галі, якую я ведаю. Але дзеці і дом становяцца пераважнымі. І я вучуся хацець! За гэтыя гады я забылася, што магу хацець. Мне крыху перашкаджае мой пэрфэкцыянізм: я хуткая, не хачу марнаваць час. Але зараз пераасэнсоўваю: ня будзе канца сьвету, калі ты гэтага ня зробіш», — дзеліцца думкамі Галіна.

«Эміграцыя — гэта зло»

Галіна Казіміроўская расказала, як пасьля вымушанай эміграцыі пяць з паловай гадоў здымала зь дзецьмі кватэру ў варшаўскім раёне Макотаў.

«Там ёсьць сучасны квартал, які называюцць „Мордар“ — бо шмат шкляных офісных будынкаў. Усе вуліцы названыя ў гонар герояў кніжак Толкіна, ёсьць вуліца Гэндальфа, напрыклад.

Там усё аднолькавага колеру, нават дэкаратыўныя расьліны сынхронна растуць. Нам зь дзецьмі там не падабалася. У мяне было дзіўнае апраўданьне: мы ж у эміграцыі, а эміграцыя — гэта зло, і нам не павінна быць добра. Утульна мне дома, у Беларусі, дзе ў нас вялікі дом у Астрашыцкім Гарадку, 15 сотак зямлі, а таксама хутар на Нёмане. Мае дзеці ніколі не жылі ў кватэрах. І тое, што мы жылі ў такім сучасным раёне і ў такой супэрсучаснай кватэры, было памылкай. Зноў жа — ня трэба было трываць», — расказвае Галіна.

Так атрымалася, што летам знаёмыя палякі, зь якімі Галіна сябруе больш за 20 гадоў, здавалі кватэру ў іншым, больш традыцыйным варшаўскім раёне Старая Ахота. І яна пераехала.

«Гэта цэнтар, але такі зялёны-зялёны. У нас вялікі балькон. У сучасных раёнах часам шмат дэкаратыўных расьлін, нібыта прыгожа — гартэнзіі, магноліі. А тут высачэзныя ліпы, бярозы і здаравенны дуб, яму гадоў 200. Кватэра вельмі ўтульная, сьветлая, такія захады сонца! І ў мяне і ў дзяцей вырвалася адначасова: „Як тут здорава!“ Усе сябры і знаёмыя ведаюць, што я ненавіжду Варшаву, я пастаянна пра гэта казала. А тут я палюбіла новую Варшаву. Гаспадыня пытаецца: „Якія шторы вам падабаюцца, якая мэбля?“ Мы можам выбіраць! У нас зьявіліся паліцы для кніг! Гэта так клясна!», — расказвае суразмоўца.

Галіна прызнаецца, што хвароба падштурхнула яе зьмяніць лад жыцьця. Раней яна прыходзіла дадому пасьля цяжкай працы толькі начаваць. Яе задавальняў эмігранцкі мінімалізм: ёсьць дах над галавой — і добра.

«Трэба было захварэць на рак, каб зразумець, што мне не падабаецца маё ранейшае жыцьцё настолькі, што я хачу яго зьмяніць. Трэба пакідаць сабе выходныя дні, абмежаваць працоўны час, выстаўляць межы, аддзяляць працу ад сяброўства, сям’ю ад працы. У Беларусі я любіла быць гаспадыняй, любіла гатаваць, але не была „героем Беларусі“ і ратаўніком усёй беларускай культуры — была звычайным чалавекам. Я і ёсьць звычайны чалавек. Я не зьбіраюся займацца толькі хатняй гаспадаркай. Але тут я балянс згубіла, цяпер вяртаю яго. У мяне новае знаёмства з сабой. Я яшчэ ў працэсе выхаду з гэтай хваробы, спадзяюся, што горшае ўжо за сьпінай», — гаворыць Галіна.

І самае галоўнае — Галіна вяртаецца да музыкі. Яна расказвае, што калі захварэла, зьявіўся страх, што яна страціла форму, не сьпяваўшы столькі месяцаў.

Галіна Казіміроўская

«У мяне ніколі не было такога вялікага перапынку ў музыцы — у нашых адносінах зь ёю зь дзяцінства. Музыкай я пачала займацца рана, у 6 гадоў ужо пісала першыя песьні. Калі хварэла, не хацела ствараць музыку, каб яна не была запэцканая аб рак. Зараз я вяртаюся да жыцьця і ўваходжу ў музыку зноў. Музыка — гэта мая рэлігія, Яе Вялікасьць Музыка, і трэба быць чыстай, каб заслужыць яе.

Я толькі пачала дакранацца да клявішаў, штосьці сьпяваць. Але страхі былі — што я ўжо ніколі ня буду здольнай. Спадзяюся, што я ня страціла зь ёю сувязяў.

І яшчэ я хачу разьвеяць міт, што Казіміроўская — вельмі моцны чалавек, проста танк, бо многія ведаюць мяне з 2020-га. Але я звычайны чалавек, магу ператварыцца нават у анучу. Былі моманты, калі я толькі плакала, але не прасіла ў сусьвету дапамогі: толькі дайце роўненька пажыць. Крыўдавала: „За што на мяне звалілася гэтая хвароба?“ Але трэба жыць!» — кажа Галіна Казіміроўская.