«Імя Галіны Казіміроўскай стала для многіх беларусаў сынонімам адвагі. Сёньня Галіна, якая перажыла арышт, допыты, „суткі“ на Акрэсьціна і вымушаную эміграцыю, сутыкнулася з ворагам, якога нельга перамагчы песьняй, — з анкалёгіяй», — піша BySol.
«Вольны хор» пад кіраўніцтвам Галіны загучаў падчас пратэстаў 2020 году. Музыка ў вуснах сьпевакоў стала неад’емным складнікам мірнага пратэсту. Хор зьяўляўся зьнянацку — у гандлёвых цэнтрах ці на прыступках філярмоніі сотні галасоў сьпявалі аб свабодзе. Улады прызналі калектыў «экстрэмісцкім фармаваньнем». Галіна зь дзецьмі мусіла зьехаць у эміграцыю, як і шмат хто з удзельнікаў хору.
Эміграцыя для творчага чалавека — гэта барацьба за права застацца ў прафэсіі. Галіна выбрала складаны шлях: замест таго каб асымілявацца і забыцца пра мінулае, яна пачала ствараць «сваю Беларусь па-за Беларусьсю». У Варшаве яна адкрыла школу мастацтваў, каб даць калегам кваліфікаваную працу, а дзяцей і дарослых аб’яднала ў любові да мастацтва і беларускай культуры. Акрамя таго, сам «Вольны хор» працягвае дзейнасьць, даносячы голас беларусаў у розныя куткі Эўропы, — піша BySol.
Даход Галіне прыносілі прыватныя ўрокі вакалу. Але ў пачатку гэтага году ўсё зьмянілася.
Галіна Казіміроўская змагаецца з хваробай, цяпер яна праходзіць курс хіміятэрапіі, наперадзе апэрацыя і яшчэ курсы хімія- і радыятэрапіі.
«Такі шок быў спачатку. У мяне і так вельмі складанае жыцьцё, шмат працавала на выгараньне і чакала нейкай сьветлай паласы, а тут такое. Страшна прымаць такі дыягназ, калі тут няма родных, думкі, з кім, калі што, застануцца дзеці. Я доўга ня верыла ў гэты дыягназ», — расказала Галіна Казіміроўская Свабодзе.
«Толькі нядаўна вырашыла для сабе, што магу зрабіць гэты факт публічным. Доўга не казала пра гэта. У мяне даволі агрэсіўная форма раку, яна патрабуе агрэсіўнага адказу. Таму я праходжу хіміятэрапію штотыдзень. Цалкам яна зойме тры месяцы, потым пачнецца хімія іншага кшталту. Ёсьць „белая“, ёсьць „чырвоная“ хімія. „Чырвоная“ будзе зь перапынкамі на тры тыдні. Гэта вельмі складана. Не пасьпяваю вярнуцца да нармальнага стану. Далей мне плянуюць апэрацыю, але спачатку трэба ўхіліць магчымыя наступствы раку. Потым будзе курс радыятэрапіі. Цалкам такое лячэньне займае год», — расказала Галіна.
За само лячэньне Галіне плаціць ня трэба, яна мае ў Польшчы страхоўку, але выдаткі, якія суправаджаюць хваробу, аказаліся вельмі высокімі: патрэбныя і візыты да прыватных дактароў, і дадатковыя лекі й працэдуры, вітаміны.
«Таму ў гэты момант я ня дам рады, я зайшла ў такі тупік... Спадзяюся, што пасьля апэрацыі змагу працаваць, хутка рэгенэруюся. Але зараз ніяк. Гэтая кватэра — а я ж з дзецьмі тут, 14 і 17 гадоў — яны ходзяць у ліцэй і школу...» — сказала яна Свабодзе.
«Я прыняла новы выклік, дзеці вельмі матывуюць на змаганьне. Хоць я вельмі стамілася ў барацьбе за жыцьцё агулам, але вырашыла змагацца», — кажа Галіна Казіміроўская.
Форум