Гэты дзень у гісторыі
1888 — атрыманы першы патэнт на шарыкавую асадку.
1905 — расейскі імпэратар Мікалай II падпісаў маніфэст «Аб удасканаленьні дзяржаўнага парадку», які дазваляў свабоду слова, сходаў, зьвя́заў і даваў заканадаўчыя паўнамоцтвы Дзяржаўнай думе.
1919 — у газэце «Беларусь» апублікаваны верш Краўцовага Макара «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» пад назвай «Ваяцкі гымн». Пакладзены на музыку кампазытарам Уладзімерам Тэраўскім, ён у 1920 годзе стаў гімнам БНР, вядомым пад назвай «Ваяцкі марш».
Your browser doesn’t support HTML5
Мужчынскі хор «Унія» — Мы выйдзем шчыльнымі радамі
Краўцоў Макар
1921 — афіцыйна адкрыўся Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. На той час ён меў два факультэты — мэдычны і грамадзкіх навук. Быў таксама рабочы факультэт для падрыхтоўкі да ўнівэрсытэцкай адукацыі.
1938 — у ЗША па радыё перадалі пастаноўку навукова-фантастычнага раману Гербэрта Ўэлса «Вайна сьветаў». Гісторыю пра ўварваньне марсіянаў падалі ў форме тэрміновых навінаў і рэпартажаў. Частка слухачоў прыняла выдуманыя паведамленьні за сапраўдныя, што выклікала трывогу і званкі ў паліцыю.
1961 — СССР узарваў над Новай Зямлёй ядзерную бомбу магутнасьцю каля 50 мэгатонаў — у 3 тысячы разоў больш сьмяротную, чым бомба, скінутая на Хірасіму.
1974 — у савецкіх лягерах асуджаныя за палітыку ўпершыню адзначылі Дзень палітвязьня. У лягерах Мардовіі і Пермскай вобласьці, а таксама ва Ўладзімерскай турме вязьні правялі галадоўкі пратэсту. У Маскве ў кватэры Андрэя Сахарава праваабаронцы зладзілі прэсавую канфэрэнцыю. Дата была зьвязаная з прысудам Кроніду Любарскаму — савецкаму дысыдэнту, астрафізыку і праваабаронцу. Акурат у гэты дзень 1972 году яго пакаралі 5 гадамі лягераў за распаўсюд самвыдату. Па вызваленьні яго змусілі эміграваць.
1988 — у Менску адбылося шматтысячнае шэсьце на Дзяды ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Удзельнікі сабраліся каля Ўсходніх могілак і пайшлі да Курапатаў, праўда пра маштабы масавых расстрэлаў, учыненых НКВД, стала вядомай зусім нядаўна. Міліцыя і ўнутраныя войскі разганялі людзей сьлезацечным газам і дручкамі, дзясяткі ўдзельнікаў затрымалі.
З таго часу штогод да 2020 году на Дзяды ладзілі шэсьце і мітынг у Курапатах. У 2020-м шэсьце было жорстка разагнанае.
Як у 1988-м на Дзяды беларусы зладзілі першае масавае шэсьце ў Курапаты
1994 — у Ватыкане падчас нядзельнага звароту да вернікаў на плошчы Сьвятога Пятра папа Рымскі Ян Павал II абвясьціў пра будучае ўзьвядзеньне арцыбіскупа Менска-Магілёўскага Казімера Сьвёнтака ў кардынальскую годнасьць. Урачыстая цырымонія адбылася 26 лістапада таго ж году ў Ватыкане. Сьвёнтак стаў першым кардыналам у гісторыі незалежнай Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Мэлёдыя драўлянай лыжкі». Цікавінкі і неспадзяванкі з кнігі ўспамінаў першага кардынала Беларусі Казіміра Сьвёнтака1995 — у канадзкай правінцыі Квэбэк адбыўся рэфэрэндум пра незалежнасьць. За прагаласавалі 49,42% удзельнікаў, супраць — 50,58%.
У гэты дзень нарадзіліся
1728 — Марцін Пачобут-Адляніцкі, астраном, матэматык, езуіт, рэктар Віленскага ўнівэрсытэту ў 1780–1799 гадах. Больш за сорак гадоў кіраваў Віленскай астранамічнай абсэрваторыяй. Быў сябрам Лёнданскага каралеўскага таварыства і членам-карэспандэнтам Парыскай акадэміі навук.
1871 — Поль Валеры, францускі пісьменьнік
Поль Валеры
1883 — Янка Семашкевіч, каталіцкі сьвятар, пісьменьнік (псэўданім — Янка Быліна). Аўтар паэтычных зборнікаў і рэлігійных твораў на беларускай мове.
1885 — Альбрэхт Антоні Радзівіл, палітык, спрыяў БНР, перадапошні ардынат Нясьвіжа, дзе і пахаваны.
1890 — Міхаіл Урбановіч, культурны дзеяч, пэдагог, каталіцкі сьвятар у ЗША.
1905 — Андрэй Бембель, беларускі скульптар, народны мастак Беларусі.
1936 — Генадзь Цыхун, беларускі мовазнаўца, славіст, доктар філялягічных навук.
Генадзь Цыхун
1943 — Аляксандар Рудкоўскі, беларускі опэрны сьпявак, лірычны тэнар, заслужаны артыст БССР.
1947 — Валянцін Елізар’еў, балетмайстар і харэограф, народны артыст СССР. З 1973 году зьвязаны зь беларускім Тэатрам опэры і балету.
1960 — Дыега Марадона, аргентынскі футбаліст, адзін з найвялікшых гульцоў у гісторыі футболу. У траўні 2018 году Дыега Марадона падпісаў трохгадовы кантракт зь берасьцейскім «Дынама» і стаў старшынём праўленьня клюбу. 16 ліпеня ён прыляцеў у Берасьце, дзе яго ўрачыста правезьлі па стадыёне на адкрытым джыпе, аднак гэтым ягоная дзейнасьць у Беларусі фактычна і абмежавалася.
Марадона ў Берасьці, 16 ліпеня 2018 году
У памяці
1936 — Фэрдынанд Рушчыц, беларуска-польскі мастак
Фердынанд Рушчыц. «Зямля». 1898
1937 — у Маскве расстраляны Аляксандар Крыніцкі, першы сакратар ЦК КПБ (1924–27). Адметна, што ў 1934–1937 гадах ён сам уваходзіў у склад тройкі НКВД у Саратаўскім рэгіёне.