Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: гадавіна «Ночы расстраляных паэтаў»

Памятная імпрэза «Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах, 29 кастрычніка 2019 году
Памятная імпрэза «Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах, 29 кастрычніка 2019 году

Падзеі 29 кастрычніка ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Дата дня

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў Менску, як мяркуецца, ва ўрочышчы Курапаты, савецкая ўлада расстраляла больш за сотню прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, дзяржаўных, культурных дзеячаў і навукоўцаў. Цяпер вядомыя імёны 132 ахвяраў.

Гэтая ноч стала самым трагічным пунктам хвалі маштабных рэпрэсіяў супраць нацыянальнай інтэлігенцыі Беларусі. Хвалі, якая доўжылася з 1929 па 1938 год, мела на мэце зьнішчэньне нацыянальна арыентаваных творцаў, выкладчыкаў, службоўцаў, навукоўцаў і закранула больш за 500 выдатных дзеячаў беларускай культуры. Некалькі соцень чалавек былі высланыя за межы Беларусі, некалькі соцень расстралялі, дзясяткі адпраўленыя ў лягеры і загінулі ў ГУЛАГу.

У 2017 годзе ў Курапатах упершыню правялі памятную імпрэзу «Ноч расстраляных паэтаў».

Ноч расстраляных паэтаў — 2017
Ноч расстраляных паэтаў — 2017

Гэты дзень у гісторыі

1611 — у Варшаве зрынуты маскоўскі цар Васіль IV Шуйскі разам з братамі Дзьмітрыем і Іванам быў вымушаны пакланіцца каралю Рэчы Паспалітай Жыгімонту III Вазу. У ліпені 1610 году войска гетмана Станіслава Жалкеўскага разьбіла маскоўска-швэдзкую армію пад Клушынам на Смаленшчыне. Пасьля паразы маскоўскія баяры зрынулі Шуйскага, пагадзіліся прызнаць новым царом каралевіча Ўладзіслава Вазу, сына Жыгімонта III, і ўпусьцілі войска Рэчы Паспалітай у Маскву. Самога Шуйскага разам з братамі ўзялі ў палон.

1918 — Янка Купала вярнуўся да творчасьці пасьля больш як трохгадовага маўчаньня. У Смаленску ён напісаў вершы «Свайму народу» і «На сход!».

Чужак-дзікун, крывёю ўпіўшысь сьвежай,
Запрог цябе ў няволю, ў батракі
І тваю маці-Бацькаўшчыну рэжа,
Жывую рве на часьці, на кускі.

1939 — Народны сход Заходняй Беларусі, які праходзіў у Беластоку пад кантролем савецкіх уладаў, прыняў дэклярацыю аб уваходжаньні Заходняй Беларусі ў склад БССР.

1942 — нацысты пачалі зьнішчаць гета ў Пінску. Масавыя забойствы працягваліся да 1 лістапада. Загінулі каля 18 тысяч чалавек. Па вайне Саветы зруйнавалі найстарэйшую на землях ВКЛ пінскую сынагогу.

1989 — на Дзяды адбылося шэсьце ў Курапаты, мітынг-рэквіем і ўсталяваньне сямімэтровага Крыжа Пакуты, які быў асьвячоны прадстаўнікамі чатырох хрысьціянскіх цэркваў.

Дзяды, 29 кастрычніка 1989 году. Сярод тых, хто нясе Крыж Пакуты ў Курапаты, — Анатоль Трыпуцін, Андрэй Рамашэўскі, Валер Шчукін, Канстанцін Балашоў, Юры Юхновіч. Фота Ўладзімера Сапагова.
Дзяды, 29 кастрычніка 1989 году. Сярод тых, хто нясе Крыж Пакуты ў Курапаты, — Анатоль Трыпуцін, Андрэй Рамашэўскі, Валер Шчукін, Канстанцін Балашоў, Юры Юхновіч. Фота Ўладзімера Сапагова.

1992 — Вярхоўны Савет адхіліў ініцыятыву БНФ правесьці рэфэрэндуму аб датэрміновых парлямэнцкіх выбарах паводле новага дэмакратычнага закону. За рэфэрэндум выказаліся больш як 384 000 грамадзян Беларусі (пры патрэбных 350 тысячах).

У гэты дзень нарадзіліся

1833 — Цэліна Бажэнцкая (з Хлудзінскіх), ураджэнка Аршаншчыны, каталіцкая рэлігійная дзяячка, заснавальніца жаночай Кангрэгацыі сясьцёр Зьмёртвыхпаўстаньня Пана. Яна дапамагала паўстанцам 1863 году, за што была арыштаваная расейскімі ўладамі. У 2007 годзе Каталіцкая царква абвясьціла яе блаславёнай.

1864 — Антон Ясінскі, гісторык-мэдыявіст і славіст, прафэсар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, ад 1928 году акадэмік Беларускай акадэміі навук, адзін з пачынальнікаў беларускай мэдыявістыкі і славістыкі.

1938 — Янка Саламевіч, беларускі літаратуразнаўца, фальклярыст, бібліёграф, перакладчык.

Янка Саламевіч
Янка Саламевіч

У памяці

1861 — Павал Шпілеўскі, беларускі этнограф, пісьменьнік, публіцыст і тэатральны крытык. Найбольш вядомыя ягоныя працы — «Падарожжа па Палесьсі і Беларускім краі» і «Беларусь у характарыстычных апісаньнях і фантастычных яе казках».

1911 — Джозэф Пулітцэр, амэрыканскі журналіст і выдавец габрэйскага паходжаньня, які ператварыў газэту New York World у адно з найбольш уплывовых выданьняў ЗША. Частку сваёй спадчыны ён ахвяраваў на стварэньне школы журналістыкі пры Калюмбійскім унівэрсытэце і прэміяў за дасягненьні ў журналістыцы, літаратуры і музыцы. Пулітцэраўскія прэміі ўпершыню ўручылі ў 1917 годзе.

Мэдаль Пулітцэраўскай прэміі
Мэдаль Пулітцэраўскай прэміі

1937 — уначы на 30 кастрычніка ў Менску расстралялі 132 чалавек. Біяграфіі каля сарака зь іх дагэтуль невядомыя. Больш як дваццаць чалавек — прадстаўнікі партыйнага кіраўніцтва, чыноўнікі і гаспадарнікі.

І каля паўсотні — літаратары і прадстаўнікі асьветы:

Літаратары і журналісты

  • Якаў Бранштэйн (39 гадоў) — літаратурны крытык, сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР, член-карэспандэнт АН БССР.
  • Віктар Вайноў (33 гады) — журналіст, перад арыштам працаваў на фабрыцы «Камунарка».
  • Анатоль Вольны (34 гады; сапр. Анатоль Ажгірэй) — паэт, празаік, кінадраматург, журналіст, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР.
  • Платон Галавач (34 гады) — пісьменьнік.
  • Алесь Дудар (32 гады; сапр. Аляксандар Дайлідовіч) — паэт, крытык, перакладчык.
  • Хацкель Дунец (40 гадоў) — літаратурны крытык, публіцыст.
  • Міхась Зарэцкі (35 гадоў; сапр. Міхаіл Касянкоў) — празаік, драматург, перакладчык, крытык, загадчык аддзелу літаратуры і мастацтва АН БССР.
  • Прохар Іспраўнікаў (35 гадоў) — журналіст, намесьнік загадчыка сельскагаспадарчага аддзелу газэты «Віцебскі пралетарый».
  • Васіль Каваль (30 гадоў) — празаік.
  • Тодар Кляшторны (34 гады) — паэт, перакладчык.
  • Майсей Кульбак (41 год) — паэт, празаік, драматург, пісаў на ідышы.
  • Саламон Левін (25 гадоў) — літаратурны крытык, выкладчык літаратуры.
  • Юрка Лявонны (29 гадоў; сапр. Леанід Юркевіч) — паэт.
  • Валеры Маракоў (28 гадоў) — паэт, перакладчык.
  • Міхась Чарот (40 гадоў; сапр. Міхась Кудзелька) — паэт, драматург, празаік, рэдактар, грамадзкі дзеяч.
  • Сяргей Мурзо (каля 25 гадоў) — паэт, настаўнік.
  • Янка Нёманскі (47 гадоў; сапр. Іван Пятровіч) — празаік, публіцыст, эканаміст, грамадзкі дзеяч.
  • Залман Півавараў (27 гадоў) — паэт, перакладчык.
  • Васіль Сташэўскі (42 гады) — празаік, драматург, пэдагог.
  • Юлі Таўбін (26 гадоў) — паэт, перакладчык.
  • Ізі Харык (41 год) — паэт, пісаў на ідышы, сябра Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.
  • Пятро Хатулёў (25 гадоў) — літаратурны крытык.
  • Макар Шалай (31 год) — літаратурны крытык.
  • Павал Шастакоў (48 гадоў) — рэдактар, журналіст, пэдагог, дзяржаўны дзеяч.
  • Арон Юдэльсон (30 гадоў) — паэт, нарысіст, перакладчык, пісаў на ідышы, працаваў на Беларускім радыё.

Прадстаўнікі асьветы

  • Мікалай Арабей (каля 38 гадоў) — загадчык аддзелу школ і навукі ЦК КП(б)Б.
  • Ігнат Афанасьеў (49 гадоў) — пэдагог, выкладчык Менскага беларускага пэдагагічнага тэхнікуму.
  • Вадзім Башкевіч (33 гады) — начальнік Управы вышэйшай школы Народнага камісарыяту асьветы БССР.
  • Аляксандар Варончанка (32 гады) — дзяржаўны дзеяч, народны камісар асьветы БССР.
  • Ёсіф Гершон (37 гадоў) — намесьнік народнага камісара асьветы БССР.
  • Анані Дзякаў (41 год) — пэдагог, дзяржаўны дзеяч, рэктар БДУ ў 1934–1935 гадах.
  • Іван Жывуцкі (25 гадоў) — пэдагог, настаўнік сярэдняй школы ў Заслаўі.
  • Навум Замалін (каля 32 гадоў) — пэдагог, дацэнт Віцебскага вэтэрынарнага інстытуту.
  • Язэп Каранеўскі (49 гадоў) — дзяржаўны дзеяч, пэдагог, публіцыст, рэктар БДУ ў 1929–1931 гадах, правадзейны сябра Інстытуту беларускай культуры.
  • Іван Карпенка (каля 32 гадоў) — навуковец, загадчык лябараторыі Віцебскай вэтэрынарнай станцыі.
  • Аляксей Кучынскі (45 гадоў) — пэдагог, рэдактар, грамадзкі і дзяржаўны дзеяч, выконваў абавязкі рэктара БДУ з 1936 году да арышту ў 1937-м.
  • Саламон Лямперт (21 год) — студэнт 5-га курсу гістарычнага факультэту БДУ.
  • Элізар Мазель (каля 42 гадоў) — навуковец, намесьнік дырэктара па навуковай працы Віцебскай навукова-дасьледчай вэтэрынарнай станцыі.
  • Сьцяпан Маргелаў (35 гадоў) — географ, эканаміст, загадчык сэкцыі геаграфіі Інстытуту эканомікі АН БССР.
  • Павал Мухін (каля 30 гадоў) — навуковец, загадчык лябараторыі Віцебскай навукова-дасьледчай вэтэрынарнай станцыі.
  • Рыгор Пратасеня (каля 38 гадоў) — навуковец-аграхімік, загадчык аддзелу Інстытуту аграглебазнаўства.
  • Міхаіл Рыдзеўскі (51 год) — пэдагог, загадчык навучальнай часткі Менскага пэдагагічнага інстытуту.
  • Якаў Сандамірскі (каля 35 гадоў) — пэдагог, загадчык катэдры Віцебскага вэтэрынарнага інстытуту.
  • Дзьмітры Сялоў (41 год) — начальнік плянава-фінансавага ўпраўленьня Народнага камісарыяту асьветы БССР.
  • Панцялей Сярдзюк (каля 30 гадоў) — загадчык лябараторыі біяфабрыкі № 5 у Віцебску.
  • Яўген Усьпенскі (46 гадоў) — фізык, пэдагог, грамадзкі дзеяч.
  • Аляксандар Чарнушэвіч (каля 38 гадоў) — дзяржаўны дзеяч, народны камісар асьветы БССР у 1933–1936 гадах.
«Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах, 29 кастрычніка 2019 году
«Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах, 29 кастрычніка 2019 году

1973 — Васіль Мачульскі, беларускі літаратуразнаўца.

2006 — Мікола Канаш, вязень ГУЛАГу, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст. У 1948 годзе быў арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў зьняволеньня. Адбываў пакараньне ў Інце, дзе пазнаёміўся з Ларысай Геніюш. Пасьля вызваленьня доўгі час ня меў магчымасьці вярнуцца ў Беларусь і толькі ў 1973 годзе пераехаў у Жлобін. У апошнія дзесяцігодзьдзі жыцьця падтрымліваў беларускі нацыянальна-дэмакратычны рух.

2017 — Георгі Паплаўскі, народны мастак Беларусі, акадэмік.

2020 — Міхаіл Вінаградаў, беларускі архітэктар, адзін з аўтараў будынкаў Нацыянальнай бібліятэкі і помніка Францыску Скарыну побач, новага чыгуначнага вакзалу ў Менску і шматлікіх іншых пабудоў.


Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG