«Узрушвае падтрымка беларусаў». Былы палітвязень Дзьмітры Кучук, які прасіў дапамогі, набыў бус і зьяжджае з прытулку

Дзьмітры Кучук, студзень 2026 году

Былы палітзьняволены Дзьмітры Кучук папрасіў ад 27 кастрычніка спыніць збор сродкаў для яго, абвешчаны два тыдні таму. Дзьмітры патлумачыў Свабодзе прынятае рашэньне тым, што сабраў дастаткова грошай для разьвязаньня часовых праблемаў з жытлом. На дапамогу ён прасіў сабраць 2800 эўра.

«На сёньня мне сабралі больш за 2200 эўра. Падлічыў, што гэтага будзе дастаткова на пару месяцаў арэнды новага жыльля і на ежу. Але я не адзіны, хто мае патрэбу ў такой дапамозе праз сайт BySol, там мусіць быць ратацыя. Мне ж дастаткова, далей спадзяюся на ўласны бізнэс, таму напісаў заяву аб спыненьні збору. А ўсім, хто мне дапамог сваімі сродкамі, вельмі ўдзячны. Убачыў пэўную падтрымку ад беларусаў, яна сапраўды ўзрушвае», — сказаў Дзьмітый Кучук.

Дзьмітрый Кучук ужо год як жыве ў Вільні. Сёлета ён распачаў уласны бізнэс: ягоная фірма Waste Line занялася зборам старой бытавой тэхнікі і сьмецьця, каб здаваць на ўтылізацыю. Але працаваць на літоўскім рынку збору адкідаў аказалася няпроста, Кучук сутыкнуўся зь фінансавымі цяжкасьцямі.

«У мяне не было пачатковага капіталу, а выдаткі наваліліся вялікія. На тую ж арэнду транспарту, безь якога немагчымы збор адкідаў, ішла значная частка заробленых грошай, а яшчэ трэба плаціць падаткі. Праз гэта ў канцы верасьня мусіў зьехаць з былой кватэры ў прытулак», — тлумачыў Дзьмітры Кучук, чаму BySol абвясьціў для яго збор фінансавай дапамогі.

З таго часу Дзьмітры змог вырашыць адну з найважнейшых для бізнэсу праблемаў — ён знайшоў сродкі і купіў мікрааўтобус, які ўжо выкарыстоўвае для збору адкідаў.

«Прыйшоў на дапамогу адзін польскі бізнэсовец: даў у крэдыт на год грошы, і бус цяпер мой. Гэта дапаможа скараціць выдаткі. Бус ужо ў працы», — паведаміў Дзьмітры Кучук.

Паводле Кучука, яму таксама дапамаглі аднадумцы зь беларускай партыі «Зялёныя», а яшчэ ахвяраваньні яму пералічылі экалягічныя актывісты сумеснага з швэдзкімі «зялёнымі» экалягічнага праекту «Паглыблены дыялёг», якія працуюць у Вільні.

«Узрушвае такая падтрымка, прычым ня толькі грашовая, але і маральная: мне званілі і пісалі словы салідарнасьці вельмі шмат людзей, нават з Амэрыкі былі лісты», — кажа Дзьмітрый Кучук.

30 кастрычніка ў Кучука заканчваецца тэрмін дамовы аб жыхарстве ў шэлтэры «Краіна для жыцьця», куды ён перабраўся, каб эканоміць. Былы палітзьняволены кажа, што ўжо вызначыўся з новым жытлом і неўзабаве туды пераедзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Варшаве прэзэнтавалі кнігу «Архіпэляг Беларусь» зь сьведчаньнямі былых палітвязьняў

Увогуле пра месяц, праведзены ў прытулку, Дзьмітрый Кукук адгукаецца зь вялікай удзячнасьцю. Паводле былога палітвязьня, удалося ня толькі эканоміць грошы, але і абзавесьціся карыснымі знаёмствамі.

«Там добрая атмасфэра. А наш беларус, у якога была СТА ў Менску, дапамог з выбарам буса і ацэнкай ягонага стану. Цяпер заключаем з гэтым чалавекам дамову на далейшае тэхнічнае абслугоўваньне машыны», — паведаміў Дзьмітры Кучук.

Паводле былога палітвязьня, беларуская салідарнасьць, якую ён адчуў, калі сутыкнуўся з жыцьцёвымі цяжкасьцямі, дапамагае таксама захоўваць душэўную раўнавагу і аптымістычны настрой.

«У эміграцыі вельмі важна адчуваць сябе карысным, патрэбным людзям. Зьяўляюцца сілы ня толькі для працы, але і для грамадзкай актыўнасьці», — тлумачыць лідэр зьліквідаванай уладамі Беларусі партыі «Зялёныя», якая і ў эміграцыі працягвае дзейнасьць.

Перасьлед Дзьмітрыя Кучука

Дзьмітры Кучук быў затрыманы ў Менску 16 лютага 2024 году, пасьля таго, як публічна спрабаваў ушанаваць памяць памерлага ў вязьніцы расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага.

У сьнежні таго ж году Кучука асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з артыкулам 342 — пра ўдзел у «дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».

Актывіст адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 9 у Горках, адкуль быў вызвалены 11 верасьня 2025 году і разам зь яшчэ 50 былымі палітвязьнямі прымусова вывезены ў Літву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Былы старшыня партыі «Зялёныя» перасяліўся ў прытулак і зьвярнуўся да беларусаў па грашовую дапамогу