Фонд салідарнасьці BySol пачаў збор у падтрымку былога палітвязьня Дзьмітрыя Кучука, які просіць сабраць яму 2800 эўра, каб часова вырашыць жыльлёвую праблему і выратаваць бізнэс.
«Так, зьмяніў месца жыхарства. Цяпер жыву ў шэлтэры „Краіна для жыцьця“. Прасіўся сюды на 2–3 месяцы, але дазволілі толькі на адзін, таму і вымушаны абвесьціць збор на дапамогу», — паведаміў Свабодзе былы палітзьняволены і экс-старшыня партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук.
Ён кажа, што мусіў зьехаць з арандаванай кватэры, бо прыбытку, які прыносіць бізнэс, не хапае на пражыцьцё, а грашовая дапамога, якую атрымаў пасьля вызваленьня зь вязьніцы, закончылася.
Працэс легалізацыі ў Літве, атрыманьне ўсіх патрэбных дакумэнтаў у Дзьмітрыя Кучука зацягнуліся на 7 месяцаў.
«У гэты час ня мог працаваць», — заўважае Дзьмітры.
Пры гэтым ён адзначае, што ўдалося зарэгістраваць сваю фірму, якая завецца Waste line, і нарэшце пачаць працу. Дзьмітры займаецца зборам і вывазам для ўтылізацыі старой бытавой тэхнікі. Але кажа, што працаваць на літоўскім сьмецьцевым рынку нялёгка, прыбытку пакуль недастаткова, каб далей аплочваць арэнду жытла і разьвіваць бізнэс, а першапачатковага капіталу, зь якім лепш пачынаць усякі бізнэс, у яго не было. Таму Дзьмітры Кучук праз фонд салідарнасьці BySol просіць аб зборы 2800 эўра.
Які ў прадпрымальніка бізнэс-плян?
Былы палітвязень кажа, што мае плян на будучыя некалькі месяцаў, які, як ён спадзяецца, дапаможа пераадолець узьніклыя цяжкасьці.
«Не давядзецца траціць грошы на арэнду жытла, а сродкі, якія дасьць збор, пойдуць на набыцьцё ў лізінг мікрааўтобуса. У гэтым дапамогу паабяцаў беларус, які працуе ў Польшчы. Пакуль я арандую бус тут, на ім сам і працую. Але гэта дастаткова дорага. А лізінг транспарту дазволіць скараціць выдаткі. Тымчасам буду намагацца атрымаць сэртыфікат, які дапаможа праз конкурс налета атрымаць частковую кампэнсацыю за выдаткі на збор бытавога сьмецьця і адкідаў. Мяркую, усё атрымаецца», — раскрыў свае пляны Дзьмітры Кучук.
Былы палітвязень дадаў, што заняўся ў Літве тым жа бізнэсам, як і ў Беларусі, таму асноўныя сакрэты справы ведае.
«Пры гэтым тут менш праверак і большая дапамога з боку дзяржавы пачаткоўцам, але і канкурэнцыя вялікая», — адзначыў экс-беларускі бізнэсоўца.
Дзьмітры Кучук расказаў і пра сваю грамадзкую актыўнасьць на пасадах старшыні зьліквідаванай у Беларусі партыі «Зялёныя» і дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай у экалягічных пытаньнях. Але за гэта ніякіх грошай ён не атрымлівае, запэўніў Кучук.
«Гэта ўсё на грамадзкіх асновах. Нават па грашовую дапамогу ў офіс я не зьвяртаўся, бо гэта мая асабістая справа. Спраўлюся!», — мяркуе Дзьмітры Кучук.
Свой псыхалягічны стан Дзьмітры назваў «спакойным і роўным». Умовы, у якіх цяпер жыве Дзьмітры Кучук у прытулку, ён назваў прыстойнымі.
«У пакоі тры чалавекі. Ёсьць душ, кухня. Ёсьць харчы і адзеньне, калі камусьці не хапае. Тут спакойная і дружалюбная атмасфэра, з тымі, хто жыве тут у мяне склаліся добрыя адносіны. Насамрэч тут вельмі прыстойна. Адчуваецца і тут, што беларусы — салідарныя людзі, нікога ў бядзе не пакінуць», — сказаў Дзьмітры Кучук пра цяперашняе жыцьцё ў шэлтэры.
Перасьлед Дзьмітрыя Кучука
Дзьмітры Кучук быў затрыманы ў Менску 16 лютага 2024 году, пасьля таго, як публічна спрабаваў ушанаваць памяць памерлага ў вязьніцы расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага.
У сьнежні таго ж году Кучука асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з артыкулам 342 — пра ўдзел у «дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
Актывіст адбываў пакараньне ў ПК № 9 у Горках, адкуль быў вызвалены 11 верасьня 2025 году і разам зь яшчэ 50 былымі палітвязьнямі прымусова вывезены ў Літву.
Форум