Так Пшыдач падчас канфэрэнцыі «Польская ўсходняя палітыка» ва Ўроцлаве пракамэнтаваў Радыё Свабода зварот групы былых беларускіх палітвязьняў да эўрапейскіх лідэраў з заклікам больш актыўна дамагацца вызваленьня палітычных зьняволеных у Беларусі.
«Безумоўна, пытаньне палітычных зьняволеных надзвычай важнае, і трэба рабіць усё магчымае праз дыпляматычныя дзеяньні, каб вызваляць гэтых людзей. І тут Польшча зрабіла вельмі шмат, бо дзякуючы нашым добрым кантактам з амэрыканскай адміністрацыяй нам удалося пераканаць амэрыканцаў далучыцца да працы ў гэтым кірунку і дамагчыся вызваленьня, сярод іншага, Анджэя Пачобута, але і многіх іншых. Вядома, амэрыканцы таксама дзейнічалі ў межах уласных інтарэсаў», — сказаў Пшыдач.
Паводле яго, эўрапейская дыпляматыя таксама павінна актывізаваць дзейнасьць у справе беларускіх палітвязьняў.
«Аднак сёньня я ня бачу прычын для таго, каб зьмяняць санкцыйную палітыку, хіба што ўлады Беларусі сапраўды пачнуць мяняць сваю ўнутраную і міжнародную палітыку. На гэты момант я ня бачу з боку Менску такой далёкасяжнай гатоўнасьці». — сказаў прадстаўнік прэзыдэнта Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Група колішніх палітвязьняў Беларусі заклікала Эўразьвяз больш актыўна ўплываць на працэс вызваленьня зьняволеныхПра беларускі калій і санкцыі
Адказваючы на пытаньне Свабоды пра магчымасьць аднавіць экспарт беларускіх калійных угнаеньняў праз Эўразьвяз, каб Беларусь у выніку плаціла грошы не Расеі, а партам у Польшчы і краінах Балтыі, Пшыдач заявіў, што Польшча не падтрымлівае далёкасяжнай лібэралізацыі эканамічных адносінаў зь Беларусьсю.
«Нават калі гэтыя ўгнаеньні ідуць праз Расею, то яны прыносяць беларускаму рэжыму меншыя прыбыткі і яны менш канкурэнтаздольныя на міжнародных рынках. Гэта стварае пэўныя цяжкасьці для ўладаў у Менску. Бо санкцыі — не самамэта. Прынамсі, гаворка не пра тое, каб уводзіць санкцыі проста дзеля самых санкцыяў. Іх мэтай было прымусіць Беларусь да пэўных зьменаў у палітыцы».
На ўдакладняльнае пытаньне Свабоды, ці азначае гэта, што Польшча не павінна дапамагаць ЗША ў аднаўленьні гандлю зь Беларусьсю, у тым ліку ў пытаньні беларускіх угнаеньняў, Пшыдач адказаў:
«Калі амэрыканцы плянуюць нейкія зьмены ў гандлёвай сфэры, то я буду ставіцца да гэтага крытычна. Нельга адным тэлефонным званком, нават з боку самага ўплывовага палітыка, дыплямата, чыноўніка ці журналіста, зьмяніць палітыку іншых дзяржаваў. Трэба глядзець на ўсё праз прызму ўласных інтарэсаў і ўзважваць розныя аргумэнты».
«Цана нармалізацыі адносін з Захадам не была для Лукашэнкі празьмерна высокай»
Пшыдач назваў сябе прыхільнікам жорсткага курсу ў дачыненьні да Беларусі і нагадаў, што Беларусь мела шанец нармалізаваць адносіны з Польшчай.
«Цана гэтага для Беларусі не была нейкай празьмерна высокай. Мы чакалі вельмі відавочных рэчаў: каб не перасьледавалі апазыцыю, каб ствараліся ўмовы для рэалізацыі свабоды слова, мы хацелі, каб не перасьледавалі польскую меншасьць. Ніводная з гэтых умоваў Аляксандрам Лукашэнкам не была выкананая. Таму сёньня няма прычын, каб Польшча зьмяняла сваю палітыку».
На думку прадстаўніка канцылярыі прэзыдэнта Польшчы, санкцыі часткова дасягнулі сваёй мэты, бо стварылі інструмэнты, якія цяпер могуць выкарыстоўвацца ў перамовах з уладамі Беларусі.
«Для таго каб сёньня можна было размаўляць пра магчымае пацяпленьне, трэба было мець нейкі зыходны пункт. І каб амэрыканцы сёньня маглі размаўляць, напрыклад, пра вызваленьне палітвязьняў у абмен на зьняцьце санкцыяў зь „Белавія“, спачатку „Белавія“ павінна была трапіць пад гэтыя санкцыі». — сказаў польскі палітык.
Пшыдач таксама прыгадаў ранейшыя спробы Варшавы праводзіць мякчэйшую палітыку стасоўна Менску.
«Асабіста я памятаю пэрыяд, калі спрабавалі праводзіць крыху мякчэйшую палітыку ў дачыненьні да Беларусі. Тады гэта прынесла некалькі пазытыўных вынікаў. Думаю, палякам, якія жылі ў Беларусі, у той час жылося крыху лягчэй. Польскія могілкі аднаўляліся, школы больш-менш працавалі. Але Аляксандар Лукашэнка выбраў іншы шлях і распачаў ня толькі брутальны ўціск уласных грамадзян. Польшча тады адрэагавала адпаведным чынам, увёўшы санкцыі. Я добра гэта памятаю, бо сам адказваў у Варшаве за рыхтаваньне гэтых санкцыйных пакетаў. І рэч была ўжо ня толькі ў дзеяньнях супраць уласных грамадзян — была распачатая гібрыдная апэрацыя, фактычна апэрацыя агрэсіі супраць Польшчы на польска-беларускай мяжы».
Паводле Пшыдача, цяпер ён выступае за захаваньне жорсткага курсу ў дачыненьні да ўладаў Беларусі. Ён таксама скептычна ацаніў мэханізм вызваленьня палітвязьняў у выніку перамоваў паміж Вашынгтонам і Менскам.
«Амэрыканцы сапраўды вядуць нейкі дыялёг. Пакуль ён адбываецца на ўзроўні абмену зьняволенымі ці вызваленьня зьняволеных. Гэта выглядае так: Лукашэнка выпускае некалькі дзясяткаў вязьняў, а на наступны дзень затрымлівае новых. І такім чынам увесь час захоўвае гэтую „валюту“, якой можа гандляваць».
«Эўрапейцы зусім не абавязаныя ісьці за амэрыканцамі»
Пшыдач падкрэсьліў, што нават калі Вашынгтон будзе далей зьмякчаць частку абмежаваньняў супраць Беларусі, гэта не азначае аўтаматычнай зьмены палітыкі Эўразьвязу.
«Трэба памятаць, што ўсё гэта ў пэўнай ступені ўзаемазьвязана. Нават калі амэрыканцы нешта прапануюць, эўрапейцы зусім не абавязаныя ісьці за імі. І сёньня сытуацыя такая, што нават пасьля зьняцьця пэўных санкцыяў некаторыя рэчы ўсё адно немагчыма зрабіць, бо яны залежаць ад Эўропы, ад нас, ад Эўрапейскага Зьвязу, ад Польшчы і ад нашага голасу, а ня толькі ад голасу Вашынгтону».
На пытаньне Свабоды, ці спрабавала адміністрацыя ЗША схіліць Польшчу да зьмены палітыкі стасоўна Беларусі, Пшыдач адказаў адмоўна.
«Не, з намі пра гэта не размаўлялі. Амэрыканцы ніколі ня ціснулі на нас у пытаньні Беларусі. Пра Беларусь, пра беларускі рэжым прэзыдэнт размаўляў 3 верасьня мінулага году ў кантэксьце Анджэя Пачобута. Тады ён папрасіў прэзыдэнта Трампа дапамагчы вызваліць Анджэя Пачобута. Мы радыя, што дзякуючы гэтаму беспасярэдняму ўдзелу амэрыканскай адміністрацыі і дыпляматыі ўдалося вызваліць нашага героя. Думаю, гэта пазытыўны вынік. У іншых пытаньнях ніякага ціску не было».