Дата дня
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў Менску, як мяркуецца, ва ўрочышчы Курапаты, савецкая ўлада расстраляла больш за сотню прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, дзяржаўных, культурных дзеячаў і навукоўцаў. Цяпер вядомыя імёны 132 ахвяраў.
Гэтая ноч стала самым трагічным пунктам хвалі маштабных рэпрэсіяў супраць нацыянальнай інтэлігенцыі Беларусі. Хвалі, якая доўжылася з 1929 па 1938 год, мела на мэце зьнішчэньне нацыянальна арыентаваных творцаў, выкладчыкаў, службоўцаў, навукоўцаў і закранула больш за 500 выдатных дзеячаў беларускай культуры. Некалькі соцень чалавек былі высланыя за межы Беларусі, некалькі соцень расстралялі, дзясяткі адпраўленыя ў лягеры і загінулі ў ГУЛАГу.
У 2017 годзе ў Курапатах упершыню правялі памятную імпрэзу «Ноч расстраляных паэтаў».
Ноч расстраляных паэтаў — 2017
Гэты дзень у гісторыі
1611 — у Варшаве зрынуты маскоўскі цар Васіль IV Шуйскі разам з братамі Дзьмітрыем і Іванам быў вымушаны пакланіцца каралю Рэчы Паспалітай Жыгімонту III Вазу. У ліпені 1610 году войска гетмана Станіслава Жалкеўскага разьбіла маскоўска-швэдзкую армію пад Клушынам на Смаленшчыне. Пасьля паразы маскоўскія баяры зрынулі Шуйскага, пагадзіліся прызнаць новым царом каралевіча Ўладзіслава Вазу, сына Жыгімонта III, і ўпусьцілі войска Рэчы Паспалітай у Маскву. Самога Шуйскага разам з братамі ўзялі ў палон.
1918 — Янка Купала вярнуўся да творчасьці пасьля больш як трохгадовага маўчаньня. У Смаленску ён напісаў вершы «Свайму народу» і «На сход!».
Чужак-дзікун, крывёю ўпіўшысь сьвежай,
Запрог цябе ў няволю, ў батракі
І тваю маці-Бацькаўшчыну рэжа,
Жывую рве на часьці, на кускі.
1939 — Народны сход Заходняй Беларусі, які праходзіў у Беластоку пад кантролем савецкіх уладаў, прыняў дэклярацыю аб уваходжаньні Заходняй Беларусі ў склад БССР.
1942 — нацысты пачалі зьнішчаць гета ў Пінску. Масавыя забойствы працягваліся да 1 лістапада. Загінулі каля 18 тысяч чалавек. Па вайне Саветы зруйнавалі найстарэйшую на землях ВКЛ пінскую сынагогу.
1989 — на Дзяды адбылося шэсьце ў Курапаты, мітынг-рэквіем і ўсталяваньне сямімэтровага Крыжа Пакуты, які быў асьвячоны прадстаўнікамі чатырох хрысьціянскіх цэркваў.
Дзяды, 29 кастрычніка 1989 году. Сярод тых, хто нясе Крыж Пакуты ў Курапаты, — Анатоль Трыпуцін, Андрэй Рамашэўскі, Валер Шчукін, Канстанцін Балашоў, Юры Юхновіч. Фота Ўладзімера Сапагова.
1992 — Вярхоўны Савет адхіліў ініцыятыву БНФ правесьці рэфэрэндуму аб датэрміновых парлямэнцкіх выбарах паводле новага дэмакратычнага закону. За рэфэрэндум выказаліся больш як 384 000 грамадзян Беларусі (пры патрэбных 350 тысячах).
У гэты дзень нарадзіліся
1833 — Цэліна Бажэнцкая (з Хлудзінскіх), ураджэнка Аршаншчыны, каталіцкая рэлігійная дзяячка, заснавальніца жаночай Кангрэгацыі сясьцёр Зьмёртвыхпаўстаньня Пана. Яна дапамагала паўстанцам 1863 году, за што была арыштаваная расейскімі ўладамі. У 2007 годзе Каталіцкая царква абвясьціла яе блаславёнай.
1864 — Антон Ясінскі, гісторык-мэдыявіст і славіст, прафэсар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, ад 1928 году акадэмік Беларускай акадэміі навук, адзін з пачынальнікаў беларускай мэдыявістыкі і славістыкі.
1938 — Янка Саламевіч, беларускі літаратуразнаўца, фальклярыст, бібліёграф, перакладчык.
Янка Саламевіч
У памяці
1861 — Павал Шпілеўскі, беларускі этнограф, пісьменьнік, публіцыст і тэатральны крытык. Найбольш вядомыя ягоныя працы — «Падарожжа па Палесьсі і Беларускім краі» і «Беларусь у характарыстычных апісаньнях і фантастычных яе казках».
1911 — Джозэф Пулітцэр, амэрыканскі журналіст і выдавец габрэйскага паходжаньня, які ператварыў газэту New York World у адно з найбольш уплывовых выданьняў ЗША. Частку сваёй спадчыны ён ахвяраваў на стварэньне школы журналістыкі пры Калюмбійскім унівэрсытэце і прэміяў за дасягненьні ў журналістыцы, літаратуры і музыцы. Пулітцэраўскія прэміі ўпершыню ўручылі ў 1917 годзе.
Мэдаль Пулітцэраўскай прэміі
1937 — уначы на 30 кастрычніка ў Менску расстралялі 132 чалавек. Біяграфіі каля сарака зь іх дагэтуль невядомыя. Больш як дваццаць чалавек — прадстаўнікі партыйнага кіраўніцтва, чыноўнікі і гаспадарнікі.
І каля паўсотні — літаратары і прадстаўнікі асьветы:
Літаратары і журналісты
- Якаў Бранштэйн (39 гадоў) — літаратурны крытык, сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР, член-карэспандэнт АН БССР.
- Віктар Вайноў (33 гады) — журналіст, перад арыштам працаваў на фабрыцы «Камунарка».
- Анатоль Вольны (34 гады; сапр. Анатоль Ажгірэй) — паэт, празаік, кінадраматург, журналіст, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР.
- Платон Галавач (34 гады) — пісьменьнік.
- Алесь Дудар (32 гады; сапр. Аляксандар Дайлідовіч) — паэт, крытык, перакладчык.
- Хацкель Дунец (40 гадоў) — літаратурны крытык, публіцыст.
- Міхась Зарэцкі (35 гадоў; сапр. Міхаіл Касянкоў) — празаік, драматург, перакладчык, крытык, загадчык аддзелу літаратуры і мастацтва АН БССР.
- Прохар Іспраўнікаў (35 гадоў) — журналіст, намесьнік загадчыка сельскагаспадарчага аддзелу газэты «Віцебскі пралетарый».
- Васіль Каваль (30 гадоў) — празаік.
- Тодар Кляшторны (34 гады) — паэт, перакладчык.
- Майсей Кульбак (41 год) — паэт, празаік, драматург, пісаў на ідышы.
- Саламон Левін (25 гадоў) — літаратурны крытык, выкладчык літаратуры.
- Юрка Лявонны (29 гадоў; сапр. Леанід Юркевіч) — паэт.
- Валеры Маракоў (28 гадоў) — паэт, перакладчык.
- Міхась Чарот (40 гадоў; сапр. Міхась Кудзелька) — паэт, драматург, празаік, рэдактар, грамадзкі дзеяч.
- Сяргей Мурзо (каля 25 гадоў) — паэт, настаўнік.
- Янка Нёманскі (47 гадоў; сапр. Іван Пятровіч) — празаік, публіцыст, эканаміст, грамадзкі дзеяч.
- Залман Півавараў (27 гадоў) — паэт, перакладчык.
- Васіль Сташэўскі (42 гады) — празаік, драматург, пэдагог.
- Юлі Таўбін (26 гадоў) — паэт, перакладчык.
- Ізі Харык (41 год) — паэт, пісаў на ідышы, сябра Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.
- Пятро Хатулёў (25 гадоў) — літаратурны крытык.
- Макар Шалай (31 год) — літаратурны крытык.
- Павал Шастакоў (48 гадоў) — рэдактар, журналіст, пэдагог, дзяржаўны дзеяч.
- Арон Юдэльсон (30 гадоў) — паэт, нарысіст, перакладчык, пісаў на ідышы, працаваў на Беларускім радыё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Таварыства Мёртвых ПаэтаўПрадстаўнікі асьветы
- Мікалай Арабей (каля 38 гадоў) — загадчык аддзелу школ і навукі ЦК КП(б)Б.
- Ігнат Афанасьеў (49 гадоў) — пэдагог, выкладчык Менскага беларускага пэдагагічнага тэхнікуму.
- Вадзім Башкевіч (33 гады) — начальнік Управы вышэйшай школы Народнага камісарыяту асьветы БССР.
- Аляксандар Варончанка (32 гады) — дзяржаўны дзеяч, народны камісар асьветы БССР.
- Ёсіф Гершон (37 гадоў) — намесьнік народнага камісара асьветы БССР.
- Анані Дзякаў (41 год) — пэдагог, дзяржаўны дзеяч, рэктар БДУ ў 1934–1935 гадах.
- Іван Жывуцкі (25 гадоў) — пэдагог, настаўнік сярэдняй школы ў Заслаўі.
- Навум Замалін (каля 32 гадоў) — пэдагог, дацэнт Віцебскага вэтэрынарнага інстытуту.
- Язэп Каранеўскі (49 гадоў) — дзяржаўны дзеяч, пэдагог, публіцыст, рэктар БДУ ў 1929–1931 гадах, правадзейны сябра Інстытуту беларускай культуры.
- Іван Карпенка (каля 32 гадоў) — навуковец, загадчык лябараторыі Віцебскай вэтэрынарнай станцыі.
- Аляксей Кучынскі (45 гадоў) — пэдагог, рэдактар, грамадзкі і дзяржаўны дзеяч, выконваў абавязкі рэктара БДУ з 1936 году да арышту ў 1937-м.
- Саламон Лямперт (21 год) — студэнт 5-га курсу гістарычнага факультэту БДУ.
- Элізар Мазель (каля 42 гадоў) — навуковец, намесьнік дырэктара па навуковай працы Віцебскай навукова-дасьледчай вэтэрынарнай станцыі.
- Сьцяпан Маргелаў (35 гадоў) — географ, эканаміст, загадчык сэкцыі геаграфіі Інстытуту эканомікі АН БССР.
- Павал Мухін (каля 30 гадоў) — навуковец, загадчык лябараторыі Віцебскай навукова-дасьледчай вэтэрынарнай станцыі.
- Рыгор Пратасеня (каля 38 гадоў) — навуковец-аграхімік, загадчык аддзелу Інстытуту аграглебазнаўства.
- Міхаіл Рыдзеўскі (51 год) — пэдагог, загадчык навучальнай часткі Менскага пэдагагічнага інстытуту.
- Якаў Сандамірскі (каля 35 гадоў) — пэдагог, загадчык катэдры Віцебскага вэтэрынарнага інстытуту.
- Дзьмітры Сялоў (41 год) — начальнік плянава-фінансавага ўпраўленьня Народнага камісарыяту асьветы БССР.
- Панцялей Сярдзюк (каля 30 гадоў) — загадчык лябараторыі біяфабрыкі № 5 у Віцебску.
- Яўген Усьпенскі (46 гадоў) — фізык, пэдагог, грамадзкі дзеяч.
- Аляксандар Чарнушэвіч (каля 38 гадоў) — дзяржаўны дзеяч, народны камісар асьветы БССР у 1933–1936 гадах.
«Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах, 29 кастрычніка 2019 году
1973 — Васіль Мачульскі, беларускі літаратуразнаўца.
2006 — Мікола Канаш, вязень ГУЛАГу, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст. У 1948 годзе быў арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў зьняволеньня. Адбываў пакараньне ў Інце, дзе пазнаёміўся з Ларысай Геніюш. Пасьля вызваленьня доўгі час ня меў магчымасьці вярнуцца ў Беларусь і толькі ў 1973 годзе пераехаў у Жлобін. У апошнія дзесяцігодзьдзі жыцьця падтрымліваў беларускі нацыянальна-дэмакратычны рух.
2017 — Георгі Паплаўскі, народны мастак Беларусі, акадэмік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Памёр мастак Георгі Паплаўскі, ілюстратар і сябра Васіля Быкава і Алеся Адамовіча2020 — Міхаіл Вінаградаў, беларускі архітэктар, адзін з аўтараў будынкаў Нацыянальнай бібліятэкі і помніка Францыску Скарыну побач, новага чыгуначнага вакзалу ў Менску і шматлікіх іншых пабудоў.