Славенія патлумачыла, чаму будзе пярэчыць уступленьню Сэрбіі ў Эўразьвяз

Янэз Янша

Дагэтуль, нават праз 35 гадоў незалежнасьці Славеніі, Сэрбія трымае засакрэчанымі шматлікія архівы розных службаў пра славенцаў.

Дзень выбараў у Скупшчыну Сэрбіі амаль супаў з Днём незалежнасьці Славеніі (Dan suverenosti), які адзначаецца 26 кастрычніка. Афіцыйная Любляна адрэагавала на вынікі выбараў і, магчыма, большае імкненьне да эўрапейскай інтэграцыі ў Сэрбіі.

Прэм’ер-міністар Славеніі Янэз Янша заявіў, што Славенія ня будзе падтрымліваць Сэрбію ў перамовах аб сяброўстве ў Эўрапейскім зьвязе, покуль Бялград не перадасьць архівы былых югаслаўскіх спэцслужбаў, зьвязаныя са Славеніяй.

Янша выказаў сваю пазыцыю ў допісе ў сацыяльнай сетцы X, камэнтуючы магчымасьць таго, што новыя ўлады ў Сэрбіі паскораць эўрапейскую інтэграцыю дзяржавы. Янша зазначыў, што Славенія вітала б такі падыход, але лічыць пытаньне да сёньня засакрэчаных архіўных матэрыялаў ключавой умовай далейшага поступу сэрбаў.

«Мы не дамо згоды на які-колечы прагрэс, покуль Сэрбія не перадасьць Славеніі ўсе архівы Udba, SDV, JLA, ZSNZ і іншых былых службаў СФРЮ, якія адносяцца да Славеніі», — напісаў Янша.

Паведамленьне кіраўніка слвенскага ўраду зьявілася ў сеціве пасьля таго, як эўракамісарка ў пытаньнях пашырэньня ЭЗ Марта Кос заявіла, што дзьверы ЭЗ адчыненыя для Сэрбіі.

Янша падзяліўся сваёй заявай з камэнтаром славенскага пісьменьніка Ігара Омэрзы, які зьвярнуў увагу на патрэбу адкрыцьця архіваў былых структураў бясьпекі.

Чаму гэта важна?

Пасланьне Яншы ўздымае пытаньне пра тое, наколькі неразьвязаныя праблемы пэрыяду былой Югаславіі могуць паўплываць на эўрапейскі шлях Сэрбіі.

Паводле слоў славенскага прэм’ера, Любляна разглядае архіўныя матэрыялы як пытаньне, якое трэба вырашыць, перш чым падтрымліваць наступныя крокі Бялграду ў перамовах з Эўрапейскім зьвязам.

Выбары ў Сэрбіі

Былы прэзыдэнт Сэрбіі, лідэр кіроўнай Сэрбскай прагрэсіўнай партыі (СПП) Аляксандар Вучыч увечары 25 кастрычніка прызнаў паразу на парлямэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў нядзелю, паведаміла Сэрбская служба Радыё Свабодная Эўропа.

Паводле папярэдніх вынікаў, СПП атрымлівае 105 месцаў у Народнай Скупшчыне — аднапалатным парлямэнце краіны. Апазыцыйны «Студэнцкі сьпіс», які падтрымалі ўдзельнікі масавых пратэстаў апошніх двух гадоў, атрымлівае ня менш за 135 месцаў.

Сэрбская прагрэсіўная партыя заставалася ва ўладзе ў краіне больш за 14 гадоў. Паўсталы на тле пратэстаў студэнцкі рух займае праэўрапейскую пазыцыю. Шэраг экспэртаў ужо адзначылі, што Сэрбія цяпер насамрэч можа ўступіць у Эўразьвяз, а не займацца ўзаемным выстаўленьнем умоваў, як гэта было ў эпоху кіраваньня Вучыча.

Але Славенія стала першай краінай Эўразьвязу, якая адкрыта заявіла пра тое, што мае прычыны пярэчыць далейшым перамовам Бялграду наконт уступленьня ў ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Сэрбіі да ўлады прыйшла апазыцыя, у Баўгарыі ўсё вырашыцца ў другім туры