Як паводзіў сябе на судзе былы спэцназавец Гараўскі, якога асудзілі за выкраданьне бізнэсоўца Красоўскага

Юры Гараўскі (зьлева) каля суду кантону Санкт-Гален у Швайцарыі, 22 верасьня 2026 году. Фота выданьня «Новы час»

Журналістка Вольга Класкоўская і дочкі зьніклых 27 года таму Юрыя Захаранкі і Анатоля Красоўскага расказалі Свабодзе пра свае ўражаньні ад суду ў Швайцарыі над былым байцом беларускага Спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (САХР) Юрыя Гараўскага.

Суд швайцарскага кантону Санкт-Гален 26 кастрычніка прызнаў былога байца САХР Юрыя Гараўскага вінаватым у выкраданні бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і прысудзіў яму два гады пазбаўленьня волі ўмоўна. Пры гэтым суд апраўдаў Гараўскага ў абвінавачаньні, зьвязаным са зьнікненьнем Юрыя Захаранкі.

Суд улічыў, што Гараўскі, паводле ягоных паказаньняў, ня ведаў пра сапраўдную мэту выкраданьня і меркаваў, што Захаранку адвязуць у лес, напалохаюць і вярнуць назад. Суд не прызнаў даказаным неабходны злачынны намер у гэтым эпізодзе. Сытуацыю са зьнікненьнем Віктара Ганчара ў судзе не разглядалі, бо не было пацярпелага боку — сваякоў зьніклага, паведаміла Вольга Класкоўская.

Журналістка Вольга Класкоўская, якая прысутнічала ў судзе швайцарскага кантону Санкт-Гален падчас абвяшчэньня рашэньня ў справе Юрыя Гараўскага, паведаміла дэталі пасяджэньня і як паводзіў сябе абвінавачаны.

«Сёньня, калі казаць пра атмасфэру ў судзе, то Гараўскі, як і на мінулых пасяджэньнях, быў у даволі прыгнечаным стане. І што я заўважыла, хвілін праз 30 пасьля таго, як судзьдзя пачаў зачытваць абвінавачаньне і тлумачыць судовае рашэньне, Гараўскі апусьціў галаву і абхапіў далонямі лоб, і ў такім прыгнечаным стане і сядзеў да канца пасяджэньня», — сказала Свабодзе Вольга Класкоўская.

Партрэты Віктара Ганчара (зьлева) і Анатоля Красоўскага на акцыі пратэсту ў Менску. Архіўнае фота

Паводле яе, асобнае абурэньне ў Гараўскага выклікалі згадкі судзьдзі аб фінансах. «Напрыклад, тое, што Гараўскі мусіць сам аплаціць адну чвэрць судовых выдаткаў», — удакладніла яна.

«Пасьля таго, як судзьдзя скончыў чытаць сваё судовае рашэньне, я падышла да Юрыя Гараўскага і паспрабавала задаць яму пытаньне, але ён дэманстратыўна адвярнуўся ад мяне сьпінай і вельмі непрыязна на мяне паглядзеў, адмовіўся ад якіх-кольвек камэнтароў», — дадала журналістка.

Вольга Класкоўская адзначыла, што і праваабаронцы, і прадстаўнік боку пацярпелых ахарактарызавалі сёньняшняе судовае рашэньне як перамогу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Швайцарскі суд прызнаў экс-байца САХР Гараўскага вінаватым у выкраданні Анатоля Красоўскага 27 гадоў таму

Алена Захаранка: У мяне страцілася надзея на справядлівасьць незалежнага суду

Алена Захаранка ўдакладніла сваю пазыцыю, дэталёва азнаёміўшыся з выракам. Падаём абноўлены камэнтар.

Дачка зьніклага Юрыя Захаранкі Алена лічыць рашэньне суду несправядлівым, бо Гараўскага прызналі вінаватым толькі ў выкраданьні Анатоля Красоўскага, а ня Юрыя Захаранкі.

«Я вельмі засмучаная. Я па-ранейшаму лічу, што суд быў абсалютна несправядлівым. Я непасрэдна сустракалася з удзельнікам злачынства ў дачыненьні да майго бацькі і абсалютна ўпэўненая, што ён выкрадаў».

Яна кажа, што не разумее, чаму ў цэнтры справы апынуўся Аляксей Красоўскі, які ня быў палітычным дзеячам, як Юры Захаранка. Тым больш, што паводле Алены, Гараўскі дэталёва расказваў дэталі выкраданьня ейнага бацькі.

«Я сапраўды засмучаная, і ў мяне страцілася надзея на справядлівасьць незалежнага суду. Я спадзявалася, што ўсё-такі яны аб’ектыўна падыдуць да гэтага працэсу, але справядлівасьці няма нават па-за межамі Беларусі, у незалежнай краіне», — сказала яна.

Красоўская: Гараўскі — толькі адзін са шматлікіх злачынцаў

«Упершыню за 27 год канкрэтная асоба абвінавачаная ў выкраданьні і забойстве майго бацькі, — сказала ў камэнтары Свабодзе Валерыя Красоўская, дачка зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. — Ня кожны можа ўявіць, што такое чакаць 27 год. Але гэта (Гараўскі. — РС) толькі адзін са шматлікіх злачынцаў, не галоўны злачынца. Таму ў мяне няма адчуваньня, што ў гісторыі майго бацькі пастаўленая кропка. Таксама разумею, што Алена Захаранка мае іншыя пачуцьці, чым я сёньня. Вельмі дзіўна і шкада, што ў нас зь ёй сёньня розныя пачуцьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што вядома пра гвалтоўныя зьнікненьні апанэнтаў Лукашэнкі

Што папярэднічала

Сёньняшняе рашэньне суду — вынік разгляду апэляцыі сваякоў ахвяраў сумесна з праваабарончымі арганізацыямі «Вясна», Trial International і Міжнароднай фэдэрацыяй за правы чалавека (FIDH) на першае рашэньне суду швайцарскага гораду Роршах ў 2023 годзе, які прызнаў Юрыя Гараўскага невінаватым, бо не было пададзена дастаткова доказаў яго віны.

  • 7 траўня 1999 году ў Менску бясьсьледна зьнік былы міністар унутраных справаў Беларусі, апазыцыйны палітык Юры Захаранка. Паводле сьведчаньняў былых супрацоўнікаў беларускіх сілавых структураў, яго выкралі і забілі прадстаўнікі спэцпадразьдзелу МУС. У магчымай арганізацыі выкраданьня падазравалі тагачаснага сакратара Рады бясьпекі Віктара Шэймана, а ў датычнасьці да злачынства таксама фігуравалі імёны Юрыя Сівакова і Дзьмітрыя Паўлічэнкі.
  • 16 верасьня 1999 году ў Менску бясьсьледна зьніклі былы старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі, апазыцыйны палітык Віктар Ганчар і ягоны сябра, бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Пазьней на месцы меркаванага выкраданьня знайшлі сьляды крыві Ганчара і аскепкі аўтамабіля. У датычнасьці да іх зьнікненьня падазравалі высокапастаўленых прадстаўнікоў беларускіх уладаў: Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова, Уладзімера Навумава і камандзіра спэцпадразьдзелу МУС Дзьмітрыя Паўлічэнку.