Суд швайцарскага кантону Санкт-Гален 26 кастрычніка прызнаў былога байца беларускага САХРа Юрыя Гараўскага вінаватым у выкраданні бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і прысудзіў яму два гады пазбаўленьня волі ўмоўна, паведамляе «Новы час».
Пры гэтым суд апраўдаў Гараўскага ў абвінавачаньні, зьвязаным са зьнікненьнем Юрыя Захаранкі. Суд улічыў, што Гараўскі, паводле ягоных паказаньняў, ня ведаў пра сапраўдную мэту выкраданьня і меркаваў, што Захаранку адвязуць у лес, напалохаюць і вярнуць назад. Суд не прызнаў даказаным неабходны злачынны намер у гэтым эпізодзе.
7 траўня 1999 году ў Менску бясьсьледна зьнік былы міністар унутраных справаў Беларусі, апазыцыйны палітык Юры Захаранка. Паводле сьведчаньняў былых супрацоўнікаў беларускіх сілавых структураў, яго выкралі і забілі прадстаўнікі спэцпадразьдзелу МУС. У магчымай арганізацыі выкраданьня падазравалі тагачаснага сакратара Рады бясьпекі Віктара Шэймана, а ў датычнасьці да злачынства таксама фігуравалі імёны Юрыя Сівакова і Дзьмітрыя Паўлічэнкі.
16 верасьня 1999 году ў Менску бясьсьледна зьніклі былы старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі, апазыцыйны палітык Віктар Ганчар і ягоны сябра, бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Пазьней на месцы меркаванага выкраданьня знайшлі сьляды крыві Ганчара і аскепкі аўтамабіля. У датычнасьці да іх зьнікненьня падазравалі высокапастаўленых прадстаўнікоў беларускіх уладаў: Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова, Уладзімера Навумава і камандзіра спэцпадразьдзелу МУС Дзьмітрыя Паўлічэнку.
Сёньняшняе рашэньне суду — вынік разгляду апэляцыі сваякоў ахвяраў сумесна з праваабарончымі арганізацыямі «Вясна», Trial International і Міжнароднай фэдэрацыяй за правы чалавека (FIDH) на першае рашэньне суду швайцарскага гораду Роршах, які прызнаў Юрыя Гараўскага невінаватым, бо не было пададзена дастаткова доказаў яго віны.
Разгляд апэляцыі адбыўся 22 верасьня ў судзе швайцарскага кантону Санкт-Гален. У залі суду былі Юры Гараўскі, а таксама Алена Захаранка, Ірына і Валерыя Красоўскія. Іх інтарэсы прадстаўляў адвакат Сэвэрын Вальц.
«Упершыню за 27 год канкрэтная асоба абвінавачаная ў выкраданьні і забойстве майго бацькі, — сказала ў камэнтары Свабодзе Валерыя Красоўская, дачка зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. — Ня кожны можа ўявіць, што такое чакаць 27 год. Але гэта (Гараўскі. — РС) толькі адзін са шматлікіх злачынцаў, не галоўны злачынца. Таму ў мяне няма адчуваньня, што ў гісторыі майго бацькі пастаўленая кропка. Таксама разумею, што Алена Захаранка мае іншыя пачуцьці, чым я сёньня. Вельмі дзіўна і шкада, што ў нас зь ёй сёньня розныя пачуцьці».
На пасяджэньні 22 верасьня Гараўскі пацьвердзіў, што загад на ліквідацыю Захаранкі й іншых яны ў САХРы атрымалі ад Юрыя Сівакова (былы міністар унутраных справаў Беларусі) і Дзьмітрыя Паўлічэнкі (былы кіраўнік вайсковай часткі Ўнутраных войскаў), а тыя атрымалі вуснае ўказаньне ад Віктара Шэймана (былы сакратар Савету Бясьпекі) і Аляксандра Лукашэнкі. Гараўскі прызнаў, што ўсё гэта было ў вуснай форме. Пасьля Гараўскі адмовіўся адказваць на пытаньні адваката пацярпелых і іншых удзельнікаў працэсу.
Падчас допыту Юрыя Гараўскага судзьдзя папрасіў яго апісаць сваю вайсковую кар’еру. І той прызнаў, што ўдзельнічаў у стварэньні САХРу, а пасьля дадаў: «7 траўня мы затрымалі Захаранку і зьліквідавалі яго. Таксама быў зьліквідаваны Красоўскі. Больш я нічога з гэтай нагоды казаць ня буду».
Што папярэднічала
У верасьні 2023 году суд швайцарскага гораду Роршах разгледзеў справу аб гвалтоўным зьнікненьні ў Беларусі апазыцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і бізнэсмэна Анатоля Красоўскага.
Абвінавачаным быў Юры Гараўскі — былы баец беларускага САХРу, які ўцёк у Швайцарыю, дзе публічна прызнаўся, што ўдзельнічаў у выкраданьні зьніклых палітыкаў у траўні і верасьні 1999 году.
Справу разглядалі ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі, бо гвалтоўнае зьнікненьне клясыфікуецца як злачынства супраць чалавечнасьці. У выніку суд прызнаў Гараўскага невінаватым, бо не было пададзена дастаткова доказаў яго віны. Апэляцыю на прысуд падалі сваякі ахвяраў сумесна з праваабарончымі арганізацыямі «Вясна», Trial International і Міжнароднай фэдэрацыяй за правы чалавека (FIDH).
Гараўскі папрасіў палітычнага прытулку ў Швайцарыі ў 2018 годзе. Пазьней ён зьвязаўся з журналістамі DW і расказаў, што ў 1999 годзе ўдзельнічаў у выкраданьні і забойстве палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі — Юр’я Захаранкі і Віктара Ганчара. Справу супраць Гараўскага ініцыявалі праваабаронцы з Trial International. У пракуратуру кантону Санкт-Гален, дзе жыў экс-баец САХР, было пададзена адразу тры пазовы — ад Алены Захаранкі, дачкі зьніклага экс-кіраўніка МУС Беларусі, Валерыі Красоўскай, дачкі зьніклага бізнэсмэна, а таксама ад Trial International і яе партнэраў FIDH і «Вясны».
Што трэба ведаць пра справу Гараўскага
- У 2019 годзе былы баец спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (САХР) Юры Гараўскі даў нямецкай тэлекампаніі DW сэнсацыйныя паказаньні, заявіўшы, што ўваходзіў у спэцыяльны падразьдзел САХР МУС Беларусі, які мае дачыненьне да зьнікненьняў апанэнтаў улады і, паводле яго, расстраляў трох чалавек: Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Юрыя Захаранку. Паводле экс-супрацоўніка МУС, які эміграваў зь Беларусі, ён уваходзіў у склад групы спэцназаўцаў, якая мае дачыненьне да зьнікненьняў апанэнтаў улады. Гараўскі заявіў, што ўсіх трох забіў зь пісталета асабіста Дзьмітры Паўлічэнка. Паводле яго, целы Ганчара і Красоўскага закапалі на базе МУС пад Бягомлем у Віцебскай вобласьці, а цела Захаранкі спалілі ў крэматорыі менскіх Паўночных могілак.
- Пасьля інтэрвію Гараўскага праваабаронцы дамагліся завядзеньня на яго крымінальнай справы. Сьледзтва вялі ў Швайцарыі, дзе экс-баец САХР папрасіў палітычнага прытулку. Яго абвінавацілі ў «датычнасьці да шматлікіх зьнікненьняў» (мясцовае заканадаўства не дазволіла абвінаваціць яго ў забойствах ці саўдзеле ў іх, бо злачынствы ўчыненыя на тэрыторыі Беларусі).
- 28 верасьня 2023 году акруговы суд у Санкт-Галене (судзьдзя Оляф Гумбэль) апраўдаў Гараўскага ў гэтай справе, паставіўшы паказаньні экс-байца САХР пад сумнеў і палічыўшы іх недастатковымі для прызнаньня яго вінаватым паводле выстаўленага абвінавачаньня. У тлумачэньні прысуду судзьдзя заявіў, што гэта асаблівы выпадак у судовай практыцы, бо ў ім «замяшаная ўлада, і яна адказная за гвалтоўныя злачынствы». Суд прыйшоў да высновы, што Юры Гараўскі, магчыма, служыў у САХР, але ягоная роля ў выкраданьнях застаецца няяснай.
- Юрыя Гараўскага судзілі ў межах унівэрсальнай юрысдыкцыі, згодна зь якой цяжкае злачынства, учыненае ў адной краіне, можа стаць аб’ектам расьсьледаваньня ў іншай краіне. Швайцарскае заканадаўства не дазваляе прыцягнуць Гараўскага да адказнасьці паводле больш сур’ёзнага крымінальнага артыкулу — за забойствы ці саўдзел у іх, бо імаверныя расправы над апанэнтамі рэжыму адбываліся на тэрыторыі Беларусі. Таму судзілі экс-сілавіка за датычнасьць да «шматлікіх зьнікненьняў».
Форум