Праблема ня толькі ў рэтрансьлятарах. У Паветраных сілах Украіны расказалі, чаму расейскія дроны ляцяць паўзь мяжу Беларусі

Юры Ігнат. Архтўнае фота

Начальнік управы камунікацыяў камандаваньня Паветраных сілаў Украіны Юры Ігнат заявіў, што Міністэрства замежных справаў Украіны выконвае «пэўную работу», зьвязаную з магчымым выкарыстаньнем Расеяй рэтрансьлятараў на тэрыторыі Беларусі.

«Я ня раз бачыў, як цяпер расейскія дроны ляцяць фактычна ўздоўж мяжы. [...] Ці могуць яны пры гэтым выкарыстоўваць рэтрансьлятары? Могуць. Але гэта яшчэ трэба давесьці. Наша МЗС вядзе пэўную работу, у тым ліку і стасоўна Беларусі. Якія-хаця кантакты і дыялёг патрэбныя нават у такой сытуацыі. Бо Беларусь заяўляла, што не выкарыстоўвае такіх сродкаў і не дазваляе гэтага рабіць. Але гэта ўжо больш пытаньне да выведкі», — сказаў Юры Ігнат у інтэрвію ўкраінскаму інфармацыйнаму агенцтву «РБК-Україна».

Паводле яго, калі дроны проста ляцяць адзін за адным, яны ўжо самі могуць быць рэтрансьлятарамі адзін для аднаго.

«Яны могуць перадаваць сыгнал ад дрона да дрона, ствараючы mesh-сетку. Прычым ня толькі лінейна — яны могуць выбудаваць цэлую сетку. І расейскі апэратар, які сядзіць, напрыклад, у Бранскай вобласьці ці ў Арле, можа праз гэтую сетку кіраваць тым дронам, які ляціць наперадзе, і выкарыстоўваць яго ў тым ліку супраць паветраных цэляў», — патлумачыў ён.

«На гэтым і палягае небясьпека mesh-сеткі. Плюс нельга выключаць выкарыстаньня для варожых дронаў наземных станцыяў сувязі, магчыма, нават з боку агентуры ўнутры Ўкраіны», — сказаў Юры Ігнат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі заявіў, што Расея хацела б біць па Ўкраіне ракетамі зь Беларусі

Што папярэднічала

17 кастрычніка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі чарговы раз заявіў, што Расея выкарыстоўвае рэтрансьлятары ў Беларусі для кіраваньня дронавымі атакамі на Ўкраіну, у тым ліку на яе заходнія і паўночныя вобласьці. Апроч таго, паводле Зяленскага, Расея спрабуе «даціснуць» Беларусь у пытаньні разьмяшчэньня на яе тэрыторыі расейскіх балістычных ракет для ўдараў па заходніх вобласьцях Украіны.

Упершыню інфармацыя аб выкарыстаньні Расеяй рэтрансьлятараў на тэрыторыі Беларусі зьявілася сёлета ў чэрвені. Тады прэзыдэнт Украіны запатрабаваў ад Аляксандра Лукашэнкі іх адключыць. Пазьней украінскія ўлады паведамлялі, што рэтрансьлятары часова спынялі працу, аднак у верасьні ў Кіеве заявілі аб іх новым падключэньні.

Украінскі маніторынгавы канал «єРадар» паведамляў пра чатыры рэтрансьлятары ў Беларусі, якія выкарыстоўвалі для сувязі і кіраваньня расейскімі рэактыўнымі дронамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Паміж вайной і разрадкай: Лукашэнка шукае выйсьця зь небясьпечнай залежнасьці

Чаму гэта важна

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць беларускую вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі ва Ўкраіну і абстрэлаў там мірных гарадоў, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

У схемы падтрымкі расейскай агрэсіі цяпер уключаныя шэраг беларускіх прадпрыемстваў у розных сфэрах вытворчасьці.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна бесьперапынна адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі й імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.

Сёлета ў чэрвені й ліпені ўлады і вайсковае кіраўніцтва Беларусі надалей гаварылі аб плянах «калектыўнага Захаду» напасьці на Беларусь і Расею. З адпаведнымі заявамі выступіў міністар абароны Віктар Хрэнін на паседжаньні Рады міністраў абароны краінаў АДКБ у Маскве, а потым і на IV «Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску, дзе ён абвінаваціў эўрапейцаў у «нацысцкім мэнталітэце» і рыхтаваньні да вайны.

Але ўжо ў канцы ліпеня Хрэнін у дакладзе Аляксандру Лукашэнку заявіў пра спакойную вайскова-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і «брак прыкметаў рыхтаваньня да актыўных дзеяньняў з боку суседніх дзяржаваў».

16 жніўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч ужо канстатаваў брак вонкавай пагрозы для Беларусі і аднаўленьне апэратыўных кантактаў з Латвіяй, Літвой і Польшчай.

Расея і Ўкраіна нарошчваюць выкарыстаньне дронаў у вайне. Падчас абстрэлаў сталі часьцейшымі залёты расейскіх і ўкраінскіх дронаў на тэрыторыю Беларусі. Аб гэтых фактах паведамляюць ня ўлады Беларусі, а ўкраінскія маніторынгавыя каналы.

Апроч таго, вядома некалькі выпадкаў, калі расейскія і ўкраінскія дроны з тэрыторыі Беларусі заляталі ў краіны Балтыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Над Украінай рой расейскіх дронаў. Яны зноў ляцяць празь Беларусь. На Жытоміршчыне два чалавекі загінулі