Ужо сёньня: 90 гадоў з дня нараджэньня рэжысэра Віктара Турава

Рэжысэр Віктар Тураў

Падзеі 25 кастрычніка ў Беларусі, сьвеце і гісторыі.

Дата дня

25 кастрычніка 1936 году нарадзіўся Віктар Тураў, беларускі кінарэжысэр. Сярод прац Турава — экранізацыя раманаў Івана Мележа «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», фільм «Шляхціц Завальня» паводле творчасьці Яна Баршчэўскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

20 нечаканых фактаў пра Віктара Турава

Гэты дзень у гісторыі

1920 — войска генэрала Станіслава Булак-Балаховіча (15 тыс.) перайшло часовую мяжу, пачаўшы ваенныя дзеяньні супраць Чырвонай Арміі.

Станіслаў Булак-Балаховіч

1968 ― першы выступ брытанскага рок-гурту Led Zeppelin.

Брытанскі гурт Led Zeppelin

2010 — у Пінску на заводзе «Пінскдрэў» адбыўся выбух і пажар, які забраў жыцьці 14 чалавек.

2020 — напярэдадні абвешчанага Сьвятланай Ціханоўскай усеагульнага страйку ў Менску і іншых гарадах краіны адбыўся «Марш народнага ўльтыматуму». У Менску марш сабраў звыш 100 тысяч удзельнікаў і завяршыўся жорсткім разгонам.

«Марш народнага ўльтыматуму», Менск, 25 кастрычніка 2020

У гэты дзень нарадзіліся

1825 — Ёган Штраўс-сын, аўстрыйскі кампазытар, «кароль вальсу».

1838 — Жорж Бізэ, францускі кампазытар, аўтар опэры «Кармэн».

Жорж Бізэ

1858 — Эдвард Пякарскі, этнограф, якутазнаўца. Быў сасланы ў Якуцію за рэвалюцыйную дзейнасьць і правёў там больш за дваццаць гадоў. Склаў шматтомны слоўнік якуцкай мовы. У Якуцку ягоным імем названая вуліца. З 2001 імя Пякарскага было ўшанавана памятнай шыльдай на помніку палітычным ссыльным і ахвярам масавых рэпрэсій, аднак помнік зруйнавалі ў 2023 годзе.

1868 — Карл Грыгаровіч, скрыпач, прафэсар народнае кансэрваторыі ў Віцебску. У 1921 годзе яго арыштавалі за кантакты з польскай дэлегацыяй і асудзілі на тры гады прымусовых работ. 25 сакавіка таго ж году ён памёр.

1872 — Аляксандар Разэнфэльд, фальклярыст і этнограф У 1904 годзе выдаў зборнік «Беларускія народныя песьні». У 1912–1914 гадах кіраваў у Пецярбурскім унівэрсытэце Беларускім навукова-літаратурным гуртком студэнтаў, старастам якога быў Браніслаў Тарашкевіч.

1881 — Пабла Пікаса, гішпанскі мастак.

Пабла Пікаса

1884 — Сяргей Дубінскі, археоляг і гісторык. Падрыхтаваў першую «Бібліяграфію па археалёгіі Беларусі і сумежных краін». Ахвяра сталінізму.

1925 — Леў Мірачыцкі, беларускі гісторык-славіст, літаратар.

1930 — Леанід Дударэнка, беларускі жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі.

1932 — Уладзімер Анісковіч, літаратурны крытык, перакладнік баўгарскай літаратуры.

1933 — Нінэль Шчасная, беларуская мастачка.

Нінэль Шчасная. Фота газэты «Культура»

1934 — Карлас Шэрман, беларускі перакладчык і літаратар уругвайскага паходжаньня. Ён перакладаў і пісаў на гішпанскай (роднай), беларускай і расейскай мовах. Быў першым віцэ-прэзыдэнтам Беларускага ПЭН-цэнтру (1989–2001 гг.), стаўшы фактычна адным зь яго заснавальнікаў. Быў сябрам навукова-экспэртнай Рады Беларускага Калегіюму.

Тацяна Процька, Карлас Шэрман, Уладзімер Кармілкін на пасяджэньні Беларускага Хэльсынскага камітэту, 1995 год

1935 — Уладзімер Паўлаў, беларускі пісьменьнік і перакладчык, ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа.

1955 — Яўген Анішчанка, беларускі гісторык. У 2004 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму «Палітычная гісторыя Беларусі ў часы падзелу Рэчы Паспалітай». Аднак Вышэйшая атэстацыйная камісія не зацьвердзіла гэтае абароны, матывуючы тым, што высновы ягонай навуковае працы палітычна непрымальныя. У 2006 годзе Анішчанка выдаў тэкст дысэртацыі асобнай кнігай.

1956 — Сяргей Малішэўскі, беларускі мастак.

Сяргей Малішэўскі, карціна «У прыбіральні». Выстава ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва, 2017 год

У памяці

1647 — Эванджэліста Тарычэлі, італьянскі фізык і матэматык, які першы зьмерыў атмасфэрны ціск.

1920 — у брытанскай турме пасьля 74 дзён галадоўкі памёр Тэрэнс Максуіні, мэр ірляндзкага гораду Корк і адзін з кіраўнікоў руху за незалежнасьць Ірляндыі. Неўзабаве Ірляндыя стала незалежнай. Помнік Максуіні цяпер стаіць перад ратушай Корку.

1942 — Хвядос Шынклер, пісьменьнік, пачынальнік урбаністычнай тэмы ў беларускай літаратуры, загінуў на фронце пад Сталінградам.

1991 —Міхась Міцкевіч, беларускі грамадзка-культурны, рэлігійны і сьвецкі дзеяч эміграцыі, малодшы брат Якуба Коласа.

Міхась Міцкевіч. Фрагмэнт экспазыцыі да ягонага 130-годзьдзя (2017).

1995 — Лявон Случанін, беларускі паэт.

2015 — Мікалай Барысевіч, прэзыдэнт Акадэміі навук БССР у 1969–1987 гадах.