Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Яўген Анішчанка: У акадэмічнай карпарацыі пануе шэрасьць</B>


Вольга Караткевіч, Прага Гутарка з госьцем Начной Свабоды, гісторыкам Яўгенам Анішчанкам, які разам са старшынёй рады Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Аленай Макоўскай і пісьменьнікам Уладзімерам Арловым напярэдадні быў удзельнікам он-лайн канфэрэнцыі аб пабудове храма памяці Суворава ў Кобрыне.

Караткевіч: «Яўген, якія ў Вас уражаньні ад пытаньняў онлайн канфэрэнцыі?»

Анішчанка: «Я думаю, яны прадыктаваныя людзьмі, якія ўпершыню пачулі, што Сувораў – гэта ня той чалавек, якога старанна ўзводзілі на п''едэстал. Зараз гэты кумір выглядае інакш, чым гэта было распрапагандавана раней.»

Караткевіч: «Сярод пытаньняў былі і канкрэтныя: напрыклад, ці ведаеце Вы выпадкі, каб Сувораў зьбіваў людзей у Беларусі – не на загад, а на ўласнае жаданьне?»

Анішчанка: «Сярод апублікаваных дакумэнтаў сустракаюцца такія сьведчаньні. Напрыклад у 1769 г., калі ён падаўляў вызваленчае паўстаньне братоў Пуласкіх пад вёскай Арэхава, ён загадаў бамбіць з гарматаў гэтую вёску, і ў выніку яе спалілі. Потым, калі ён быў кінуты на падаўленьня паўстаньня Касьцюшкі, у тым ліку пры штурме Варшаўскага прадмесьця Прагі, дзе ён забіў больш за 12 тысяч чалавек, ён загадаў дзейнічаць "рашуча і по-русскі". А паколькі тамтэйшыя абаронцы былі пераважна мірныя жыхары, а не рэгулярныя войскі, то гэта быў прамы загад забіваць мірных жыхароў. І потым нельга забываць, што ён у 1774 годзе падаўляў у самой Расеі паўстаньне Пугачова.»

Караткевіч: «Я папрашу Вас, як гісторыка, пракамэнтаваць тэлефонны званок слухача.»

Голас слухача: «90 гадоў знаходзімся пад камуністычным ігам – велізарная трагедыя! Урэшце рэшт калі-небудзь пазбавімся ад гэтай чумы, хто можа цямна адказаць?»

Анішчанка: «Існуе просты адказ. Калі большасьць людзей выцісьне зь сябе раба, калі людзі ня будуць рабалепстваваць, халуйнічаць. Гэта залежыць ад кожнага.»
Яўген Анішчанка нарадзіўся ў 1955 годзе ў вёсцы Бранцава на Аршаншчыне. Скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве (кляса жывапісу), потым гістарычны факультэт БДУ, асьпірантуру пры Інстытуце гісторыі Акадэміі навук. У тым жа годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму “Земельные отношения в Белоруссии в конце XVIII-начале XIX века”. У 2004 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму “Палітычная гісторыя Беларусі ў часы падзелу Рэчы Паспалітай”. Аднак Вышэйшая атэстацыйная камісія не зацьвердзіла гэтае абароны, матывуючы тым, што высновы ягонай навуковае працы цяпер палітычна непрымальныя.

Караткевіч: «Яўген, цяпер Вы звольнены з інстытуту гісторыі?»

Анішчанка: «Гэта была правакацыя. Я больш 20-ці гадоў працую ў інстытуце, і за гэты час я надрукаваў 13 манаграфічных кніжак альбо зборнікаў дакумэнтаў – тое, чаго і члены-карэспандэнты некаторыя за ўсё жыцьцё не зрабілі. Дык вось: дачакаліся атэстацыі, каб шляхам фабрыкацыі мяне выставіць "не адпавядаючым пасадзе". Я ня першая ахвяра. Цяперашні дырэктар афіцыйна ў друку заяўляе што мэтадалёгія гістарычнай навукі, якая была дагэтуль – дэідэалягізацыія, дэпалітызацыя – шкодная, і гісторык павінен быць віньцікам, паслухмяным выканаўцам палітыкі вышэйшай улады. Ён дэманструе кан''юнктурны падыход да гісторыі і да гэтага схіляе і супрацоўнікаў. Навукова-дасьледчы інстытут ператвораны ў філіял выканаўчай вэртыкалі.»

Караткевіч: «А нейкая салідарнасьць калег праявілася ў Вашай сытуацыі?»

Анішчанка: «Не, толькі адзінкі. Бо акадэмічная сфэра, карпарацыя – яна замкнёная, фактычна паразытуе на дзяржаўных сродках, і зараз там пануе шэрасьць. Але я ўпэўнены, што калі прыйдзе час пераменаў, гады праз два ўлада памяняецца – людзі, якія маўчалі, скажуць, што мы, маўляў, не вінаватыя, нас прымушалі, і ўсе зробяцца вольналюбнымі дэмакратамі.»

Караткевіч: «А дзе Вы цяпер працуеце?»

Анішчанка: «У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. У мяне ў плянах выпусьціць зборнік дакумэнтаў паўстаньня Касьцюшкі на Беларусі, я зьбіраюся выдаць успаміны дэпутатаў Вярхоўнага Савета (і гэта, дарэчы, была адна з прычынаў майго звальненьня) старонак каля 500. Ёсьць і іншыя творчыя пляны.»

Караткевіч: «На Свабодзе ёсьць рубрыка «У што я веру». Сваім гасьцям мы задаем такое ж пытаньне. Яўген, у што верыце Вы?»

Анішчанка: «Я веру ў перамогу прыгажосьці. І справядлівасьці».
XS
SM
MD
LG