24 кастрычніка ў Беластоку праходзіць справаздачна-выбарчы зьезд Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі. У ім бяруць удзел беларусы, якія прыехалі зь Літвы, Польшчы, Латвіі, Чэхіі, Бэльгіі, Францыі.
Галоўнай падзеяй зьезду былі выбары старшыні. У бюлетэнях знайшлося толькі адно прозьвішча — Паўла Севярынца. Быў вылучаны на пасаду старшыні таксама Георгі Дзьмітрук, але ён узяў самаадвод, піша «Радыё Рацыя».
Права галасаваць было толькі ў сяброў БХД. На зьезьдзе таксама ёсьць госьці, прадстаўнікі іншых партыяў, як беларускіх, так і замежных, і журналісты.
Такім чынам, выбары старшыні ператварыліся ў таемнае галасаваньне за ўхваленьне або супраць ягонай кандыдатуры. У выніку з 96 сяброў БХД, якія мелі права голасу на зьезьдзе, 94 ухвалілі кандыдатуру Севярынца. 2 дэлегаты прагаласаалі «супраць» гэтага палітыка.
Павал Севярынец выступіў на зьезьдзе з праграмнай прамовай. Таксама ён прапанаваў намесьнікаў старшыні, гэта Сяргей Верамеенка, Георгі Дзьмітрук, Таісія Кабанчук, Валер Мацкевіч, Анатоль Міхнавец.
Акрамя выбараў старшыні, зьезд выбірае Нацыянальную раду БХД, у якую ўвойдуць 30 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Час аб’ядноўвацца». Павал Севярынец анансаваў зьезд партыі БХД, якая падзялілася, пакуль ён быў у турмеШто гэта значыць?
Роўна сто гадоў таму, 24 кастрычніка 1926 году, у Вільні беларуская хрысьціянска-дэмакратычная арганізацыя атрымала назву БХД.
Калі раней, яшчэ пры дзейнасьці ў Беларусі, хоць і без рэгістрацыі, у партыі БХД было адначасна тры кіраўнікі, дык цяпер на стагодзьдзе арганізацыя фактычна падзялілася на дзьве часткі. Адна, кіраваць якой паводле вынікаў выбараў 24 кастрычніка 2026 застанецца Павал Севярынец, праводзіць зьезд. Другой кірункам займаецца Віталь Рымашэўскі, былы сустаршыня БХД разам зь Севярынцам і Вольгай Кавальковай.
За тыдзень да беластоцкага зьезду, 17–18 кастрычніка, у Варшаве прайшоў сход руху «Беларуская салідарнасьць / Беларускія хрысьціянскія дэмакраты», зьвязанага зь Віталём Рымашэўскім. Яго сустаршынямі сталі сам Рымашэўскі, Вольга Алейнік, Дзяніс Садоўскі і Ксенія Палуэктава. У сходзе, паводле арганізатараў, удзельнічалі больш за 80 чалавек.
«Калі я выйшаў з турмы, тут былі разваленыя некалькі кавалкаў, якія не хацелі нават размаўляць адзін з адным. Зараз, дзякуй Богу, большасьць дамовілася, і большасьць будзе на зьезьдзе ў Беластоку», — казаў Севярынец у інтэрвію Свабодзе.
Але Віталь Рымашэўскі, якому Севярынец прапаноўваў прыехаць у Беласток, адмовіўся ад удзелу ў зьезьдзе і заявіў, што плыні зусім розныя, а розьніца палягае ў ідэалёгіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Рымашэўскі папрасіў прабачэньня ў ЛГБТ і заявіў пра ідэалягічныя разыходжаньні зь СевярынцамІдэалягічны падзел
Рымашэўскі лічыць, што сучасная хрысьціянска-дэмакратычная партыя ня мусіць займацца хрысьціянізацыяй грамадзтва ці прадстаўляць перадусім інтарэсы вернікаў.
«Тыя лёзунгі і тая сутнасьць, якая сёньня прапаведуецца ад імя хрысьціянскай дэмакратыі, напрыклад, беларусізацыя хрысьціянаў, хрысьціянізацыя Беларусі — гэта ня ёсьць місія палітычнай партыі», — кажа Рымашэўскі.
Паводле яго, БХД павінна быць адкрытая для чалавека незалежна ад яго веравызнаньня:
«Сёньня хрысьціянская дэмакратыя — гэта не рэлігійны рух, гэта рух, у якім нікога не дыскрымінуюць, у якім ніхто не пытае, да якой групы — рэлігійнай альбо іншай — ты належыш».
З такой ацэнкай не пагадзіўся Севярынец. Сябе і сваіх паплечнікаў ён назваў цэнтрыстамі і сказаў, што ў адноўленай БХД павінна знайсьціся месца ўсім — ад рэлігійных фундамэнталістаў і кансэрватараў да рэфармістаў і лібэралаў.
Акрамя таго, плыні падзяліліся ў стаўленьні да гендэрнай тэматыкі і ЛГБТ, і разышліся ў стаўленьні да пэўных рашэньняў Офісу Сьвятланы Ціханоўскай. Падрабязна пра стан БХД сёньня і рознасьць поглядаў можна прачытаць у адмысловым матэрыяле Свабоды.