Белстат апублікаваў новыя тарыфы, якія ўвядуць з 25 кастрычніка.
Прымусовая адбуксіроўка (эвакуацыя) з дастаўкай транспартнага сродку на ахоўную стаянку абыдзецца парушальніку ў 200 рублёў (у дзейнай рэдакцыі дакумэнту была сума ў 105 рублёў).
Эвакуацыя без дастаўкі на штрафстаянку падаражэе з 75 да 120 рублёў. А кошт захоўваньня прымусова эвакуяванага транспарту на ахоўнай стаянцы вырасьце з 9 да 16 рублёў за содні.
Такім чынам, эвакуацыя без дастаўкі на штрафстаянку падаражэе на 60%, а содні на такой стаянцы — больш чым на 77%. Дастаўка на штрафстаянку — амаль удвая.
Што гэта значыць
Гэта значыць, што ў Беларусі працягваюць імкліва расьці выдаткі на ўтрыманьне аўтамабіля.
Улетку Лукашэнка даў гэтаму росту яшчэ адзін імпульс. Ён зьвярнуў увагу на паркоўку аўтамабіляў у дварах жылых дамоў у Менску. Пасьля гэтага ў Менску пашырылі зону платнага паркаваньня.
Новыя паркоўкі будуюцца ў новых жылых раёнах, кшталту «Менск-Міру» ці «Паўночнага берага». У старых раёнах нічога новага ня робяць, там людзі паркуюцца ў дварах і ўздоўж прылеглых вуліц. Прычым у новых раёнах празь вялікую колькасьць машынаў месцаў усё адно не хапае.
Платных парковак у Менску стала больш, каштуюць 2 рублі за гадзіну, працуюць яны па графіку з 8:00 да 18:00 (у іншы час бясплатна). Штраф за нясплату — 45 рублёў. За гэтымі правіламі строга сочаць.