Кіеў і Масква дамовіліся спыніць агонь у Алешках з ночы на 27 кастрычніка

Жыхары акупаваных Алешак ідуць у суседні населены пункт з пошуках хоць нейкай ежы

Акупаваныя расейцамі Алешкі сталі месцам гуманітарнай катастрофы, дзе людзі літаральна паміраюць з голаду і ім даводзіцца ўва ўмовах небясьпекі скідаць грузы з таварамі першай неабходнасьці.

Расея і Ўкраіна дамовіліся часова спыніць баявыя дзеяньні ў горадзе Алешкі, каб даставіць гуманітарную дапамогу, паведаміў Белы дом. Інфармацыю адтуль пацьвердзілі як у Маскве, так і ў Кіеве.

У Вашынгтоне паведамілі, што рэжым спыненьня агню будзе дзейнічаць з 29 кастрычніка, пагадненьня дасягнулі пры пасярэдніцтве Мэланіі Трамп.

«Жыхары Алешак жывуць ва ўмовах абмежаванай электраэнэргіі, на замінаваных дарогах і рэгулярна зазнаюць ваенных атак. Было цалкам відавочна, што без майго ўмяшаньня дастаўка гуманітарнай дапамогі ў горад і эвакуацыя пажылых людзей былі б немагчымыя», — заявіла першая лэдзі ЗША.

Мэланія Трамп і яе прадстаўнік «працавалі наўпрост з расейскім і ўкраінскім кіраўніцтвам над вызначэньнем умоў лякальнага спыненьня агню», а Мэланія з уласнай волі пачала перамовы з абедзьвюма краінамі.

Да разьвязаньня пытаньня прыцягнулі незалежную амэрыканскую мэдыяарганізацыю для суправаджэньня і дакумэнтаваньня дзеяньняў расейскіх і ўкраінскіх групаў на месцах на працягу ўсяго працэсу.

Начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Расеі Валерый Герасімаў заявіў, што расейскія войскі ўводзяць «рэжым цішыні» на Херсонскім кірунку ў сувязі з гуманітарнай апэрацыяй у Алешках. Згодна зь ім, спыненьне агню павінна пачацца, а 4:00 раніцы маскоўскага часу 27 кастрычніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Намесьніца старшыні Эўрапарлямэнту абвясьціла галадоўку, заклікаючы да гуманітарнага перамір’я ў акупаваных Расеяй Алешках

Заява Генштабу УСУ

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што Сілы абароны Ўкраіны забясьпечаць выкананьне рашэньняў Галоўнага камандзіра, прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага дзеля рэалізацыі гуманітарнай місіі ў Алешках.

Штаб адзначыў, што адпаведныя загады «давядуць да войскаў у адпаведнасьці з устаноўленым парадкам», цытуе яго ўкраінская служба Радыё Свабода.

Украінскія падразьдзелы неаднаразова выконвалі задачы ў дастаўцы гуманітарных грузаў бесьпілётнікамі жыхарам Алешак і навакольных вёсак, нагадвае Генэральны штаб і чакае, што «гуманітарны доступ да жыхароў Алешак будзе гарантаваны».

Блякада Алешак

Алешкі трапілі пад расейскую акупацыю ўжо ў першыя дні яе паўнамаштабнага ўварваньня, у лютым 2022 году. Горад разьмешчаны на левым беразе Дняпра, і цяпер гэта натуральная мяжа паміж свабоднай і акупаванай часткамі Херсонскай вобласьці.

Паводле зьвестак Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі, у Алешках застаюцца каля 2 тысяч чалавек, у тым ліку амаль 50 дзяцей. Адміністрацыя гаворыць, што расейскія войскі перашкаджаюць дастаўцы дапамогі і фактычна пазбаўляюць жыхароў магчымасьці пакінуць горад.

Спробы міжнародных арганізацый дамовіцца з расейскімі ўладамі аб эвакуацыі мірных жыхароў з акупаванага гораду доўга не давалі вынікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Апошні раз прадукты дастаўлялі ў траўні. Рада Эўропы заклікала спыніць агонь у Алешках праз гуманітарны крызіс


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Папа заклікаў Пуціна спыніць агонь, каб выратаваць жыхароў акупаваных Алешак