У МУС заявілі, што жыхар Горадзенскай вобласьці страляў у міліцыю. Яго «абясшкодзілі»

Паляўнічая стрэльба, якую паказала міліцыя пасьля інцыдэнту

Паводле МУС Беларусі, жыхар Астравецкага раёну стрэліў у міліцыянтаў, якія прыехалі адбіраць у яго незарэгістраваную зброю. Яны адкрылі агонь у адказ.

Як паведамілі ў прэс-службе МУС Беларусі, міліцыя атрымала інфармацыю аб тым, што 65-гадовы жыхар вёскі Старая Рудня Астравецкага раёну захоўвае незарэгістраваную паляўнічую стрэльбу і пагражае ёю суседзям.

На месца выехалі міліцыянты разам з байцамі атраду спэцназу «Цыклон» Унутраных войскаў.

«Убачыўшы праваахоўнікаў, агрэсіўна настроены мужчына аказаў узброены супраціў і зрабіў стрэл у супрацоўнікаў, ствараючы рэальную пагрозу жыцьцю і здароўю навакольных. Супрацьпраўныя дзеяньні былі апэратыўна спыненыя вайскоўцамі спэцпадразьдзелу: ужывалася зброя на паражэньне, зламысьнік абясшкоджаны», — гаворыцца ў паведамленьні МУС.

Таксама сілавікі паведамілі, што правялі агляд хаты мужчыны і знайшлі самаробную зброю.

Які цяпер стан мужчыны, сілавікі не ўдакладняюць.

У роліку дэманструюць бронекамізэльку, на якой міліцыянт паказвае дзірку, падобную на сьлед ад кулі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Горадні КДБ забіў замежніка, які нібыта страляў і кідаў гранаты, — БелТА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Не выбіваюць дзьверы, а спрабуюць трапіць у кватэру». Як на судзе ў «справе Зельцара» судзьдзя і пракурорка дапытвалі абвінавачанага