У Беларусі абмяжоўвалі інтэрнэт-трафік з-за мяжы, заявілі пра тэхнічную прычыну

Ілюстрацыйнае фота

Як паведамляюць, да частковага адключэньня вонкавага інтэрнэт-трафіку ў Беларусі прывялі крытычныя ўразьлівасьці ў скрыптавай мове PHP.

Як паведамляе Hoster.by, буйны беларускі правайдэр і рэгістратар дамэнных імёнаў, у мове PHP выяўленыя дзьве крытычныя ўразьлівасьці, якія могуць дазволіць зламысьнікам выканаць шкодны код на вэб-сэрвэры. Уразьлівасьці выявілі самі распрацоўнікі.

Вонкавы трафік Беларусі адключаны «у адпаведнасьці з распараджэньнем упаўнаважанага дзяржаўнага органа, які ажыцьцяўляе ў Рэспубліцы Беларусь каардынацыю дзейнасьці ў сфэры кібэрбясьпекі з мэтай перадухіленьня і мінімізацыі наступстваў кібэратак, зьвязаных з эксплюатацыяй крытычных уразьлівасьцяў PHP», піша Hoster.by.

Hoster.by сьцвярджае, што працаздольнасьць вэб-рэсурсаў Беларусі захаваецца, але яны ня будуць даступныя зь іншых сэгмэнтаў інтэрнэту (іншых краін). Пры гэтым трафік з давераных сетак буйных пошукавых ботаў (Яндэкс, Google і інш.) будзе захаваны.

З-за мяжы не адкрываліся сайты БелТА, Pravo.by, сайт Белстату і некаторыя іншыя.

Пасьля 10 гадзін раніцы 22 кастрычніка блякаваньне зьнялі.

Распрацоўнікі PHP абвясьцілі аб выпуску тэрміновых абнаўленьняў бясьпекі, паведамляе Hoster.

Чаму гэта важна

Шчыліны ў праграмным забесьпячэньні даюць зламысьнікам магчымасьць атрымаць правы адміністратара на сэрвэры, красьці канфідэнцыйныя зьвесткі карыстальнікаў, плацежную інфармацыю ці ўкараняць шкодны код.

Гэта нясе пагрозы ўладальнікам і карыстальнікам сайтаў.

Празь вялікую небясьпеку ў некаторых краінах часова адключалі дзяржаўныя рэсурсы і сайты кампаніяў, каб перадухіліць узломы.

У Беларусі функцыі рэгулятара ў сфэры інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў і сувязі ажыцьцяўляюць два дзяржаўныя органы:

  • Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнту, які выконвае функцыі рэгулятара ў сфэры інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў, кантралюе інтэрнэт-бясьпеку і кіруе доступам да беларускага сэгмэнту інтэрнэту.
  • Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, якое адказвае за агульнае рэгуляваньне і кіраваньне сувязьзю, разьвіцьцё тэлекамунікацыйнай інфраструктуры і разьмеркаваньне радыёчастотнага спэктру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусь зноў трапіла ў шэраг краінаў з самым несвабодным інтэрнэтам