Лукашэнка павіншаваў мужчын Беларусі з Днём бацькі. Гендэрная экспэртка ацаніла, што ў віншаваньні некарэктна

Аляксандар Лукашэнка на парадзе. Архіўнае фота

Дзень бацькі ў Беларусі заснаваў 9 чэрвеня 2022 году сваім указам Аляксандар Лукашэнка, фармальна з мэтай умацаваньня сямейных каштоўнасьцяў.

Гендэрная дасьледніца Ірына Сідорская ў інтэрвію перадачы «ПІК Свабоды» ацаніла прыярытэты тэксту Лукашэнкавага віншаваньня з нагоды ўведзенага ім жа Дня бацькі.

Як заўважыла Ірына Сідорская, у віншаваньні Аляксандра Лукашэнкі беларускім мужчынам на першым месцы гатоўнасьць у кожны момант стаць на абарону краіны, а ўжо потым згадваецца роля бацькі ў гадаваньні і выхаваньні дзяцей.

«Гэтае сьвята ўвасабляе сабой адмысловую ролю мужчыны як абаронцы і надзейнай апоры сям’і, чые веды, досьвед і сіла зьяўляюцца ўзорам для перайманьня. Клапатлівы і любячы бацька здольны навучыць сумленна працаваць і служыць Радзіме, прымаць рашэньні і браць за іх адказнасьць, пераадольваць любыя цяжкасьці і ўпэўнена дасягаць пастаўленых мэтаў», — з такімі словамі Лукашэнка зьвярнуўся да беларусаў.

Дасьледніца Ірына Сідорская параўнала віншаваньні бацькам з ранейшымі віншаваньнямі Лукашэнкі беларускім жанчынам і адзначыла, што розьніца ня толькі ў гендэры адрасатаў.

Таксама яна зьвярнула ўвагу на парадак роляў, адведзеных для бацькі Лукашэнкам.

«Вельмі дакладна бачу розьніцу ў віншаваньні Лукашэнкі з Днём маці і цяпер з Днём бацькі. У першым выпадку Лукашэнка пазначае мацярынства як галоўнае жыцьцёвае прызначэньне жанчыны. Гэта тое, як быццам дзеля чаго жанчына створана і што жанчына павінна рэалізаваць. Але наконт бацькі гэта ўжо па-іншаму. Бацька, паводле Лукашэнкі, — гэта важная і пачэсная роля мужчыны, але гэта не прызначэньне, а толькі адна з магчымых роляў. Яшчэ што важна адзначыць: задача маці, згодна з Лукашэнкам, — клапаціцца, любіць, саграваць цяплом, забясьпечваць усьмешкі дзяцей. Задача бацькі і тут зусім іншая: гэта прымаць рашэньні, абараняць, вучыць дзяцей быць годнымі сваёй краіны і служыць інтарэсам гэтай краіны», — пракамэнтавала віншаваньне Лукашэнкі Ірына Сідорская.

Доктар філялягічных навук Ірына Сідорская таксама зьвярнула ўвагу на асаблівасьці ролі абаронцы, якую Лукашэнка вызначае для бацькі ў сучаснай Беларусі.

«Тут у мяне ўзьнікае галоўнае пытаньне. У віншаваньні мужчынам Лукашэнка вельмі выразна гаворыць, што сапраўдны бацька павінен быць абаронцам сваёй сямʼі і краіны. Што гэта пачэсная і важная роля. Але хто сапраўды сёньня зьяўляецца абаронцам, што мы называем абаронай і ад каго трэба абараняцца? Здаецца, у сучаснай Беларусі гэта вырашае менавіта дзяржава. І тады дзяржава можа пазначыць як абарону любое дзеяньне на сваю карысьць. А вось гэта ўжо даволі небясьпечна, калі паняцьце абароны вызначае толькі дзяржава, з гэтага можна зрабіць вельмі важкія высновы», — мяркуе дасьледніца.

Паводле Ірыны Сідорскай, Дзень бацькі закліканы падкрэсьліваць ролю бацькі ў выхаваньні дзяцей і ўмацаваньні сямейных каштоўнасьцяў.

«Аднак у сваім віншаваньні Лукашэнка акцэнтаваў увагу на гатоўнасьці бацькі абараняць менавіта краіну», — мяркуе гендэрная дасьледніца Ірына Сідорская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Невысокія заробкі, аварыя, крытыка мэдыцыны. Паглядзелі, на што беларусы скардзяцца ў Threads, які беларуская міліцыя назвала пагрозай

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Каму належыць беларускі Wildberries. Новы прысуд па справе «Гаюна». Лукашэнка прызначыць акадэмікаў. Відэанавіны 20 кастрычніка