Ужо сёньня: дзень забойства пачынальніка беларускага тэатру Флярыяна Ждановіча

Флярыян Ждановіч

Падзеі 22 кастрычніка ў Беларусі і сьвеце.

Дзень у гісторыі

1941 — пад акупацыяй створаная Беларуская народная самапомач — дабрачынная арганізацыя ў акупаванай немцамі Беларусі. БНС зьбірала ахвяраваньні, матэрыяльна дапамагала людзям, плянавала стварыць аўтаномны беларускі ўрад з сваім, незалежным ад немцаў войскам.

1944 — у Менску адкрыўся Беларускі дзяржаўны музэй гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

1947 — пачалася першая інда-пакістанская вайна за Кашмір.

1962 — прэзыдэнт ЗША Джон Кенэдзі заявіў, што СССР таемна разьмяшчае на Кубе ядзерныя ракеты, здольныя дасягаць амэрыканскай тэрыторыі. Супрацьстаяньне ЗША і СССР, вядомае як Карыбскі крызіс, паставіла сьвет перад пагрозай ядзернай вайны.

1956 — студэнты Будапэшцкага тэхнічнага ўнівэрсытэту прынялі 16 патрабаваньняў да камуністычных уладаў Вугоршчыны. Сярод іх былі вывад савецкіх войскаў, правядзеньне свабодных шматпартыйных выбараў, свабода слова і стварэньне новага ўраду. На наступны дзень у Будапэшце пачалася масавая дэманстрацыя, якая перарасла ў антысавецкае паўстаньне.

1964 — францускі філёзаф і пісьменьнік Жан-Поль Сартр адмовіўся ад прысуджанай яму Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры. Ён сказаў, што прынцыпова не прымае афіцыйных узнагародаў і ня хоча, каб пісьменьнік ператвараўся ў грамадзкі інстытут. Сартр стаў першым і дагэтуль застаецца адзіным ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры, які добраахвотна адмовіўся ад яе. У 1958 годзе ад літаратурнага Нобэля адмовіўся і расейскі пісьменьнік Барыс Пастарнак, аўтар раману «Доктар Жывага», аднак зрабіў гэта пад ціскам савецкіх уладаў. Спачатку ён прыняў узнагароду, але пасьля арганізаванай супраць яго кампаніі перасьледу быў вымушаны зьмяніць сваё рашэньне.

Жан-Поль Сартр, 1976 год

1988 — у Вільні пачаўся ўстаноўчы зьезд Літоўскага руху за перабудову «Саюдзіс».

Мітынг руху «Саюдзіс», 1990

2020 — Эўрапейскі парлямэнт прысудзіў прэмію імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі» беларускай дэмакратычнай апазыцыі, якую прадстаўлялі Каардынацыйная рада, Сьвятлана Ціханоўская і іншыя ўдзельнікі руху за дэмакратычныя перамены. Прэмія стала міжнародным прызнаньнем масавых мірных пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году і гвалту сілавікоў. Урачыстае ўручэньне адбылося ў сьнежні ў Страсбуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лідэрам беларускай апазыцыі ўручылі прэмію імя Андрэя Сахарава

У гэты дзень нарадзіліся

1811 — Фэрэнц Ліст, вугорскі кампазытар і піяніст.

Фэрэнц Ліст, патрэт 1847 году

1844 — Сара Бэрнар, француская актрыса.

1870 — Іван Бунін, расейскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскае прэміі ў літаратуры. Сярод ягоных найбольш вядомых твораў — «Антонаўскія яблыкі», «Сухадол», «Цёмныя алеі», раман «Жыцьцё Арсеньнева», а таксама дзёньнікавая кніга «Акаянныя дні» пра рэвалюцыю і грамадзянскую вайну ў Расеі, у якой пісьменьнік рэзка асудзіў бальшавіцкую ўладу.

Паводле сямейнага паданьня, род Буніных паходзіў ад шляхціца Сымона Бункоўскага, які ў XV стагодзьдзі перасяліўся зь Літвы або Польшчы ў Маскоўскую дзяржаву. Пасьля бальшавіцкай рэвалюцыі пісьменьнік пакінуў Расею і рэшту жыцьця правёў у эміграцыі. Памёр у Парыжы ў 1953 годзе.

Іван Бунін

1915 — у Ружанах нарадзіўся Іцхак Шамір, будучы сёмы прэм’ер-міністар Ізраілю (1983–1984 і 1986–1992).

Іцхак Шамір

1918 — Алесь Бажко, пісьменьнік. Пасьля вайны быў зьвязаны з падпольным «Саюзам вызваленьня Беларусі», дзейнасьць якога выкрылі савецкія органы дзяржбясьпекі. Сам Бажко пазьбег арышту. Паводле сьведчаньняў удзельнікаў беларускага нацыянальнага руху, ён супрацоўнічаў з савецкімі спэцслужбамі.

1919 — Раіса Жук-Грышкевіч, актыўная дзяячка беларускай эміграцыі ў Канадзе, арганізатарка дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій у Беларусі ў другой палове 1990-х. Жонка старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Вінцэнта Жук-Грышкевіча.

Раіса Жук-Грышкевіч

1933 — Ігар Дабралюбаў, беларускі рэжысэр і сцэнарыст. Аўтар фільмаў «Па сакрэце ўсяму сьвету», «Расклад на пасьлязаўтра», «Дзівосныя прыгоды Дзяніса Караблёва», «Белыя росы» ды іншых.

У памяці

1668 — Міхал Леан Абуховіч, дыплямат, мэмуарыст, аўтар дыярыюшаў.

1856 — Рамуальд Падбярэскі, выдавец, літаратуразнаўца, публіцыст, палітвысланец, спрыяў выданьню твораў Яна Баршчэўскага.

1883 — Майн Рыд, ірляндзкі і амэрыканскі пісьменьнік.

1937 — у менскай турме НКВД расстраляны Флярыян Ждановіч, адзін з пачынальнікаў беларускага прафэсійнага тэатру, актор і рэжысэр. У 1913 годзе ён паставіў у Радашковічах «Паўлінку» Янкі Купалы, у 1917-м узначаліў Першае беларускае таварыства драмы і камэдыі, а ў 1920-м стаў першым мастацкім кіраўніком Беларускага дзяржаўнага тэатру (цяпер — Купалаўскі тэатар). Яго арыштавалі ў 1930 годзе па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» і асудзілі на 5 гадоў лягеру. Пасьля адбыцьця пакараньня ў Белбалтлагу ў Беларусь вярнуцца не дазволілі і ў 1937 годзе арыштавалі зноў.

2010 — Павал Лойка, беларускі гісторык, аўтар падручнікаў
гісторыі незалежнай Беларусі.

2018 — Фёдар Клімчук, дыялектоляг, дасьледчык Палесься. Ён працаваў у Інстытуце мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук. Клімчук — аўтар больш чым 200 працаў у галіне дыялекталёгіі, лінгвагеаграфіі, лексыкаграфіі, славістыкі, фальклёру, этнагенэзу, сацыялінгвістыкі, тапаніміі. Выдаў пераклад «Новага Запавету» на заходнепалескую гаворку сваёй вёскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Арыентаваўся на мову дзеда». Навошта навуковец пераклаў Новы Запавет на заходнепалескі дыялект

2021 — Юры Станкевіч, пісьменьнік.

Юры Станкевіч