Лукашэнка зацьвердзіў маштабныя пераўтварэньні ў Нацыянальнай акадэміі навук

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19 кастрычніка Лукашэнка падпісаў указ, які моцна рэфармуе НАН Беларусі. Фармальна гэта робіцца дзеля «ўдасканаленьня навуковай сфэры».

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 367 «Аб дзейнасьці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Дакумэнт накіраваны на ўдасканаленьне навуковай сфэры, арганізацыйнай структуры і дзейнасьці НАН, а таксама падпарадкаваных ёй арганізацыяў, умацаваньне іхнага навуковага і вытворчага патэнцыялу, павышэньне практычнай скіраванасьці і эфэктыўнасьці дасьледаваньняў.

Указ зьліквідуе і рэарганізуе шэраг дзяржаўных навуковых установаў і навукова-практычных цэнтраў НАН. Аптымізацыя, як гэты працэс называюць улады, павінна дазволіць пазьбегчы дубляваньня функцыяў і засяродзіць патэнцыял навуковых установаў на разьвязаньні прыярытэтных для дзяржавы прыкладных задачаў у галіне тэхналёгіяў і тэхнікі, далейшым павышэньні эфэктыўнасьці навуковых дасьледаваньняў.

Дакумэнт зацьвердзіў Статут НАН у новай рэдакцыі.

Для ўмацаваньня кіраўнічай вэртыкалі і ўзмацненьня асабістай адказнасьці кіраўніцтва апарату Акадэміі навук за вынікі яе навуковай і гаспадарчай дзейнасьці старшыня прэзыдыюму НАН, ягоныя намесьнікі і галоўны вучоны сакратар атрымліваюць статус дзяржаўных грамадзянскіх службоўцаў.

У зьвязку з гэтым старшыня прэзыдыюму надзяляецца паўнамоцтвамі прымаць кадравыя рашэньні аб прызначэньні на пасады і вызваленьні ад пасадаў кіраўнікоў, намесьнікаў кіраўнікоў і вучоных сакратароў падпарадкаваных арганізацыяў.

Пашыраныя паўнамоцтвы прэзыдыюму і ягонага бюро за кошт перадачы ім асобных функцыяў агульнага сходу, каб забясьпечыць апэратыўнае прыняцьце рашэньняў, якія тычацца дзейнасьці Акадэміі навук.

Зь меркаваньняў аптымізацыі замацоўваецца гранічная штатная колькасьць супрацоўнікаў апарату НАН.

Указам зьмяняе працэдуру выбараў сапраўдных сяброў (акадэмікаў) і сяброў-карэспандэнтаў НАН, уводзіць дадатковыя крытэры ацэнкі іхных навуковых дасягненьняў. Раней стаць акадэмікам можна было толькі прайшоўшы адбор і набраўшы ня менш як дзьве траціны галасоў на таемным галасаваньні дзейных акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў.

Устанаўліваецца гранічны ўзрост на момант вылучэньня (для акадэмікаў — 70 гадоў, для сяброў-карэспандэнтаў — 60 гадоў), патрабаваньні мець навуковую ступень доктара навук і вучонае званьне прафэсара, досьвед кіраваньня навуковымі, навукова-тэхнічнымі і галіновымі праграмамі, а таксама значны ўнёсак у разьвіцьцё навукі, навуковыя і практычныя працы паводле абвешчанай спэцыяльнасьці.

Акрамя таго, Аляксандар Лукашэнка атрымаў права сваім указам прысвойваць акадэмічныя званьні «асобам, якія зрабілі значны ўнёсак у разьвіцьцё нацыянальнай эканомікі, айчыннай і сусьветнай навукі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка стварае «акадэмію будучыні», пакуль навука ў Беларусі дэградуе

Лукашэнка і ўмяшаньне ў беларускую навуку

Аляксандар Лукашэнка шмат гадоў выступае з рознымі патрабаваньнямі да навукоўцаў. Напрыклад, патрабуе стварыць у Беларусі «сваю» «Войну и мир», наладзіць масавы выпуск электрамабіляў, паказаць перадавыя дасягненьні ў стварэньні бесьпілётнікаў. Аднак многія з гэтых і іншых «задачаў», якія Лукашэнка ставіць перад навуковай супольнасьцю, не выконваюцца.

Адметна, што новы ўказ пра Акадэмію навук выйшаў роўна на 25-годзьдзе прызначэньня прэзыдэнтам НАН Міхаіла Мясьніковіча — ляяльнага Лукашэнку палітычнага дзеяча. Тое прызначэньне, зробленае 19 кастрычніка 2001 году, было першым істотным умяшаньнем у навуку.

За два дні да таго Лукашэнка выдаў дэкрэт №25 «Аб павышэньні ролі навукі і рэфармаваньні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Згодна з дэкрэтам, прэзыдэнт НАН прызначаўся на пасаду і вызваляўся ад яе кіраўніком краіны. Выбар кіраўніка Акадэміі больш не залежаў ад папярэдняга абраньня агульным сходам навукоўцаў. Былы кіраўнік НАН фізык Аляксандар Вайтовіч выступіў супраць такога прызначэньня і агулам супраць моцнага ўмяшаньня ўладаў у навуку.

Такім чынам Лукашэнка, які на той момант ужо засяродзіў асноўную ўладу ў краіне ў сваіх руках, мог сам здымаць і прызначаць кіраўніка НАН. Беларуская афіцыйная навука стала моцна залежаць ад кіраўніка дзяржавы.

У лютым 2025 году група навукоўцаў, якія вымушана зьехалі зь Беларусі з палітычных прычынаў, падрыхтавалі спавешчаньне, у якім адзначылі, што інстытуцыянальны крызіс, у якім цяпер апынулася Нацыянальная акадэмія навук, «можа быць пераадолены дзякуючы комплекснаму рэфармаваньню, магчымаму толькі ва ўмовах дэмакратызацыі ўсіх сфэраў грамадзкага жыцьця».

Рэформы ў НАН 2026 году, аднак, яшчэ больш замацоўваюць ролю рашэньняў дзяржавы ў працы навукоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Атрымліваецца толькі саламяны макет». Як у Беларусі больш за 40 гадоў ствараюць свой электрамабіль