Пра грошы для навукі толькі на падставе нейкага ад яе выніку Лукашэнка кажа пэрыядычна. Напрыклад, у лістападзе мінулага году ён чарговы раз гаварыў, што гатовы плаціць навукоўцам, калі будзе «вынік». І ў прыклад прывёў беларускі электрамабіль, які навукоўцы абяцаюць гадамі, а выніку няма. Прыгадваем гісторыю гэтага амбітнага праекту.
«Інэса» з Італіі — у Магілёў
Ідэя сабраць электрамабіль у Беларусі належыць не Лукашэнку. Яшчэ ў 1980-х такі праект задумаў тагачасны кіраўнік Магілёўскага абкаму КПБ Васіль Лявонаў. Плянавалі зьбіраць аўтамабіль на «Магілёўсельмашы». Аднак у агульнасаюзным міністэрстве прамысловасьці такую ідэю не ўхвалілі. Пасьля Васіль Лявонаў пасьпеў пабыць міністрам сельскай гаспадаркі ўжо незалежнай Беларусі, пайсьці ў апазыцыю, пры Лукашэнку перажыць зьняволеньне, ён быў прызнаны палітвязьнем.
Ідэю айчыннага электрамабіля яшчэ да прыходу Лукашэнкі да ўлады падхапілі іншыя. У 1991 годзе тагачасны кіраўнік Магілёва Сяргей Габрусеў наведаў Італію. Тады ўзьнікла думка зьбіраць свае электрамабілі паводле італьянскіх тэхналёгіяў на Казіміраўскім досьледна-экспэрыментальным заводзе. Зьбіраліся выпускаць 600 такіх аўтамабіляў на год.
Пасьля Габрусеў быў адпраўлены ў адстаўку, але прататып машыны пасьпелі сабраць. Праўда, завод не дачакаўся акумулятара зь Японіі, ня меў рухавіка. Як відаць на здымках з таго часу, ён быў падобны на расьпілаваную надвое расейскую машыну «Ока»: даўжыня каля 2,5 мэтра, вышыня 1,4 мэтра. Задумвалася, што ён мог разганяцца да 50 кілямэтраў на гадзіну, а батарэі мусіла хапаць на 100 кілямэтраў. Паводле інфармацыі на 2003 год, аўтамабіль усё яшчэ быў цэлы і захоўваўся на заводзе, але, вядома, ня езьдзіў.
Расейскі «Ё-мобиль», які рабілі ў Беларусі
У 2010 годзе расейскі бізнэсовец Міхаіл Прохараў заявіў пра стварэньне гібрыда, які называўся «Ё-мобиль». Агулам такіх машын удалося сабраць усяго некалькі, а над стварэньнем працавала беларуская каманда пад кіраўніцтвам канструктара Андрэя Гінзбурга.
«Ё-мобиль» плянавалі выпускаць у некалькіх варыяцыях кузава і з гібрыднай сілавой устаноўкай: газабэнзінавы рухавік і электраматор. Сьпярша прамысловы выпуск меркавали пачаць у 2012 годзе, але ўвесь час адкладалі. А ў 2014 годзе, пасьля акупацыі Расеяй Крыму і ўводу супраць яе санкцыяў, праект канчаткова закрыўся.
У красавіку 2024 году журналісты пісалі, што два з чатырох выпушчаных аўтамабіляў на стаянцы ў менскай Дражні і яны на хаду.
Электрамабіль ад Акадэміі навук і абвінавачаньне ў карупцыі
У сьнежні 2016 году тагачасны старшыня Акадэміі навук Уладзімер Гусакоў заявіў, што навукоўцы працуюць над стварэньнем беларускага электрамабіля. У жніўні наступнага году першы прататып прадэманстравалі: аўтамабіль на базе кітайскай мадэлі GeelySC7, можа праехаць 150 кілямэтраў на поўнай батарэі і разагнацца да 110 кілямэтраў. Такія характарыстыкі тады агучвалі стваральнікі.
Тады ж у жніўні Лукашэнка выпрабаваў Tesla Model S і сказаў пра шэраг недапрацовак у беларускім электрамабілі.
У 2018–2022 гадах у Акадэміі навук казалі, што займаюцца «навукова-дасьледчымі распрацоўкамі». Міністэрства энэргетыкі заяўляла, што ў канцы 2021 году людзі пабачаць першую сэрыйную партыю электрамабіляў. Аднак гэтага не адбылося. У 2022 годзе паказалі толькі спартовы электрамабіль ад беларускіх навукоўцаў.
У 2023–2024 гадах беларускі бок вёў перамовы з Расеяй, каб наладзіць сумесны выпуск электрамабіляў. Разам з расейцамі плянавалі распрацоўваць акумулятары і лякалізаваць кампанэнты. Праўда, гэтыя пляны таксама не рэалізаваліся.
У лістападзе 2024 году распрацоўнікаў беларускага электрамабіля абвінавацілі ў карупцыі. Старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў заявіў, што ў Аб’яднаным інстытуце машынабудаваньня прыдумалі схему абагачэньня.
«Намесьнік дырэктара прапанаваў дырэктару схему ўзбагачэньня, паводле якой частка грошай, вылучаных на распрацоўку электрамабіля, выплачвалася дзевяці супрацоўнікам, пасьля чаго палова забіралася назад і дзялілася ўжо паміж чатырма: дырэктарам, намесьнікам дырэктара, галоўным бухгальтарам і эканамістам. Пры гэтым ільвіную долю забіраў сабе намесьнік дырэктара», — сьцьвярджаў Герасімаў.
А ўжо ў 2026 годзе цяперашні кіраўнік Акадэміі навук Уладзімер Каранік прызнаў, што «задача стварыць свой электрамабіль выявілася занадта амбітнай».
«Магчыма, крыху пераацанілі свае магчымасьці. Не да канца ўсьведамлялі, што пасажырскі аўтамабіль — гэта ўсё ж вельмі шмат сыстэмаў бясьпекі, гэта мультымэдыя, гэта сілавы каркас», — пералічваў прычыны няўдачы Каранік.
«Замаўлялі дэталі з Ali Express»
На думку навукоўца, аналітыка тэхналёгіяў Сяргея Бесараба, стварыць свой электрамабіль у Беларусі перашкодзіла сама сыстэма кіраўніцтва, якую выбудавалі ўлады. Навуковец засьпеў у Акадэміі навук пару, калі там актыўна працавалі над беларускім электрамабілем.
«Гэта проста калянавуковыя пэрформансы. Улады спрабуюць імітаваць вонкавыя прыкметы разьвітай цывілізацыі, без разуменьня працэсаў і ўнутранай інфраструктуры. Фактычна, яны проста будуюць макеты з саломы. Пік вакханаліі з электрамабілямі прыпаў на час, калі я працаваў ў Акадэміі навук. Было шмат знаёмых, датычных да гэтага праекту. Людзі атрымоўвалі грошы, хай невялікія, але ўсё ж. Была задача максымальна расьцягнуць гэты праект. Яны кітайскія дэталі замаўлялі з Ali Express за свае грошы і пісалі справаздачы, якія выдавалі за прарыў» — гаворыць навуковец.
Сяргей Бесараб заўважае, што тая вытворчасьць легкавікоў і вытворчасьць дэталяў для іх, якая ёсьць у Беларусі, «шрубавая». То бок гэта зборка дэталяў, а не выраб прадукту.
«Гэта ўсё аўтсорс, а не прадуктовыя кампаніі. Беларусь проста прадае высілкі ў скручваньні дэталяў. Лякальнага крафту няма, няма экасыстэмы, ні свабоды, ні прыватнага вэнчурнага капіталу. Шрубавая зборка і санкцыі несумяшчальныя, высокатэхналягічныя рэчы не прывязеш з Расеі. Таксама пытаньне да вэртыкалі ўлады: гэта дзесяцігодзьдзе адмоўнай сэлекцыі, дзе галоўнае — ляяльнасьць і здольнасьць гэнэраваць справаздачы. Гэта не экспэрты, а клеркі, таму такі вынік. Увесь час паказваюць толькі макет, і гэта абсалютна адметная якасьць навукі пры Лукашэнку», — кажа Бесараб.
Апошнімі гадамі ўлады Беларусі анансавалі цэлы шэраг праектаў у галіне навукі і тэхналёгіяў, якія так і не рэалізаваліся. З 2021 году прадстаўнікі ўлады абяцаюць вакцыну ад каранавіруса, але пакуль яна так і не зьявілася ў агульным доступе. У красавіку 2024 году беларускае Міністэрства сувязі паабяцала распрацаваць сваю апэрацыйную сыстэму і офісны пакет. Па сёньня не чуваць, на якім этапе цяпер гэтая распрацоўка.
У верасьні 2024 году Лукашэнка паабяцаў стварыць у Беларусі смартфон з сваім праграмным абсталяваньнем. Пра гэты праект пасьля таго таксама нічога не чуваць.
На студзень 2026 году ў Беларусі зарэгістравана 49 557 электрамабіляў. Большасьць — прывазныя, хоць на заводзе «Белджы» зьбіраюць электрамабілі кітайскіх мадэляў.
Форум