19 кастрычніка пратэстоўцы заблякавалі ўваход у славуты музэй Люўр у Парыжы.
Пратэстоўцы блякуюць паўночны ўваход у Люўр (Пасаж Рышэлье), 19 кастрычніка 2026
Пакуль пратэстоўцы блякавалі ўваходы, ахвотныя трапіць у музэй чакалі перад ачапленьнем
Улады шукаюць выйсьця са становішча і спыніць незадаволенасьць насельніцтва, што падсілкоўвала дэманстрацыі ультралевых супраць падаражэньня жыцьця, піша агенцтва AFP.
Прэм’ер-міністар Францыі Сэбаст’ен Лекарню заклікаў да частковага ўвядзеньня надзвычайнага становішча пасьля таго, як міністар унутраных спраў заявіў, што паліцыя «страціла кантроль» у час беспарадкаў у выходныя. Бясчынствы ўспыхнулі за шэсьць месяцаў да таго, як Францыя абярэ пераемніка прэзыдэнта Эмануэля Макрона.
Арганізатары ўжо заклікалі да новага этапу пратэстаў у наступную суботу. Лекарню заклікаў рэгіянальныя ўлады ўвесьці «частковую» камэнданцкую гадзіну для абароны прадпрыемстваў і людзей пасьля таго, як натоўп абрабаваў і пашкодзіў сотні крамаў.
«Я цалкам рашуча вырашыў аднавіць грамадзкі парадак», — сказаў ён, дадаўшы, што ўрад гатовы ўвесьці надзвычайнае становішча «пры патрэбе».
Больш за 2500 чалавек былі арыштаваныя, а амаль 1000 супрацоўнікаў сілавых структур атрымалі раненьні.
Таксама пацярпелі пратэстоўцы, аднаму з дэманстрантаў адарвала руку гранатай, выкарыстанай паліцыяй для стрыманьня натоўпу.
Пра падзеі ў Францыі гаварылі ў новым выпуску ПіКу Свабоды.
Іншыя эўрапейскія краіны
Афіцыйная прычыны пачатку бясчынстваў — рост цэнаў. У выходныя пратэсты адбыліся ў Міляне, фінансавай сталіцы Італіі, магутныя беспарадкі ахапілі П’яцца Дуома побач з знакамітым саборам. Усё таксама скончылася актамі раскраданьня і разьбітымі вітрынамі.
У Бэльгіі адбыліся меншыя сутычкі, пратэсты працягваліся ў Гішпаніі і Партугаліі.
У Францыі лічба пратэстоўцаў ацэньваецца ў паўмільёна чалавек. Раней цягам чатырох адбываліся маніфэстацыі, што стартавалі з патрабаваньняў старшаклясьнікаў палепшыць умовы ў школах. Пратэсты нязьменна суправаджаліся гвалтам, сутычкамі з паліцыяй і падпальваньнем аўтамабіляў, якія апыналіся побач з натоўпам. Групы ў масках нападалі на паліцыянтаў, а ў Ліможы падпалілі ратушу.
Люўр і блякаваньне
Сымбалічна, што блякаваньне ўваходу ў Люўр адбылося на гадавіну буйнога рабаваньня, калі з музэю вынесьлі дарагія гістарычныя каштоўнасьці. Чатыры асноўныя падазраваныя пад вартай чакаюць суду, але, як паведаміла агенцтва AFP, паліцыя страціла сьлед скрадзеных рэчаў. На гэты момант далейшы лёс расьсьледаваньне няпэўны.
Каля дзясятка дэманстрантаў заблякавалі ўваход у знакаміты музэй Люўр — найбольш наведваны музэй у сьвеце, — шэраг турыстаў, якія прыляцелі ў Парыж яго наведаць, ня здолелі трапіць у залі.
Кабінэт міністраў і ультраправая кандыдатка на будучых выбарах прэзыдэнта Марын Лё Пэн абвінавацілі ультралевыя групоўкі ў распальваньні гвалту з мэтай павялічыць шанцы радыкальнага левага палітыка Жан-Люка Мэляншона на прэзыдэнцкіх выбарах.
Мэляншон раней выказаўся за пратэсты.
Старшыня ўраду Лекарню ўсклаў адказнасьць за бясчынствы на францускіх вуліцах на «ультралевы рух», заявіўшы, што той імкнецца «справакаваць маштабныя беспарадкі па ўсёй краіне».