Падчас масавых акцыяў пратэсту, якія ў выходныя перарасьлі ў пагромы, міністар унутраных справаў Францыі Ляран Нуньес падаў у адстаўку, але прэзыдэнт краіны Эманюэль Макрон яе не прыняў.
Як паведаміла агенцтва AFP, міністар прызнаў, што паліцыя «страціла кантроль» у некаторых гарадах падчас гвалтоўных пратэстаў, якія ўспыхнулі па ўсёй краіне ў выходныя.
Ляран Нуньес адзначыў недахоп прагнозаў і, «паколькі адчуваў адказнасьць за ўсё, што адбылося», падаў у адстаўку, але прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон яе не прыняў.
У сваім звароце да нацыі францускі лідэр заявіў, што мясцовыя ўлады могуць забараніць «пры неабходнасьці» пэўныя мітынгі ў бліжэйшыя дні. Але ён не абвясьціў радыкальных мераў, такіх як надзвычайнае становішча або камэнданцкая гадзіна.
«Сёньня ўвечары мы ўсе адчуваем гнеў і сорам», — сказаў Макрон пра разбурэньні, выкліканыя пратэстамі, у выніку якіх была спаленая ратуша, а сотні прадпрыемстваў і ўстановаў разрабаваныя або пашкоджаныя.
«Гледзячы на гэтыя здымкі, мы ўсе спыталі сябе: што яны маюць на ўвазе? Як французы могуць такое рабіць з Францыяй?», — сказаў Макрон.
У той жа час ён падкрэсьліў, што трэба адрозьніваць пратэстоўцаў з «законнымі патрабаваньнямі» ад «тых, хто разбураў, граміў і рабаваў».
Макрон паабяцаў, што ўлады будуць «непрымірэннымі» да «агітатараў з ультралевых маргінальных групаў, да якіх далучыліся шматлікія правапарушальнікі», што «разьвязалі неўтаймаваны гвалт у гарадах».
Паліцыя выкарыстоўвала спэцыяльныя сродкі
Згодна з паведамленьнямі агенцтва AFP, 18 кастрычніка паліцыя выкарыстала сьлезацечны газ і шумавыя гранаты супраць сотняў людзей, якія сабраліся на парыскім пляцы пасьля заклікаў у сацыяльных сетках на мітынг, якога не дазволілі ўлады.
Пратэстоўцы кідалі ў паліцыю бутэлькі і камяні. Вакол пляцу Рэспублікі разрабавалі прынамсі пяць крамаў. У іншых крамах у цэнтры Парыжу былі разьбітыя вокны, і мэрыя загадала многім зачыніцца. У горадзе Ліёне на паўднёвым усходзе краіны паліцыя змагалася з моладзьдзю, якая намагалася абрабаваць краму адзеньня.
Паводле зьвестак Міністэрства ўнутраных справаў, у выходныя арыштавалі амаль 2400 чалавек. Амаль 1000 паліцыянтаў атрымалі раненьні ў выніку сутыкненьняў з пратэстоўцамі. Масавыя рабункі і пажары адбываліся па ўсёй краіне.
Што папярэднічала
17 кастрычніка ў Францыі прайшлі пратэсты супраць росту кошту жыцьця, у якіх узялі ўдзел ад 500 да 800 тысяч чалавек. Пратэсты перарасьлі ў масавыя беспарадкі. У Парыжы пашкодзілі аўтамабілі і дзясяткі крамаў. У Марсэлі пратэстоўцы ўварваліся ў мэрыю, у Ліёне падпалілі гарадзкі турыстычны офіс.
Дэманстрацыі сталі працягам сэрыі акцыяў, якія пачыналіся з пратэстаў школьнікаў у пачатку навучальнага году з патрабаваньнямі павялічыць фінансаваньне сыстэмы адукацыі і рэфармаваць іспыты для паступленьня ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Неўзабаве да школьнікаў далучыліся студэнты, прафсаюзы, фэрмэры і ўдзельнікі руху «Жоўтыя камізэлькі». Урэшце ўсе яны выступілі супраць росту кошту жыцьця пры бюджэтным крызісе ў Францыі.
Форум