Дрон, які заляцеў 18 кастрычніка ў Літву, быў украінскім і з баявым зарадам

Дрон, ілюстрацыйнае фота

Камітэт па нацыянальнай бясьпецы Літвы 19 кастрычніка абмеркаваў два апошнія інцыдэнты — зьяўленьне ў паветранай прасторы краіны баявога дрона і спробу падпалу станцыі Starlink у Вільні.

На паседжаньні Камітэту па нацыянальнай абароне Літвы прэм’ер-міністар краіны Міндаўгас Сінкявічус расказаў аб чарговым інцыдэнце з дронам 18 кастрычніка.

«Няма ніякіх сумневаў у тым, што ён прыляцеў з Шэнгена, з боку Польшчы», — сказаў Сінкявічус. Паводле яго слоў, вядома, што дрон быў украінскім і нёс баявы зарад. «Няма сумневаў, ён быў з баявым зарадам», — дадаў ён, паведамляе Delfi.

Пасяджэньне Камітэту па нацыянальнай бясьпецы склікалі пасьля нядзельнай гісторыі з дронам, калі ў Панявескай і Шаўляйскай акругах быў аб’яўлены чырвоны ўзровень паветранай трывогі. Армія Літвы паведамляла, што абломкі дрона знайшлі ў вёсцы Юоджэніс. Абломкі пашкодзілі аўтамабіль, які ехаў міма, пасажыры аўто не пацярпелі.

«З пункту гледжаньня рэагаваньня і інфармаваньня насельніцтва гэты выпадак адрозьніваўся ад іншых тым, што дрон прыляцеў не зь Беларусі, а з Шэнгенскай зоны», — заявіў Сінкявічус.

Ён адзначыў, што калі бесьпілотнік прылятае з боку саюзьнікаў, дзейнічае крыху іншы альгарытм апавяшчэньня, чым у тых выпадках, калі ён прылятае зь Беларусі або Калінінградзкай вобласьці Расеі.

«Ведаючы, што ён ляціць з сяброўскай краіны, з боку Шэнгена, мы не рэагуем аўтаматычна як на пагрозу», — растлумачыў Сінкявічус.

Паводле яго слоў, рэакцыя была б іншай, калі б дрон рухаўся з боку Беларусі. Паводле міністра абароны Літвы Робэртаса Каўнаса, першапачаткова не было ніякіх зьвестак, якія паказваюць на тое, што пазнака на радарах — гэта дрон. Толькі пасьля паведамленьняў жыхароў аб гуку бесьпілётніка, які ляціць, было прынятае рашэньне візуальна праверыць гэтую інфармацыю.

«Нам трэба было выявіць, ці быў гэта небясьпечны абʼект ці які-небудзь самалёт малой авіяцыі, які ляціць без пляну палёту і не падтрымлівае сувязь з дыспэтчарамі — такіх выпадкаў сапраўды нямала. Перад прыняцьцем таго ці іншага рашэньня, магчыма, вельмі важнага рашэньня аб зьнішчэньні гэтай цэлі, без яе поўнай візуальнай ідэнтыфікацыі, наступствы могуць быць сапраўды вельмі сурʼёзнымі», — растлумачыў кіраўнік міністэрства абароны.

Спроба падпалу памяшканьня Starlink

Як паведамляе BNS, таксама абмяркоўвалася спроба падпалу памяшканьня, у якім знаходзіцца абсталяваньне для Starlink.

«Уначы на нядзелю была здзейсьнена спроба падпалу памяшканьняў у Вільні, дзе ажыцьцяўляе дзейнасьць амэрыканская кампанія SpaceX», — заявіў прэм’ер прэмʼер Сінкявічус.

Ён абвясьціў аб павышэньні ўзроўню бясьпекі на абʼектах стратэгічнай інфраструктуры.

«Мы расцэньваем гэта як сабатаж і шукаем асоб, якія ўчынілі гэта злачынства. У гэтым кантэксьце было прынята рашэньне, што на абʼектах крытычнай інфраструктуры дзяржаўнага значэньня, якіх у нас больш за 15, будзе ўзмоцнены ўзровень бясьпекі ў залежнасьці ад сытуацыі», — заявіў ён.

Паводле яго слоў, узровень бясьпекі павялічваецца ад сёньня.

«Павышаны ўзровень пільнасьці азначае, што гэтым абʼектам будзе надавацца больш увагі і сіл, як у тэхнічным, так і ў фізычным пляне», — растлумачыў кіраўнік ураду Літвы.

Як паведамляе BNS, інцыдэнт быў зафіксаваны на тэрыторыі кампаніі Delska, дзе захоўваецца абсталяваньне Starlink. Паводле слоў Сінкявічуса, зламысьнікі спрабавалі зьдзейсьніць падпал з дапамогай кактэйляў Молатава.

«Пажар своечасова заўважыў ахоўнік і прыняў меры па тушэньні ачагоў узгараньня. Антэны не загарэліся, блёк кіраваньня зьлёгку абгарэў, да моманту прыбыцьця прафэсіяналаў пажарна-выратавальнай службы дапамога ўжо не патрабавалася», — сказаў прэмʼер-міністар.

Паводле слоў Сінкявічуса, падазроныя пакуль не выяўленыя, вядуцца іх інтэнсіўныя пошукі, пачата дасудовае расьсьледаваньне.

Што папярэднічала

Раніцай 18 кастрычніка пры зьяўленьні неапазнанага аб’екту ў паветранай прасторы Літвы ўлады заклікалі жыхароў цэнтральных і паўночных раёнаў краіны прыкладна на гадзіну схавацца ва ўкрыцьцях. Абвясьцілі паветраную трывогу, а ў раён магчымага знаходжаньня аб’екту накіравалі зьнішчальнікі паветранай паліцыі NATO. Часова закрывалі аэрапорт Коўна.

Зьнішчальнікі NATO не змаглі візуальна ідэнтыфікаваць аб’ект праз воблачнасьць і не спрабавалі яго зьбіць.

Міністар абароны Літвы заявіў, што прапанаваў польскаму боку правесьці супольнае расьсьледаваньне. Пакуль не ўстаноўлена, што гэта быў за апарат і каму ён належаў.

Праз магчымую пагрозу паветраную трывогу ненадоўга абвяшчалі і ў памежных зь Літвой раёнах Латвіі. Пазьней папярэджаньні ў абедзьвюх краінах скасавалі.

Апошнім часам дроны траплялі ў паветраную прастору Літвы ўжо некалькі разоў, у тым ліку з боку Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі заявіў, што Расея хацела б біць па Ўкраіне ракетамі зь Беларусі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусь зноў заляцела ракета-дрон «Бандэроль» падчас расейскіх абстрэлаў Украіны. Гэта другі вядомы выпадак