Каля 20 дзяцей нарадзіліся і жывуць у Гомельскай калёніі побач з сваімі маці, — праваабаронцы

У Гомельскай жаночай калёні. Архіўнае фота

Умовы догляду за кратамі малалетніх дзяцей, якіх нарадзілі зьняволеныя жанчыны, вывучылі праваабаронцы «Вясны».

У жаночай калёніі № 4 у Гомлі з 2019 года дзейнічае Дом маці і дзіцяці (ДМД), дзе знаходзяцца дзеці зьняволеных жанчын ва ўзросьце да трох гадоў.

«Гомельская Вясна» паразмаўляла з былымі зьняволенымі гэтай калёніі пра тое, як там уладкаванае жыцьцё маці і немаўлят і зь якімі праблемамі яны сутыкаюцца. Праваабаронцы пачулі пра абмежаваны кантакт маці з малымі, разлуку пасьля родаў, забароны для пэрсаналу і іншыя цяжкасьці.

Пасьля трох гадоў дзяцей забіраюць

Дом маці і дзіцяці ў Гомельскай жаночай калёніі разьлічаны на 50 дзяцей. Пасьля дасягненьня трох гадоў дзеці звычайна пакідаюць ДМД. Іх могуць перадаць сваякам або апекунам, а калі ўзяць дзіця няма каму, — накіраваць у прытулак ці дзіцячы дом.

Калі маці застаецца адбываць пакараньне менш за год, знаходжаньне дзіцяці ў ДМД могуць падоўжыць да яе вызваленьня. Пасьля выхаду з калёніі маці, якой трэба вярнуць дзіця зь дзіцячай установы, можа сутыкнуцца з дадатковымі цяжкасьцямі: ёй неабходна пацьвердзіць, што яна мае жыльлё, сродкі і ўмовы для догляду.

Былая зьняволеная з «гаспадарчага» атраду, якая працавала ў Доме маці і дзіцяці, распавяла пра матэрыяльнае забесьпячэньне малых:

«Калі я працавала ў ДМД у 2024 годзе, там было прыкладна 20 дзяцей. Забесьпячэньне дзяцей было добрае. Шмат гігіенічных сродкаў — падгузьнікі, прысыпкі, розныя крэмы, шмат замежных», — згадала жанчына.

Паводле яе харчаваньне малым дзецям давалі добрай якасьці і разнастайнае. Таксама былая зьняволеная адзначыла, што ў ДМД была добрая мэбля, усім дзецям хапала цацак.

Што да нагляду за дзецьмі то паводле жанчыны, зь якой размаўлялі праваабаронцы, дзеці знаходзіліся пад наглядам бесьперапынна. Зьняволеныя жанчыны дзяжурылі ў ДМД пазьменна, а ўдзень яшчэ з дзецьмі была мэдычная сястра. Таксама малых рэгулярна аглядаў лекар з калёніі, ім рабілі неабходныя прышчэпкі. Калі патрабаваліся больш спэцыфічныя абсьледаваньні, дзяцей вазілі ў дзіцячую паліклініку ў Гомель, згадала былая зьняволеная.

Пры гэтым жанчына засьведчыла, што дзеці не ўвесь час маглі быць побач з маці.

«Нам забаранялі браць дзяцей на рукі»

Былая зьняволеная ПК№ 4 падрабязна распавяла аб правілах дагляду за немаўлятамі і адзначыла тое, што яе асабліва зьдзіўляла.

«Калі дзеці былі неспакойныя ці плакалі, нам забаранялі браць іх на рукі, насіць, прытуляць да грудзей. І гэта вельмі дзіўна. Я сама мама, у мяне двое дзяцей, і ведаю, як хутка дзіця супакойваецца, калі панасіць яго на ручках. Але нам гэта было строга забаронена», — згадала жанчына пра сваю працу зьменнай дзяжурнай у ДМД.

Паводле яе сьведчаньняў, у першы год пасьля нараджэньня маці маглі толькі наведваць сваіх дзяцей. Адно наведваньне цягам гадзіны было абавязковым, другое — па жаданьні. Суразмоўца адзначыла, што некаторыя жанчыны другі раз на дзень да дзяцей не прыходзілі.

Таксама жанчына задаецца пытаньнем, чаму жыць разам з дзіцем дазвалялася толькі праз год пасьля родаў:

«Мяне заўсёды зьдзіўляў гэты парадак. Маці маюць права жыць у ДМД са сваімі дзецьмі толькі праз год пасьля нараджэньня. А чаму ўласна толькі праз год? Няўжо цягам першага года дзіця не мае патрэбы пастаянна знаходзіцца са сваёй маці, адчуваць яе цеплыню, любоў і клопат?»

Каб жыць разам з дзіцём асуджаныя жанчыны павінны былі атрымаць дазвол ад апэратыўніка, ня мець дысцыплінарных спагнаньняў і паказваць добрыя вынікі на працы, згадала былая асуджаная.

Роды, разлука і грудное кармленьне

Былая зьняволеная перадала словы жанчын, якія нараджалі падчас адбываньня пакараньня. Паводле іх, пасьля выпіскі маці маглі вяртаць у калёнію калі немаўляці было яшчэ некалькі тыдняў, ці нават месяц.

Суразмоўца лічыць такую практыку праблемнай, бо працяглая разлука можа ўскладніць грудное кармленьне, якое магло хутка спыніцца праз стрэс і ўмовы жыцьця ў калёніі. Арганізацыя догляду за немаўлятамі ў месцах зьняволеньня патрабуе асобнай увагі да патрэбаў маці і дзяцей, мяркуе былая зьняволеная.

Цыгарэты падчас цяжарнасьці і кармленьня

Асабліва засмучала былую зьняволеную жаночай калёніі тое, што некаторыя асуджаныя жанчыны, паводле яе назіраньняў, працягвалі паліць падчас цяжарнасьці і нават груднога гадаваньня.

«Многія з нашых палітзьняволеных спрабавалі пераканаць іх, наколькі згубна для немаўляці тое, што маці паліць, да якіх сур’ёзных паталёгій гэта можа прывесьці. Але тыя прамовы ня мелі сэнсу. Жанчыны адказвалі, што лекар нібыта казаў ім не кідаць паліць рэзка, бо гэта будзе стрэс для арганізму, які дрэнна адабʼецца на дзіцяці».

Суразмоўца «Гомельскай Вясны» лічыць, што адміністрацыя магла б больш увагі надаваць гэтай праблеме.

«Дзіця, народжанае ў калёніі, потым баялася езьдзіць туды да маці»

Умовы ў ДМД былая зьняволеная называе добрымі, але яе ўсё роўна непакоіць тое, што першыя гады жыцьця дзіцяці праходзяць за калючым дротам.

«Усё адно дзіця нараджаецца і жыве тры гады ў калёніі, як нейкі злачынца», — непакоіцца за псыхічны стан дзяцей былая зьняволеная.

Яна згадвае гісторыю, пачутую ад іншых зьняволеных: дзіця, якое правяло ў Доме маці і дзіцяці тры гады, пасьля перадачы бабулі катэгарычна адмаўлялася езьдзіць на спатканьні да маці ў калёнію. Былая зьняволеная мяркуе, што гэты досьвед быў для яго цяжкім.

«Права дзіцяці на мацярынскі догляд нельга ператвараць ва ўзнагароду за паслухмянасьць»

У праваабаронцы «Вясны» Леаніда Судаленкі сьведчаньні аб сытуацыі ў Доме маці і дзіцяці ў гомельскай калёніі выклікаюць сурʼёзныя пытаньні пра выкананьне правоў дзіцяці.

«Добрае харчаваньне, падгузьнікі і цацкі вельмі важныя, але яны не замяняюць блізкасьці з маці. Дзіця — самастойны носьбіт правоў, і прысуд яго маці не пазбаўляе яго гэтых правоў», — найперш зазначыў Судаленка.

Паводле праваабаронцы калі сумеснае пражываньне сапраўды дазваляюць толькі пасьля дасягненьня дзіцём аднаго года, адміністрацыя павінна патлумачыць прававую падставу такога абмежаваньня.

«Артыкул 95 Крымінальна-выканаўчага кодэксу не ўстанаўлівае такога ўзроставага парогу. Агульная забарона без індывідуальнай ацэнкі патрэб дзіцяці дае падставы ставіць пытаньне пра выкананьне Канвэнцыі аб правах дзіцяці», — лічыць Леанід Судаленка.

Паводле праваабаронцы яго асабліва трывожыць сьведчаньне, што дазвол на сумеснае пражываньне ў калёніі маці з дзіцём залежыць ад адсутнасьці ў асуджанай дысцыплінарных спагнаньняў і яе вытворчых паказчыкаў.

«Права дзіцяці на мацярынскі догляд нельга ператвараць ва ўзнагароду за паслухмянасьць або выкананьне нормы на фабрыцы. Канвэнцыя аб правах дзіцяці патрабуе абараняць дзіця ад дыскрымінацыі ці пакараньня на падставе паводзін яго бацькоў. Бангкокскія правілы ААН забараняюць выкарыстоўваць пазбаўленьне сямейных кантактаў як дысцыплінарную меру», — зазначыў Леанід Судаленка.

Праваабаронца згодны з тым, што калі маці ўяўляе рэальную пагрозу для дзіцяці, ахоўныя меры могуць быць неабходныя, але заўважае, што для гэтага патрэбная асобная матываваная ацэнка. Сам факт дысцыплінарнага спагнаньня не даказвае, што маці ўяўляе такую пагрозу, мяркуе Судаленка, які настойвае на тым, што «галоўным крытэрам любога рашэньня павінны быць найперш інтарэсы дзіцяці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Найгорш з мэдыцынай — у горадзенскай турме. На канфэрэнцыі ў Вільні прэзэнтавалі рэйтынг беларускіх вязьніц

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Былая палітзьняволеная расказала пра мацярынства як дадатковы інструмэнт ціску за кратамі