У выніку Беларусь аказалася адрэзанай ад магчымых ператокаў электраэнэргіі, неабходных пры надзвычайных сытуацыях ці рамонтах Беларускай АЭС.
Беларусь і Расея неўзабаве завершаць узгадненьне правілаў функцыянаваньня аб’яднанага рынку электраэнэргіі.
«Гэта дастаткова складаны працэс, бо ён закранае сур’ёзныя нацыянальныя інтарэсы кожнага з бакоў. Цяпер мы маем падпісаную дамову. І літаральна неўзабаве павінны фіналізаваць свае дамоўленасьці, падпісаўшы правілы, паводле якіх будзе працаваць рынак», — працытавала дзяржаўнае агенцтва «Минск-Новости» міністра энэргетыкі Беларусі Дзяніса Мароза.
Паводле яго, ключавой асаблівасьцю будучага аб’яднанага рынку стане ўзаемадзеяньне суб’ектаў гаспадараньня дзьвюх краін у абмене электрычнай энэргіяй, што дазволіць павялічыць даступнасьць электраэнэргіі ў абедзьвюх краінах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пасьля выхаду краінаў Балтыі з постсавецкай сеткі Беларусь умацоўвае сувязі з энэргасыстэмай РасеіШто папярэднічала
Беларусь і Расея падпісалі дагавор аб фармаваньні аб’яднанага рынку электрычнай энэргіі ў пачатку сьнежня 2024 году. Гэты дакумэнт замяніў ранейшы, што дзейнічаў зь лістапада 1999 году.
У дакумэнце замацаваныя ўмовы паступовага пераходу ад простых міждзяржаўных ператокаў электраэнэргіі да паўнавартаснага рынкавага гандлю. Каардынуюць гэтую дзейнасьць ПАТ «Интер РАО» з расейскага і канцэрн «Белэнэрга» зь беларускага боку.
Цяпер беларуская энэргасыстэма працуе сынхронна з расейскаю. Бакі ўзаемна фіксуюць абавязкі ў падтрыманьні аварыйных і частотных рэзэрваў для падстрахоўкі вялікіх аб’ектаў генэрацыі, такіх, як, напрыклад, Беларуская АЭС.
Калі адна краіна за нейкі канкрэтны час спажыла больш ці выпрацавала менш заплянаванага, дэфіцыт аўтаматычна пакрываецца за кошт сумежнай сеткі, а ўпаўнаважаныя апэратары фінансава ўрэгулёўваюць гэтыя адхіленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Латвія, Літва і Эстонія заявілі аб датэрміновым выхадзе з адзінай энэргасыстэмы зь Беларусьсю і РасеяйЧаму гэта важна
Раней Беларусь атрымлівала неабходныя ператокі энэргіі з энэргасыстэмаў краін Балтыі і Ўкраіны.
Украіна за некалькі дзён да поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня сынхранізавала сваю энэргасыстэму з эўрапейскай. Краіны Балтыі канчаткова адлучыліся ад «энэргетычнага кальца» з Расеяй і Беларусьсю ў лютым 2025 году.
Такім чынам, беларуская энэргетычная сыстэма стала цалкам залежнай ад расейскае: ва ўмовах санкцыяў Беларусь можа прадаваць электраэнэргію, якую выпрацоўвае Беларуская АЭС, толькі на расейскі рынак, і залежыць ад расейскай сыстэмы ў выпадку надзвычайных сытуацыяў, зьвязаных з дэфіцытам або прафіцытам электраэнэргіі.