Авіячартэры, якія накіроўваліся з Турэччыны ў расейскія аэрапорты, ў нядзелю 18 кастрычніка вымушана прызямліліся ў Менску з прычыны пагрозы ўкраінскіх удараў БПЛА па Расеі. У гэты дзень дроны масава атакавалі цэлі ў Санкт-Пецярбургу.
У самалётах былі больш за 400 пасажыраў, паведаміла пасольства Расеі ў Беларусі.
«Выказваем удзячнасьць Міністэрству транспарту Беларусі, Беларускай чыгунцы і Нацыянальнаму аэрапорту «Менск» за ўсебаковую дапамогу і спрыяньне», — заявіла пасольства Расеі ў Менску.
Пасажыраў у аэрапорце сустракаў расейскі пасол у Беларусі Барыс Грызлоў. Пазьней для расейцаў арганізавалі пераезд у Санкт-Пецярбург аўтобусамі і чыгункай.
Тым часам у аэрапорце Менск раніцай 19 кастрычніка фіксуюць затрымкі прылётаў з Санкт-Пецярбургу, Анталіі й Шарм-эль-Шэйху. Вылеты ў гэтыя гарады адкладаюцца прыкладна на адну гадзіну.
Праз расейскую паветраную атаку Ўкраіны 19 кастрычніка прыпынялі працу два аэрапорты ў Польшчы — у Любліне і Жэшаве.
Што папярэднічала і чаму гэта важна
Украінскія бесьпілётнікі ў ноч на 18 кастрычніка атакавалі аб’екты ў Санкт-Пецярбургу, у тым ліку нафтавы тэрмінал і сховішча кампаніі Ozon.
У адказ на штодзённыя ракетныя і дронавыя атакі Расеі Ўкраіна актывізавала баявыя дзеяньні на расейскай тэрыторыі. Цяпер украінскія вайскоўцы ледзь не штодзень атакуюць расейскія рэгіёны дронамі, што выклікае збоі ў паветраным руху.
Праз ваенныя дзеяньні авіярэйсы зь Беларусі ў Маскву і іншыя гарады Расеі рэгулярна затрымліваюцца.
Авіяэкспэрты заклікаюць замежных паветраных апэратараў перагледзець свае палёты над тэрыторыяй Расеі з прычыны яе інтэнсіўных абстрэлаў украінскімі дронамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хронікі вайны. Расея ўначы біла па ўкраінскай энэргетыцы і жылых кварталах. Ёсьць загінулыяІнцыдэнты з прычыны вайны Расеі супраць Украіны
25 сьнежня 2024 году самалёт азэрбайджанскай авіякампаніі AZAL, які выконваў рэйс Баку — Грозны, зьбілі, імаверна, супрацьпаветраныя сілы Расеі. Самалёт разьбіўся, загінулі 38 чалавек. Азэрбайджанскія службоўцы заявілі, што Расея нясе адказнасьць за катастрофу, але адзначылі, што яна не была наўмыснай.
Мелі месца і выпадкі на зямлі, у тым ліку на мяжы Беларусі і Расеі.
Сёлета 17 чэрвеня ў Бранскай вобласьці ў выніку дронавай атакі пацярпеў аўтобус зь беларускай дзіцячай футбольнай камандай, якая ехала ў Геленджык. Загінула жанчына, якая суправаджала дзяцей, некалькі дзяцей пацярпелі.
2 ліпеня ў раёне расейскага памежнага пункту пропуску «Красны Камень» пацярпеў аўтобус маршруту Менск — Гомель — Анапа. У ім былі 19 пасажыраў, два кіроўцы атрымалі лёгкія раненьні. Пазьней «Флагшток» паведаміў, што дрон ударыў па грузавіках, якія стаялі прыкладна за 12 мэтраў ад аўтобуса, а сам аўтобус пацярпеў ад выбуховай хвалі.
25 і 26 верасьня дроны атакавалі беларускія грузавікі каля расейскага памежнага пункту пропуску «Красны Камень».
5 кастрычніка расейскі дрон пацэліў у аўтобус ў Малдове ў памежжы з Украінай. Адзін малдоўскі памежнік атрымаў траўмы.
8 кастрычніка ў Бранскай вобласьці Расеі ў выніку атакі бесьпілётніка на грузавы аўтамабіль зь беларускай рэгістрацыяй пацярпела грамадзянка Беларусі, паведаміла МЗС.