Вядома, што паэтыка Марка Шагала-мастака вырасла зь віцебскіх двароў і падваротняў, з побыту беларускіх габрэяў. У жывапісе той Віцебск увасобіўся ў чароўны сьвет, у якім людзі лётаюць над дамамі. А што адбываецца ў Шагала-пісьменьніка?
На пачатку 1920-х гадоў Марк Шагал напісаў па-расейску мэмуары пад назвай «Сваё», якія цяпер у сьвеце больш вядомыя пад назвай «Маё жыцьцё» ў перакладзе на францускую мову, зробленым ягонай жонкай Бэлай. Той самай, якая на ягоных малюнках лётае разам зь ім над Віцебскам. Але, як расказаў на «Прадмове» аўтар першага беларускага перакладу аўтабіяграфіі Марка Шагала Сяргей Шупа, «Маё жыцьцё» мае даволі шмат істотных адрозьненьняў ад арыгіналу.
«Прафэсійнай мовай для Шагала была расейская, хоць у Віцебску ён размаўляў на ідыш. Кнігу Шагал хацеў выдаць на пачатку 1920-х у Бэрліне, нават маляваў да яе малюнкі, але гэта не ўдалося. Затое зьявілася прапанова надрукаваць мэмуары ў Нью-Ёрку, але на ідыш, што і атрымалася. Напісаць кнігу на ідыш яму дапамаглі, хоць у кнізе не было пазначана, што гэта пераклад.
А ў 1930 годзе па-француску выйшаў пераклад той жа кнігі. Тэкст стварыла Бэла, ён дагэтуль служыць базавым для біяграфіі сусьветна вядомага мастака. Але і дасьледнікі прызнаюць, што францускі тэкст вельмі адрозьніваецца ад таго, які выйшаў на ідыш. Бэла мела добры літаратурны талент, якога не было ў Шагала, але яна шмат павыкрэсьлівала, зрабіла шмат фактычных памылак. Да таго тэксту трэба ставіцца асьцярожна», — папярэдзіў перакладнік Сяргей Шупа.
Сяргей Шупа на фэстывалі «Прадмова»
Сяргей Шупа зрабіў пераклад з апублікаванага у Нью-Ёрку тэксту, які падрыхтаваў сам Шагал.
«Прычым Бэла там ніколі ня згадваецца, а сам Шагал не такі ўжо ідэальны, а яшчэ той нячысьцік», — уступіў у размову пісьменьнік Цімур Кудзеліч і падзяліўся яшчэ адной заўвагай. Яму здалося, што ў вэрсіі мэмуараў Шагала, перакладзенай на беларускую мову, значна больш Віцебску і менш Парыжу.
Дык як вызначаў сваю ідэнтычнасьць Шагал? Сяргей Шупа нагадаў момант у кнізе, калі мастак па дарозе ў Эўропу з Расеі апынуўся ў Віцебску і высьветліў для сябе, што гэта не Расея, а «ягоны горад».
Гаворка на дыскусіі закранула старую спрэчку пра тое, чый мастак Шагал: габрэйскі, расейскі, беларускі ці яшчэ які. Цяпер гэтыя спрэчкі аднавіліся.
«Але сам Шагал сьмяяўся з гэтага, ён адчуваў сябе над гэтым усім», — зазначыў Сяргей Шупа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Упершыню па-беларуску выходзіць кніга мэмуараў Марка ШагалаА Цімур Кудзеліч згадаў іншую цытату з Шагала: «Парыж — ты мой другі Віцебск».
«Але пра Маскву ці Піцер ён гэтак ніколі не казаў», — заўважыў пісьменьнік.
Літаратар Цімур Кудзеліч
Сяргей Шупа назваў дыскусію пра нацыянальную прыналежнасьць Марка Шагала тупіковай. Шупа нагадаў, што род Шагала належаў да літвакоў — літоўскіх габрэяў, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі больш за 500 гадоў і размаўлялі на ідыш.
«Ён ня быў расейцам дакладна», — перакананы Сяргей Шупа.
А што наконт вобразнасьці Шагала-пісьменьніка? Ці можна яго параўнаць з Шагалам-мастаком?
Паводле Цімура Кудзеліча, ужо на пачатку мэмуараў «Сваё» Шагал выявіўся як містык, што адбіваецца і ў ягоным жывапісе.
«Ягоны космас складаўся з рознага матэрыялу, у тым ліку з таго, што яму пераказвалі пра ягонае нараджэньне, пра тое, што адбывалася ў двары, дзе ён нарадзіўся», — мяркуе пісьменьнік.
Сяргей Шупа згодны, што літаратурны стыль Шагала ірваны і вобразны, як і ягоныя малюнкі, насычаныя яркімі, нечаканымі дэталямі.
«Згадайма карціну, дзе ён з жонкай ляціць над горадам, а ў куце — хлопчык з кавалкам хлеба. У мэмуарах Шагал якраз і згадвае, як яны гулялі з Бэлай па горадзе і бралі з сабой кавалкі хлеба, каб пад’есьці», — заўважыў Сяргей Шупа.
Кнігу ўжо можна замовіць на сайце выдавецтва «Мяне няма».
«Кніга ўжо ў друкарні, яе можна будзе патрымаць у руках на „Прадмове“ ў Празе. Гэта будзе 30 кастрычніка. А ў пачатку лістапада Шагал па-беларуску даедзе да Вільні», — запэўніў прадстаўнік выдавецтва Цімур Кудзеліч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зьмены ў кастрычніку. Калесьнікава пра Коўла. Чый Шагал? Відэанавіны 1 кастрычнікаЯкія навінкі літаратуры прапануюць на «Прадмове»
Стэнд выдавецтваў «Полацкія лябірынты» і «Сьведкі»
Сярод новых кніг, што прэзэнтуюць на фэстывалі:
- «Адвакацкія гісторыі» («Сьведкі»).
- «Гісторыя розьнічнага гандлю ў Беларусі». Трэці том («Вясна»).
Сярод навінак «Прадмовы» — кніга пра тое, як змагаліся з беларусамі-прадпрымальнікамі
- Яўген Аношкін. «Норадрэналін. Поўдзень» («Гутэнбэрг»).
- Гамэр. «Адысэя», пераклад Лявона Баршчэўскага («Полацкія лябірынты»).
- Аляксей Дзікавіцкі. «Вяртаньне Эльзы» («Камунікат»).
- Сяргей Дубавец. «Збор творцаў» («Вясна»).
- Максім Знак. «Каляністы» («Сьведкі»).
- Ігар Карней. «Інкамунікада. Катаваньні адзінотай» («Сьведкі»).
- Віктар Марціновіч. «Глыбіня» («Гутэнбэрг»).
- Наста Рагатко. «Насі з сабой» («Логвінаў»).
- Ірына Раманава. «Трэскі лятуць. Дзеці спэцпасяленцаў: Беларусь — Котлас — Беларусь» (ЭГУ).
- Мікалай Статкевіч. «І гэта ўсё ў табе» («Камунікат»).
- Бён-Чхоль Хан. «Дух надзеі супраць грамадзтва страху» («Логвінаў»).
- Арцём Шуканаў. «Пэнтаквантар» («Гутэнбэрг»).
- Язэп Янушкевіч. «Абліччы Паўстаньня 1863–1865» (MeL EDITORIUM).
Разварот кнігі Язэпа Янушкевіча аб 300 удзельніках паўстаньня Каліноўскага
Фэстываль «Прадмова» ў Вільні, у Доме нацыянальных супольнасьцяў на вул. Квашэльнай (Raugyklos g.), 25 завершыцца ў нядзелю, 18 кастрычніка.