«Мы цябе нарадзілі, каб ты данесла праўду». У Вільні пачаўся фэстываль беларускай інтэлектуальнай кнігі «Прадмова»

Новыя выданьні на фэстывалі беларускай інтэлектуальнай кнігі Pradmova 2026 у Вільн

З дыскусіі пра рэпрэсіі 30-х гг. ХХ ст. пачаўся віленскі фэстываль. Літаратары розных кірункаў будуць абмяркоўваць кнігі, дыскутаваць і прадаваць выданьні цягам трох дзён.

Пасьля польскага Ўроцлава фэстываль беларускай інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» завітаў у Вільню. Увечары 16 кастрычніка адкрыцьцё фэстывалю адбылося ў Доме нацыянальных супольнасьцяў, дзе на асобных стэндах разгарнулі сваю папяровую прадукцыю 13 беларускіх выдавецтваў, якія ва ўмовах эміграцыі працягваюць выпускаць кнігі, што радуюць аматараў мастацкай і навукова-дасьледчай літаратуры.

«Агульны наклад беларускіх кніг, якія выдаюцца штогод за межамі нашай краіны, большы за 100 000, і гэта паказьнік таго, што беларусы не стамляюцца падтрымліваць сваю культуру нават у складаных абставінах», — сказаў на ўрачыстым адкрыцьці фэстывалю «Прадмова» вядомы беларускі філёзаф, прадстаўнік у нацыянальным адраджэньні ў Аб’яднаным пераходным кабінэце Павал Баркоўскі.

Павал Баркоўскі

Ён пажадаў беларускім літаратарам, выдаўцам і наведнікам цікавых сустрэч, насычаных дыскусій і жаданых пакупак беларускіх кніг.

Адкрыўся фэстываль «Прадмова» дыскусіяй з нагоды выданьня кнігі «Трэскі лятуць. Дзеці спэцпасяленцаў: Беларусь–Котлас–Беларусь», якую напісала гісторыца Ірына Раманава. Кніга выдадзеная Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам у Вільні, яна прысьвячаецца трагічнай гісторыі больш як 50 тысяч беларусаў, якіх як «кулакоў» высялілі ў Архангельскую вобласьць у пачатку 30-х гадоў.

Тысячы пераселеных беларусаў на халоднай чужыне загінулі, а дзеці пачалі мерці яшчэ ў дарозе, бо перасяленьне адбывалася ў сакавіку, калі на поўначы стаялі жудасныя маразы.

Ціхан Чарнякевіч і Ірына Раманава ў час абмеркаваньня кнігі

«Мы нарадзілі цябе, каб ты данесла праўду пра нашы пакуты», — прызналася маці адной з гераінь кнігі. Сьведка нарадзілася непадалёк ад расейскага Котласу, потым ужо дарослай вярнулася ў Беларусь і лічыла сваім абавязкам расказаць пра тое, што бачыла і перажыла.

Падобныя сьведчаньні, якія апублікавала ў сваёй кнізе дасьледніца Ірына Раманава, дапамогуць захаваць памяць пра яшчэ адну старонку ў гісторыі рэпрэсій супраць беларускага народу, мяркуюць удзельнікі дыскусіі.

Сярод кніжных навінак, якія можна набыць на фэстывалі «Прадмова», таксама мастацкая літаратура, кнігі ў жанры фантастыкі, нон-фікшн і пераклады замежных аўтараў.

У першы дзень фэстывалю

Кніжны фэстываль «Прадмова» у віленскім Доме нацыянальных супольнасьцяў па адрасе вул. Квашэльная, 25 (Raugyklos g. 25) будзе працаваць яшчэ 17 і 18 кастрычніка.

Дзіцячыя імпрэзы ў межах фэстывалю адбудуцца 17 кастрычніка ў Беларускім музэі імя Івана Луцкевіча па адрасе вул. Віленская, 20 (Vilniaus, 20) на базе праекту «Беларуская школка ў Вільні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Упершыню па-беларуску выходзіць кніга мэмуараў Марка Шагала


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ініцыятыва Maldzis набыла слоўнік Насовіча