Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра захоп 6,5 тыс. кв. км украінскай тэрыторыі з пачатку 2026 году. Ён дадаў, што расейскія войскі здабылі 310 населеных пунктаў Украіны і ўсталявалі свой кантроль над імі. Пра гэта ён сказаў у час наведваньня пункту кіраваньня расейскімі войскамі, зазначыўшы, што пад уладай Украіны засталося «крыху больш за 10%» Данецкай вобласьці, 16,5% Запароскай, а Луганская вобласьць «знаходзіцца цалкам» пад кантролем расейскага войска.
На той жа нарадзе Пуцін заявіў, што мэта Расеі — «забясьпечыць абсалютную бясьпеку прыгранічных тэрыторый».
«Рабіць гэта прадметам магчымых мірных перамоваў з Украінай мы не плянуем», — адзначыў ён.
Як насамрэч?
Аднак падлікі, зробленыя тэлеканалам «Настоящее время» паводле мапы DeepState паказалі, што Пуцін схлусіў. Журналісты вызначылі, што сёлета акупаваных расейцамі тэрыторый у пяць разоў менш, чым ён назваў.
Названыя Пуціным лічбы не пацьвярджаюцца й іншымі незалежнымі ацэнкамі. Паводле падлікаў на падставе штомесячных даных амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), са студзеня па верасень расейскія войскі захапілі каля 1 тыс. кв. км, што прыкладна ў 6,5 разоў менш за заяўленае Пуціным.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў размове з газэтай The Wall Street Journal ацаніў расейскія здабыткі ў 2026 годзе прыкладна ў 890 кв. км, а вызваленую УСУ тэрыторыю — у 800 кв. км.
Вяртаючыся да падлікаў «НВ» на падставе мапы DeepState, з 1 студзеня па 15 кастрычніка расейскія войскі занялі каля 1,3 тыс. кв. км ўкраінскай тэрыторыі — амаль у пяць разоў менш, чым заявіў Пуцін. Пры гэтым каля 480 кв. км Расея за той жа пэрыяд страціла ў выніку ўкраінскіх контрнаступаў. У выніку плошча расейскай акупацыі сапраўды вырасла, але прыкладна на 860 кв. км, а ніяк не на 6,5 тыс. кв. км.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Краматорску на Данеччыне ад расейскага ўдару па пасажырскім аўтобусе загінулі 33 чалавекіКолькі адсоткаў тэрыторый названых Пуціным абласьцей Расея насамрэч акупавала?
Разыходзяцца і даныя па захопленых абласьцях. Паводле DeepState на 15 кастрычніка, Расея акупуе каля 21,3 тыс. кв. км Данецкай вобласьці. Гэта каля 80% яе тэрыторыі. Пад кантролем Украіны застаецца 18% (4,8 тыс. кв. км), а яшчэ каля 2% (500 кв. км) прыпадае на «шэрую зону».
У Запароскай вобласьці, паводле даных DeepState, акупавана 20,5 тыс. кв. км, ці 75,5% тэрыторыі. Пад кантролем Украіны знаходзіцца каля 23% (6,3 тыс. кв. км).
З пачатку году акупаваная тэрыторыя вырасла ў Данецкай вобласьці прыкладна на 565 кв. км (на 2,1%), у Запароскай — прыкладна на 245 кв. км (на 0,9%).
Каб лічбы Пуціна былі дакладнымі, расейскаму войску трэба было б заняць у дзьвюх абласьцях яшчэ каля 4,8 тыс. кв. км.
Луганская вобласьць, паводле тых самых зьвестак, акупаваная на 99,6%. Пад кантролем Украіны застаюцца толькі каля 85 кв. км (0,3% тэрыторыі), яшчэ 20 кв. км — «шэрая зона».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.