Для рэстаўрацыі спатрэбіліся намаганьні вялікай каманды, перамовы з гарадзкімі ўладамі і няпростая гісторыя транспартаваньня каменя празь некалькі краінаў. Пра тое, чаму помнік запатрабаваў рэстаўрацыі, як беларускі валун везьлі ў Швайцарыю, мы пагутарылі напярэдадні ў «ПіКу Свабоды» зь кіраўніком фонду Марыі Магдалены Радзівіл Алесем Сапегам, прадстаўніком беларускай дыяспары ў Швайцарыі.
— Помнік у Золятурне адкрылі 21 кастрычніка 2017 году, праз два дні пасьля 200-й гадавіны сьмерці Касьцюшкі. Ён жыў і памёр у гэтым швайцарскім горадзе. Як ўзьнікла ідэя аднаўленьня помніку і хто спрычыніўся да яе рэалізацыі?
Абноўлены помнік Тадэвушу Касьцюшку ў Швайцарыі
— Сам помнік напрошваўся на рэстаўрацыю, бо першапачаткова яго ўсталявалі ў нейкай нізіне і без падмурку. Такая была ідэя гораду. Першыя чатыры гады горад адмаўляўся разглядаць гэтае пытаньне. І толькі дзякуючы розным структурам, арганізацыям і асобам мы змаглі атрымаць дазвол на рэстаўрацыю. Гэта справа не аднаго чалавека. Была вялікая каманда. У ёй былі і асобныя людзі, і арганізацыі. Напрыклад, амбасада Швайцарыі ў Менску, былая амбасадарка Ганна Эгер, мэр і муніцыпальныя службы Золятурна, начальнік мытнага складу ў Польшчы. Да гэтай гісторыі спрычыніліся таксама людзі, якія працавалі ў беларускай амбасадзе ў Швайцарыі, хоць яна і не была галоўным арганізатарам, а таксама ініцыятыва MALDZIS. Было вельмі шмат людзей, якія маглі, хацелі і дапамагалі.
— Як выглядае абноўлены помнік? І наколькі складана было прывезьці камень зь Беларусі?
Валун, які прывезьлі зь Беларусі ў Швайцарыю для помніка Тадэвушу Касьцюшку
— Як кажуць, заўсёды ўсё, што зьвязанае з Касьцюшкам, робіцца ня так хутка і ня так проста. Гэта заўсёды складаныя справы. Помнік быццам той самы, але выглядае ўжо зусім па-іншаму. Зьявілася ідэя паставіць пад помнік беларускі валун. Ідэя была вельмі цікавая. Спачатку мы нават ня ведалі, што гэта будзе настолькі складана ажыцьцявіць. Таму справа зацягнулася, можа, на год. Вельмі шмат праблем было з вывазам каменя зь Беларусі ў Польшчу. На мяжы таксама ўзьнікалі перашкоды. Палякі, напэўна, разоў пяць абыходзілі гэты камень, шукалі, што зь ім ня так. Адпраўлялі яго на рэнтген, пыталіся: «А дзе таблічка, дзе напісана пра Касьцюшку?»
Потым былі праблемы з дастаўкай у Швайцарыю. Калі камень загрузілі ў аўтобус, выявілася, што ёсьць праблема з нагрузкай на пярэднюю вось. Нас спыніла швайцарская паліцыя. Кіроўца парушыў заканадаўства, і быў судовы прысуд са штрафам. Таму ўсё было няпроста, доўга, на кожным этапе мы на нешта натыкаліся. Але ўжо адыходзіць ад справы не хацелася. Хацелася, каб камень быў беларускі, каб ён быў сапраўды з беларускіх палёў.
Цяпер ён выглядае вельмі прыгожа. Па-першае, помнік стаіць значна вышэй. Для яго пабудавалі пляцоўку з беларускай брукаванкі, каб можна было абысьці помнік, пастаяць побач, зрабіць фатаграфіі і ўскласьці кветкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
На месца сьмерці Касьцюшкі ў Швайцарыі прывезьлі валун зь Беларусі. Расказваем, навошта і як гэта адбывалася— Чаму беларусам важна захоўваць памяць пра Касьцюшку менавіта ў Швайцарыі, дзе ён правёў апошнія месяцы жыцьця і дзе памёр?
— Я думаю, дзе б нашы беларускія героі ні былі, паўсюль трэба захоўваць гэтую памяць. Па-першае, у нас ня так шмат беларускіх герояў, якіх мы шануем. Вельмі часта нашымі героямі становяцца ня свае. Мы, беларусы, жывём у Швайцарыі, тут ёсьць моцная беларуская суполка і іншыя беларускія структуры. Я лічу, што правільна падтрымліваць памяць ня толькі пра Касьцюшку, але і пра Марка Шагала ў Цюрыху, Адама Міцкевіча ў Лязане. Раней мы таксама падтрымлівалі памяць пра Марыю Магдалену Радзівіл у Фрыбургу. Дзе б нашы беларускія героі ні былі, іх трэба там падтрымліваць і памятаць.
— Ці слушнае пытаньне і спрэчка, каму належыць Касьцюшка?
— Слухайце, я думаю, гэтая спрэчка ніколі не зьнікне. І мы самі ў гэтым вінаватыя, самі беларусы, бо мы самі яго забыліся. Можа быць, нам у нейкі пэўны час загадалі яго забыць. І мы проста ад яго самі адмовіліся. Цяпер вельмі цяжка вяртаць асобу Касьцюшкі ў нашае асяродзьдзе, знайсьці яму месца сярод нас саміх. Мы прывыклі лічыць, што ён польскі герой. І цяпер вельмі цяжка заваёўваць для Касьцюшкі месца нават сярод нас, беларусаў, не кажучы ўжо пра палякаў. Таму важна не спыняцца. Я бачу, што палякам дзіўна назіраць за нашымі ініцыятывамі. Для іх гэта выглядае сьмешна. Але бачу, што з часам гэта становіцца, можа быць, і трывожным для іх, таму што яны разумеюць: мы не спынімся.
Тадэвуш Касьцюшка — нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі, кіраўнік вызвольнага паўстаньня 1794 году супраць Расейскай імпэрыі. Лічыцца адным з самых вядомых у сьвеце ўраджэнцаў Беларусі.