Гомельцы сёлета ў верасьні чацьвёрты раз адзначылі Дзень Гомля ў Варшаве. У гэтым годзе тэматыка імпрэзы была завязаная на гомельскі вакзал. Удзельнікі імпрэзы маглі перакусіць сасіскамі ў цесьце, паглядзець на вітражы, падобныя да тых, што ёсьць у будынку вакзалу на радзіме. Журналіст Яўген Меркіс правёў квіз «Базар-вакзал», гісторык Яўген Малікаў прачытаў лекцыю пра гербы гораду. У канцы зладзілі музычны канцэрт.
Сёлета трэцяга лістапада гарадзенцы чацьвёрты раз плянуюць адзначыць альтэрнатыўны дзень гораду — Дзень сьвятога Губэрта — у Беластоку, які некаторыя называюць «сталіцай гарадзенцаў у эміграцыі». Як расказаў Свабодзе адзін з арганізатараў падзеі Аляксей Шота, чакаецца камэрная імпрэза. Акустычны канцэрт традыцыйна зайграе Алесь Дзянісаў. Фатограф Максім Швед прадэманструе настальгічную частку — фатаздымкі Горадні, якія ён рабіў амаль 20 гадоў таму. Як і штогод, на гэтай імпрэзе за мяжой плянуюць паказаць, як горад выглядае цяпер, як зьмяніўся за час эміграцыі часткі яго жыхароў. Чакаецца невялікая віктарына на горадзенскія тэмы.
Аляксей Шота
«Каб гарадзенцы, і ня толькі гарадзенцы, а ўсе людзі, якія любяць Горадню, маглі ў нефармальнай атмасфэры пакамунікаваць, бо нават жывучы у адным невялікім горадзе, як Беласток, усё роўна бывае, што з кімсьці ня бачысься доўга», — камэнтуе Аляксей.
Забег на 11,27 кілямэтра
Адметнасьць сёлетняга сьвяткаваньня — забег «Сьлед сьвятога Губэрта», які арганізуе горадзенскі навіновы партал Hrodna.Life. Каб узяць удзел у забегу, трэба ў які-хаця час да трэцяга лістапада у якім-хаця месцы прабегчы 11,27 кілямэтра. 1127 — гэта, паводле адной з вэрсіяў, год першага летапіснага ўзгадваньня Горадні. Дыстанцыю можна ня толькі прабегчы, але і праехаць на ровары, прайсьці пешкі і нават прапаўзьці. Арганізатары просяць не рэгістравацца ў забегу людзей у Беларусі, бо гэта можа быць для іх небясьпечна.
Ірына Новік
Як расказала Свабодзе яшчэ адна арганізатарка і ўдзельніца Дзён сьвятога Губэрта Ірына Новік, ідэя забегу належыць ёй.
«Для мяне шпацыры ці бег — гэта магчымасьць супакоіць свае хворыя мігранцкія нэрвы. Калі я рухаюся рытмічна, у мяне ў галаве нешта ўтрасаецца і парадкі наводзяцца. Я думаю, гэта нашая таблетка ад суму і магчымасьць сказаць блізкім людзям, што мы — клясныя, гарадзенцы — клясныя», — кажа Ірына.
Удзельнікі акцыі «Сьлед сьвятога Губэрта» могуць за данат атрымаць мэдаль з выявай аленя сьвятога Губэрта, сымбалю Горадні. Дызайн мэдаля распрацавала дачка Ірыны Вольга Новік.
«Я вельмі люблю мэдалі. Я вельмі люблю, калі беларусы і беларускі, гарадзенцы і гарадзенкі не саромеюцца таго, што яны крутыя. Тое, што мы ў такіх цяжкіх умовах эміграцыі, пазбаўленыя дому, пазбаўленыя сувязі з роднай зямлёю, жывём, змагаемся, працуем, нечага дасягаем і маем яшчэ сілы і жаданьне падняцца з канапы і прайсьці 11 кілямэтраў 270 мэтраў — мне здаецца, проста супэр», — камэнтуе Ірына.
Мэдаль за ўдзел у забегу да Дня святога Губерта. Аўтарства Hrodna.Life
Ірына ўспамінае, што некалькі гадоў таму прайшла папулярную пілігрымку ў Сант’яга-дэ-Кампастэля. Таму вырашыла, што сёлета здолее прайсьці дыстанцыю 11,27 кілямэтра двойчы — за сябе і за кагосьці, хто жыве ў Беларусі і ня можа паўдзельнічаць у гэтай акцыі публічна.
Як расказаў Аляксей Шота, у акцыі ўжо ўзялі ўдзел больш за дваццаць чалавек з Польшчы, Літвы, Латвіі, Швайцарыі. Некаторыя аб’ядноўваюцца і бягуць групамі.
«Пакуль што большасьць тых, хто зарэгістраваўся і прабег, — негарадзенцы. Там ёсьць і „харошыя рускія“ (грамадзяне Расеі, якія супраць вайны. — РС), якім спадабаліся мэдаль і ідэі і якія бегаюць зь беларусамі ў бегавых клюбах Вільні, і менчукі. Неканечне трэба быць гарадзенцам, каб нейкую горадзенскую штуку падтрымаць», — мяркуе суразмоўца.
Каштаны з-пад Фары Вітаўта і вада зь Нёмана
Арганізатары Дзён сьвятога Губэрта ўзгадваюць, што раней адной з самых цёплых частак эміграцыйных сьвяткаваньняў былі жывыя відэаўключэньні вядомых гарадзенцаў, сярод якіх быў і Аляксандар Мілінкевіч, або загадзя запісаныя відэазвароты гарадзенцаў з розных краін — ад Грузіі да ЗША.
«У адзін зь першых эміграцыйных Дзён сьвятога Губэрта было штосьці накшталт выставы дасягненьняў народнай гаспадаркі — караценькія прэзэнтацыі розных актыўнасьцяў, якімі займаюцца гарадзенцы. Гэта было файна», — успамінае суразмоўца.
Нёман. Архіўнае фота
На адной зь імпрэзаў удзельнікам раздавалі ў падарунак каштаны, сабраныя ў сквэры, дзе раней стаяла Фара Вітаўта, і жалуды з-пад найстарэйшага дуба, прывезеныя з Горадні. На іншай — дарылі ваду зь Нёмана ў бутэльках. Суразмоўцы прызнаюцца, што тыя каштаны захоўваюць дагэтуль.
«Вельмі крута было, калі прыцягнулі мех каштанаў. Таксама ці то прадавалі, ці то разыгрывалі бутэльку вады зь Нёмана. Такія сымбалічныя штукі, якія могуць здавацца людзям збоку глупствамі, мне здаваліся вельмі кляснымі, гэта самыя лепшыя моманты», — дзеліцца ўспамінам Аляксей.
Дзень Горадні па-за Горадняй
Дні сьвятога Губэрта, апекуна Горадні, пачалі адзначаць у горадзе не пазьней за лістапад 2008 году. Грамадзянская супольнасьць ладзіла ў гэтыя дні гістарычную канфэрэнцыю, навукоўцы выпускалі зборнік гістарычных артыкулаў, гісторыкі самі заснавалі і ўручалі ў гэтыя дні прэмію Юзафа Ядкоўскага. У гэты дзень ладзілі імпрэзу для гарадзенцаў з прэзэнтацыяй новай кнігі пра Горадню або календара на наступны год, з выступам музыкаў. Гэта быў альтэрнатыўны Дзень гораду, які ладзілі грамадзкія актывісты. Пазьней і гарадзкія ўлады сталі праводзіць свае імпрэзы, прымеркаваныя да гэтай даты.
Удзельнікі гістарычнай канфэрэнцыі да Дня сьвятога Губэрта ў Горадні, 2009 год, архіўнае фота
Пасьля 2020 году гэты Дзень гораду ўжо некалькі разоў адзначылі ў Польшчы. Арганізатары такіх імпрэзаў мяркуюць, што сьвяткаваньне нават па-за межамі свайго гораду мае сэнс.
«Тое, што я гарадзенка — частка маёй ідэнтычнасьці. Незалежна, у якім я месцы, я адзначаю прыналежнасьць да гэтага гораду, яго культуры. Я заўсёды пытаюся, адкуль людзі. Калі яны з Горадні, то яны мне нібыта блізкія, нібыта сябры. Мы ўзгадваем агульныя знаёмыя месцы, традыцыі, нашыя слоўцы. Гэта робіць людзей бліжэйшымі. Дзе б ты ні быў, Горадня заўсёды ў тваім сэрцы, і я заўсёды ў Горадні», — кажа Ірына Новік, адна з удзельніц і арганізатарак Дзён сьвятога Губэрта за мяжой.
Ёй важна ў час, калі некаторых беларусаў, што зьехалі за мяжу, сілавікі ў Беларусі лічаць «экстрэмістамі» і «тэрарыстамі», паказаць: «дзе б мы ні былі, мы ня страцілі любоў да Горадні, куды б мы ні ішлі, мы ўсё роўна ідзем у Горадню».
Сёлета Ірына можа ня трапіць на супольнае сьвяткаваньне Дня сьвятога Губэрта. Але яна плянуе адзначыць гэтую дату сама — сьпячы пернікі з адбіткам аленя сьвятога Губэрта і намаляваць яму залаты крыж паміж рагамі.
Яшчэ адзін з арганізатараў Дзён сьвятога Губэрта за мяжой Фёдар* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) кажа, што для яго гэта перадусім сьвята, калі можна сустрэцца з «сваімі» — «у сэнсе мовы, сымбаляў, месца нараджэньня, Беларусі як такой». Ён тлумачыць, што пры гэтым не супрацьпастаўляе беларусаў палякам або літоўцам ці гарадзенцаў беларусам зь іншых гарадоў.
«Я не хачу сябе губляць і цалкам рашчыніцца. Людзі інтэгруюцца, працуюць, вучацца, але так хочацца часам быць з самімі сабой, з сваімі ўбачыцца, сустрэцца раз на год. Можа быць рэч (якая яднае. — РС), не зьвязаная з нацыянальнасьцю. Прыкладам, ты і я вяжам шыдэлкам — нам ёсьць пра што пагаварыць. Ты гаворыш па-беларуску, я гавару па-беларуску — нам ёсьць пра што пагаварыць. Я з Горадні, ты з Горадні — у нас ёсьць больш нагодаў, каб пасядзець, парадавацца, паскардзіцца, паабдымацца», — камэнтуе ён.
Суразмоўца зьвяртае ўвагу, што ў Горадні Дні сьвятога Губэрта ў вялікай ступені адзначалі менавіта гісторыкі — праз навуковую канфэрэнцыю, выданьне кніг, гістарычную прэмію. У эміграцыі гэтая падзея ператварылася ў сьвята ня толькі для навукоўцаў, але для ўсіх.
Сьвяткаваньне Дня сьвятога Губэрта за мяжой. Архіўнае фота
Аляксей Шота лічыць такія сьвяткаваньні сьведчаньнем таго, што для чалавека, нават калі ён далёка, гэтыя дні гораду важныя і ён імкнецца іх адзначаць, сустракацца з супольнасьцю.
«А навошта сьвяткуюць за мяжой Дзень Волі, Дзень беларускай вайсковай славы? Навошта неірляндцы сьвяткуюць Дзень сьвятога Патрыка не ў Ірляндыі?» — разважае ён.
Паводле Шоты, гэта працяг уласна горадзенскай традыцыі, якую цяпер складана рэалізоўваць у самой Горадні.
«Вернемся мы ў Горадню праз 10, 20, 30, 70 гадоў, а калі гэтага не працягваць, то гэта проста забудзецца. Каб не губляцца, каб хоць раз у год знаходзіць сваіх, кантактаваць з сваімі», — разважае Аляксей.
Арганізатары кажуць, што ніколі не сутыкаліся з крытыкай сваёй ініцыятывы. Фёдар зазначае, што гэты дзень стаў ужо настолькі традыцыйным у Беластоку, што некалькі чалавек сёлета ў яго ўжо пыталіся, ці плянуецца імпрэза і што будзе ў праграме.
«Я камунікую зь беларусамі ў Беларусі дастаткова шмат. Наадварот — усіх радуе, што тут людзі не рашчыняюцца (сярод мясцовага насельніцтва. — РС), як пральны парашок у вадзе», — кажа Шота.
Арганізатары падкрэсьліваюць, што Дзень сьвятога Губэрта — сьвята ня толькі для гарадзенцаў, і запрашаюць усіх ахвочых.
«Я лічу, што дарэчна паказваць сваю адметнасьць. Беларусь — гэта багатая, унутрана разнастайная краіна, і клясна, калі ёсьць такія лякальныя патрыятызмы. Мне здаецца, важна таксама паказваць гэта. Свая кашуля бліжэй да цела. Гэта можа камусьці не падабацца, выглядаць фанабэрыстасьцю, але фанабэрыстасьць — гэта рэгіянальная адметнасьць», — разважае пра дзень апекуна гарадзенцаў Аляксей.
У эміграцыі такія сьвяткаваньні, на думку Фёдара, могуць быць нават больш патрэбныя людзям, чым тады, калі яны былі ў Горадні. Ён думае, што чым даўжэй людзі жывуць у эміграцыі, тым важнейшымі для іх становяцца такія імпрэзы, зьвязаныя зь іхнымі роднымі мясьцінамі.
«Калі ёсьць тое, што аб’ядноўвае, яно адразу збліжае», — кажа Фёдар.