Стала вядома, колькі краіны G7 вылучаць на рамонт саркафагу над Чарнобыльскай АЭС

Сустрэча ў фармаце G7, што адбылася ў кастрычніку ў Францыі. Ілюстрацыйнае фота

Краіны «Групы сямі» (G7) пацьвердзілі падтрымку Ўкраіны і заявілі аб намеры вылучыць агулам 260 мільёнаў эўра на неадкладны рамонт пашкоджанага расейскім дронам саркафагу, пабудаванага над аварыйным чацьвёртым блёкам Чарнобыльскай АЭС.

Як адзначаецца ў выніковай заяве сустрэчы міністраў фінансаў і кіраўнікоў цэнтральных банкаў краін G7, якая адбылася ў Бангкоку на палях штогадовых сходаў Міжнароднага валютнага фонду і Ўсясьветнага банку, краіны G7 заклікалі іншых міжнародных партнэраў далучыцца да фінансаваньня рамонту.

Удзельнікі сустрэчы пацьвердзілі падтрымку Ўкраіны ва ўмовах расейскай вайны супраць яе і сур’ёзную занепакоенасьць рызыкамі для ядзернай бясьпекі ад удараў расейскіх дронаў па Чарнобыльскай АЭС. Украіну на гэтай сустрэчы прадстаўлялі міністар фінансаў Сяргей Марчанка і кіраўнік Нацыянальнага банку Андрэй Пышны.

Цяпер патрэбы ў фінансаваньні рамонтных работ ацэньваюць сама меней у 500 мільёнаў эўра. Такім чынам, яшчэ трэба знайсьці прыблізна 240 мільёнаў эўра.

Тэму абмяркуюць на донарскай канфэрэнцыі ў Парыжы 6 лістапада. Яе арганізуюць Францыя, Украіна і Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця.

У «Групу сямі» ўваходзяць Вялікая Брытанія, ЗША, Італія, Канада, Нямеччына, Францыя, Японія, а таксама Эўразьвяз у цэлым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вялікая Брытанія вылучыць сродкі на рамонт пашкоджанага расейскім дронам саркафагу над Чарнобыльскай АЭС


Што папярэднічала

14 лютага 2025 году расейскі дрон улучыў у саркафаг, створаны зь міжнароднай падтрымкай над чацьвёртым аварыйным блёкам Чарнобыльскай АЭС.

У Дзяржаўным агенцтве Ўкраіны для кіраваньня зонай адчужэньня паведамілі, што ў часе агляду арачнага саркафагу зафіксавалі пашкоджаньні вонкавай абшыўкі аркі і апорных канструкцый гаражу, а плошча скразнога пашкоджаньня склала да 15 квадратных мэтраў. Пажар, які пачаўся пасьля ўлучэньня дрону, змаглі патушыць толькі на 12-ы дзень.

Сёлета ў пачатку чэрвеня расейскія войскі пацэлілі дронам «Герань-2» у сховішча зь ядзерным палівам паблізу Чарнобыльскай АЭС. Ад вялікіх наступстваў уратавала толькі тое, што на момант атакі адпрацаванае ядзернае паліва захоўвалася ў кантэйнэрах за некалькі сотняў мэтраў ад пашкоджанага памяшканьня, а іншыя кантэйнэры, бліжэйшыя, былі парожнімі.

Часовую павець над аварыйным блёкам пабудавалі яшчэ ў 1986 годзе. З 2007 году пры ўдзеле замежных донараў пачалі ўзводзіць новы саркафаг. Яго ўвялі ў дзеяньне ў 2019 годзе з разьлікам на эксплюатацыю ад 70 да 100 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

МАГАТЭ: укрыцьцё над аварыйным блёкам Чарнобыльскай АЭС не выконвае асноўныя функцыі бясьпекі