Суд у Кіеве прадоўжыў трыманьне журналісткі Кардаш пад вартай, але дагэтуль ня можа пачаць разгляд яе справы

Іна Кардаш, архіўнае фота

Першапачаткова плянавалася, што суд 21 верасьня разгледзіць абвінаваўчы акт, выстаўлены ва Ўкраіне грамадзянцы Беларусі Іне Кардаш, але тады пасяджэньне перанесьлі.

Беларуская журналістка Іна Кардаш, затрыманая ў Кіеве сёлета ў студзені паводле падазрэньня ў шпіянажы, будзе заставацца ў сьледчым ізалятары сама меней да 4 сьнежня.

Яе справа па-ранейшаму знаходзіцца ў Пячэрскім раённым судзе Кіева, і прызначаны на разгляд судзьдзя не зьмяніўся: гэта Алег Салаўёў, які ў Пячэрскім судзе Кіева, дзе звычайна разглядаюць гучныя палітычныя справы, працуе з 2025 году. Да гэтага ён працаваў у Дзясьнянскім раённым судзе Кіева, а перад тым — у Кастрычніцкім раённым судзе Марыюпалю. Пасьля акупацыі горада расейскімі войскамі яго камандзіравалі ў Кіеў.

Як стала вядома Свабодзе, пасяджэньне суда перанесьлі ўжо ў другі раз — 21 верасьня яно не адбылася праз адсутнасьць судзьдзі, які нібыта ў той дзень знаходзіўся ў службовай камандзіроўцы, а 14 кастрычніка — яго перанесьлі, імаверна, празь вельмі моцны абстрэл Кіева. Неўзабаве назавуць новую дату судовага пасяджэньня. Вядома, што прынамсі разгляд абвінаваўчага акту будзе адбывацца ў адкрытым рэжыме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кіеве расейская ракета ўлучыла ў жылы дом і ЦЭС: чатыры чалавекі загінулі, больш за 20 атрымалі раненьні

Муж Кардаш абвінаваціў у бязьдзейнасьці сьледчага ў справе Кардаш

Вядома, што ў жніўні суд абавязаў сьледчага ў справе Іны Кардаш вярнуць яе мужу 2 150 даляраў, сканфіскаваных падчас вобшуку.

Перад гэтым яе муж, добраахвотнік, які служыць у штурмавым падразьдзеле, прынёс у суд квітанцыі з апэрацыяў выдачы ў банкамаце грошай зь яго банкаўскай карткі. На гэтай падставе, нягледзячы на пратэст сьледчага ў справе, суд прызнаў, што грошы належаць мужу Кардаш і пастанавіў скасаваць іх арышт.

Аднак сьледчы СБУ, нягледзячы ўжо на сама меней два судовыя рашэньні ў гэтым пытаньні, грошы не вярнуў. У выніку муж Кардаш паскардзіўся ў суд на бязьдзейнасьць сьледчага. Вынікі разгляду гэтай скаргі пакуль невядомыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Новае ў справе Кардаш: арыштаваныя грошы павінны вярнуць мужу, ён праз суд патрабаваў спатканьня з жонкай

Што папярэднічала

Іну Кардаш затрымалі сёлета 21 студзеня і выставілі ёй падазрэньні ў шпіянажы на карысьць Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

На момант затрыманьня Іна Кардаш ужо працавала ў Каардынацыйным штабе ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны. Паводле сьледзтва, яна кантактавала з КДБ праз грамадзяніна Беларусі, які «ўсьвядомлена для яе ажыцьцяўляў канфідэнцыйную супрацу з спэцслужбамі Беларусі».

20 красавіка стала вядома, што суд арыштаваў кватэру Іну Кардаш, каб забясьпечыць вядзеньне крымінальнай справы.

Расьсьледаваньне справы мела закончыцца 20 чэрвеня.

У пачатку траўня кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штабу ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Багдан Ахрыменка паведаміў, што Менск зьвяртаўся да Кіева наконт абмену Іны Кардаш.

«Такі сыгнал быў, але, акрамя размоваў, пакуль нічога няма. Мы адкрытыя для прапановаў. Мы не зацікаўленыя ў тым, каб утрымліваць замежных злачынцаў у нашай краіне, марнаваць на іх бюджэтныя сродкі ў той час, калі нашы незаконна асуджаныя грамадзяне знаходзяцца за кратамі ў нечалавечых умовах. Калі ў камунікацыі зьявяцца практычныя прапановы, мы іх разгледзім», — сказаў Багдан Ахрыменка ў інтэрвію агенцтву «Укрінформ».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна можа абмяняць беларуску Кардаш на ўкраінскіх журналістаў, якія знаходзяцца ў расейскім палоне

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Працавала з КДБ празь іншага беларуса і ўжо служыла ў Міністэрстве абароны Ўкраіны. Новыя дэталі справы Іны Кардаш