Пра абмежаваньне падлучэньня новых перавозьнікаў да «Яндэкс.Таксі» паведаміла Асацыяцыя прафэсійных перавозьнікаў пасажыраў аўтамабілямі-таксі (АППАТ).
На сайце службы пры спробе зарэгістраваць новага партнэра выходзіць паведамленьне: «Форма закрытая. Аўтар формы скончыў прыём адказаўі закрыў форму».
У АППАТ тлумачаць, што абмежаваньне спатрэбілася для стабільнай працы тых, хто ўжо супрацоўнічае зь «Яндэкс.Таксі». Форму абяцаюць нанова адкрыць, «як толькі ўсё адновяць».
У той жа час магчымых тэрмінаў аднаўленьня ніхто не падае.
Кампанія Яндэкс пакуль шырока не тлумачыць кліентам, што чакае кампаню далей, як у самой Расеі, так і ў Беларусі і іншых краінах, дзе яна мае бізнэс.
Некалькі дзён таму беларусы сутыкнуліся з праблемамі пры выкліку таксі, замове дастаўкі ежы, праглядаючы фільмы ў інтэрнэце, слухаючы музыку, спампоўваючы файлы з свайго воблачнага дыску або робячы банкаўскія онлайн-пераводы. Збоі ў гэтых сэрвісах зьвязаныя з праблемамі кампаніі «Яндэкс». Экспэрты ў кібэрбясьпецы таксама заявілі, што у выніку праблемаў «Яндэксу» прыкладна напалову зьменшыўся трафік расейскіх ботаў.
Што адбылося?
У кастрычніку Ўкраіна тройчы ўдарыла бесьпілётнікамі па дата-цэнтрах «Яндэксу» у Расеі — будынках з сэрвэрамі, якія забясьпечваюць працу інтэрнэт-сэрвісаў. Пацярпелі цэнтры ў гарадах Сасава Разанскай вобласьці, Калузе і Ўладзіміры. Наступствы адчулі ня толькі жыхары Расеі. Іх зазналі і карыстальнікі зь Беларусі, Казахстану, Армэніі, Узбэкістану, Сэрбіі.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў гэтыя атакі люстраным адказам на ўдары Расеі па ўкраінскай лічбавай інфраструктуры ў верасьні.
Колькі часу зойме аднаўленьне нармальнай працы дата-цэнтраў, пакуль няясна.
Аднаўленне магутнасьцяў дата-цэнтраў займае ад некалькіх месяцаў да паўгоду або нават году, калі спатрэбіцца будаваць новы цэнтар. Дадатковая праблема — заходнія санкцыі супраць Расеі, якія робяць больш складаным і дарагім імпарт неабходнага абсталяваньня.