«Заставацца на „Яндэксе“ небясьпечна». Як удар па расейскіх дата-цэнтрах адбіўся на беларусах (і яшчэ можа адбіцца)

Ілюстрацыйнае фота

Экспэрт у лічбавай бясьпецы Мікалай Кванталіяні пракамэнтаваў Свабодзе, як можа разьвівацца сытуацыя для карыстальнікаў сэрвісаў «Яндэксу» у Беларусі. А менскі таксіст расказаў, што зараз адбываецца ў гэтай сфэры.

Некалькі дзён таму беларусы сутыкнуліся з праблемамі пры выкліку таксі, замове дастаўкі ежы, праглядаючы фільмы ў інтэрнэце, слухаючы музыку, спампоўваючы файлы з свайго воблачнага дыску або робячы банкаўскія онлайн-пераводы. Збоі ў гэтых сэрвісах зьвязаныя з праблемамі кампаніі «Яндэкс». Экспэрты ў кібэрбясьпецы таксама заявілі, што у выніку праблемаў «Яндэксу» прыкладна напалову зьменшыўся трафік расейскіх ботаў.

Вынікі аднаго з украінскіх удараў па дата-цэнтры кампаніі "Яндэкс" у Расеі

Прычына ў тым, што ў кастрычніку Ўкраіна тройчы ўдарыла бесьпілётнікамі па дата-цэнтрах «Яндэксу» у Расеі — будынках з сэрвэрамі, якія забясьпечваюць працу інтэрнэт-сэрвісаў. Пацярпелі цэнтры ў гарадах Сасава Разанскай вобласьці, Калузе і Ўладзіміры. Наступствы адчулі ня толькі жыхары Расеі. Іх зазналі і карыстальнікі зь Беларусі, Казахстану, Армэніі, Узбэкістану, Сэрбіі. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў гэтыя атакі люстраным адказам на ўдары Расеі па ўкраінскай лічбавай інфраструктуры ў верасьні.

Некалькі месяцаў на аднаўленьне

Як патлумачыў у размове з Свабодай экспэрт у лічбавай бясьпецы Мікалай Кванталіяні, у Расеі было пяць вялікіх дата-цэнтраў — «буйных заводаў, дзе захоўваюцца дадзеныя», і шмат малых. Ад удараў Украіны пацярпелі тры зь іх.

«Засталося два з паловай, бо два пашкоджаныя дастаткова сур’ёзна, па трэцім нанесьлі ўдар. Значыць, гэта інфраструктурнае пашкоджаньне. „Яндэкс“ — гэта ня проста „Яндэкс Браўзэр“, „Яндэкс Ежа“, „Яндэкс Дастаўка“. Шкоду атрымлівае ўся сукупнасьць усіх сэрвісаў інфраструктуры „Яндэксу“», — камэнтуе экспэрт.

Колькі часу зойме аднаўленьне нармальнай працы дата-цэнтраў, пакуль няясна. На думку Кванталіяні, цягам двух тыдняў гэта стане зразумела больш дакладна. Суразмоўца бачыць некалькі варыянтаў разьвіцьця падзеяў.

Вынікі аднаго з удараў украінскіх дронаў па дата-цэнтры кампаніі "Яндэкс" у Расеі

«Некаторыя сэрвісы могуць быць недасяжныя. Некаторыя могуць быць часткова пашкоджаныя і адноўленыя, то бок дасяг да некаторых можа быць досыць кепскай якасьці, запаволены водгук. Трэці варыянт — усё працуе ў штатным рэжыме, бо ўсё яшчэ ёсьць дата-цэнтры», — пералічвае варыянты экспэрт у лічбавай бясьпецы.

Аднаўленне магутнасьцяў дата-цэнтраў займае ад некалькіх месяцаў да паўгоду або нават году, калі спатрэбіцца будаваць новы цэнтар. Дадатковая праблема — заходнія санкцыі супраць Расеі, якія робяць больш складаным і дарагім імпарт неабходнага абсталяваньня.

На думку Кванталіяні, складанасьць у тым, што сыстэма «Яндэксу» досыць шырокая, і беларусы не разумеюць, дзе менавіта могуць сутыкнуцца з праблемамі. Можа быць страчаны дасяг да бухгальтарскай праграмы «1С», якую досыць проста было разьмясьціць на воблачным сховішчы «Яндэксу», страчаны доступ да сваёй электроннай пошты, будзе немагчыма глядзець зьмесьціва «Яндэкс-сэрвэраў».

Мікалай Кванталіяні

«То бок усё лякальна. З глябальнага гледзішча, паводле апошняй інфармацыі, [пашкоджаны] адзін з інфраструктурных праектаў, на якім знаходзіліся распрацоўкі ў галіне штучнага інтэлекту, і адпаведна два праекты штучнага інтэлекту „Яндэксу“ цяпер зламаліся. Гэта была лякальная інфраструктура, аднаўляць яе нашмат даўжэй і даражэй», — тлумачыць суразмоўца.

Калі Ўкраіна працягне біць па астатніх дата-цэнтрах «Яндэксу» і яшчэ два вялікія дата-цэнтры выйдуць з ладу, тады адбудзецца якасна большы, глябальны каляпс, больш сэрвісаў стануць недасяжнымі, больш дадзеных могуць страціць у тым ліку і беларусы, адзначае Мікалай Кванталіяні.

«Далей усё залежыць ад кірунку разьвіцьця. Калі ў іх згарае яшчэ адзін дата-цэнтар, сытуацыя пагаршаецца. Калі ўсё застаецца на тым жа ўзроўні, якасьць будзе такая ж, як і цяпер, пакуль не адновяць папярэднія магутнасьці. Калі „Яндэкс“ страціць яшчэ адзін дата-цэнтар, яны будуць прымаць рашэньні, каб разьвязаць гэтую праблему. Казаць, што хтосьці адразу выключыцца, цяпер складана. Гэта будзе датычыць працаздольнасьці масавых сэрвісаў: „Яндэкс Таксі“, „Яндэкс Ежа“, „Яндэкс Пошта“», — кажа суразмоўца.

Што рабіць?

Экспэрт у лічбавай бясьпецы Мікалай Кванталіяні раіць зараз ствараць рэзэрвовыя копіі ўсяго, што знаходзіцца ў інфраструктуры «Яндэксу».

«Калі маеце сайт, рабіце рэзэрвовую копію сайту. Лепш пакуль перанесьці. Калі ў вас там знаходзіцца „1С Бухгальтэрыя“ — пераносьце. Калі вы прадаяце нейкія прадукты, тавары з дапамогай „Яндэкс дастаўкі“, глядзіце альтэрнатыўныя варыянты і пераносьце, думайце, што рабіць, калі „Яндэкс“ стане наагул недасяжным», — рэкамэндуе экспэрт.

Яшчэ адна рэкамэндацыя — пераходзіць на заходнія сэрвісы.

«Заставацца на інфраструктуры „Яндэксу“ небясьпечна, пакуль не даказана адваротнае. Заходнія сэрвісы больш устойлівыя ў гэта момант. Калі гаворка пра пошту, вы можаце павольна з „Яндэксу“ пераехаць на Gmail. Для хостынгу дастаткова шмат даступных сэрвісаў: літоўскі, брытанскі, іншыя», — адзначае экспэрт.

Сэрвіс таксі ад "Яндэкс" стаў у Беларусі адным з самых папулярных

Інтэрнэт-карыстальнікі ў Беларусі знаходзяцца ў лепшым становішчы, чым у Расеі, мяркуе Кванталіяні.

«Бо ў Расеі асноўным кірункам палітыкі дзяржавы была ізаляцыя. Фактычна расейская дзяржава загнала ўсіх у „Яндэкс“. Ты блякуеш Google, YouTube, усе сэрвісы. Ты заганяеш людзей у гэтую экасыстэму („Яндэксу“), і людзі залежаць ад яе», — камэнтуе суразмоўца становішча расейцаў.

Беларусам жа ў гэты час была дасяжная і расейская, і замежная лічбавая інфраструктура.

«Ты можаш захоўваць свае дадзеныя на эўрапейскіх сайтах і сэрвэрах. Ёсьць абмежаваньні ў аплаце, бо тэхналягічныя санкцыі працуюць у два бакі. Але фактычна беларусам нашмат лягчэй абыходзіць санкцыі, чым людзям у Расеі. Беларусы прызвычаіліся выкарыстоўваць VPN, каб можна было абыходзіць тэхналягічныя санкцыі. Блякаваньне VPN у Беларусі мяккае — пяць асноўных праграмаў заблякавалі, рэшта дасяжная. У Расеі блякаваньне максымальнае», — заўважае ён.

«Каляпсу ня будзе»

У размове з Свабодай уражаньнямі ад праблемаў «Яндэксу» падзяліўся менскі таксіст, які доўгі час працаваў з расейскім агрэгатарам, але пасьля перайшоў да кампаніі-канкурэнта.

«Акрамя „Яндэксу“, ёсьць „Вайлдбэрыз“, ёсьць беларускі А1, — кажа суразмоўца. — Але гэта для вялікіх аматараў. Такое ўражаньне, што іх трымаюць для таго, каб не было парушана антыманапольнае заканадаўства. У параўнаньні зь „Яндэксам“ гэта каменны век. Ёсьць яшчэ некалькі вельмі дробных. Але ў Менску яны амаль незаўважныя. У Менску паўсюль „Яндэкс“».

Суразмоўца кажа, што «Яндэкс», паводле яго ўражаньня, кантралюе каля 90% рынку таксі ў Беларусі, асабліва ў Менску. Празь некалькі дзён пасьля ўкраінскіх атак нязручнасьці ў выкарыстаньні сэрвісу захоўваюцца.

Ілюстрацыйнае фота

«У мяне знаёмы спрабаваў папрацаваць у нядзелю — і кінуў, сказаў, што гэта ня праца, — гаворыць суразмоўца. — Замовы скасоўваліся, было незразумела, куды ехаць, і гэтак далей. Але зараз ужо больш-менш нармальна. Я вось сёньня спрабую карыстацца навігатарам ад „Яндэксу“ — „Яндэкс-картамі“. Яны даўгавата, але заладоўваюцца. Таксі ў іх таксама працуе не без праблемаў, але працуе. „Яндэкс“ не стаіць калом».

Паводле менскага таксіста, на рынку таксі ў Беларусі не будзе каляпсу, нават калі «Яндэкс-таксі» цалкам спыніць працу. Паступова да новых умоваў прыстасуюцца як канкурэнты «Яндэксу», так і самі таксісты, якія змогуць перайсьці на іншыя сэрвісы. У тым ліку традыцыйныя, з выклікам праз тэлефон.

Якія альтэрнатывы

Нягледзячы на тое, што пасьля 2020 году і пазьней шэраг заходніх кампаніяў пакінулі Беларусь, у краіне, адрозна ад Расеі, дагэтуль можна знайсьці альтэрнатыву расейскім інтэрнэт-сэрвісам. Згадаем некаторыя зь іх.

Таксі

Як ужо нам расказаў менскі таксіст, ад нядаўняга часу набывае папулярнасьць сэрвіс таксі ад расейскай кампаніі «Вайлдбэрыз». Таксама працуе беларускі сэрвіс ад кампаніі А1, які пакуль дасяжны не на ўсёй тэрыторыі краіны, але ахоплівае буйныя гарады. У дадатак свае аплікацыі ў інтэрнэце маюць традыцыйныя службы кшталту 135 і іншых, якія па-ранейшаму можна выклікаць тэлефонным званком.

Мапы

«Яндэкс-карты» празь некалькі дзён пасьля ўкраінскіх атак працуюць у Беларусі са збоямі. У выпадку зьнішчэньня рэшты дата-цэнтраў «Яндэксу» гэты сэрвіс таксама можа стаць недасяжным. Як альтэрнатыву ў Беларусі пакуль яшчэ можна выкарыстоўваць сэрвісы Google Maps i Maps.me. Карыстальнікі наракаюць на бяднейшы і не такі апэратыўны функцыянал (асабліва ў выпадку з мапамі ад Google), аднак, у адрозьненьне ад той жа Расеі, дзе мабільная навігацыя ў прынцыпе складаная, бо праблемы з GPS-сыгналам, яны працуюць.

Музыка

Паводле дасьледаваньня 2025 году, сэрвісам «Яндэкс-музыка» карысталіся каля траціны беларусаў, якія слухаюць музыку на стрымінгах. Якімі гэтыя лічбы могуць стаць пасьля сэрыі ўкраінскіх удараў, сказаць складана. Але альтэрнатыващ больш чым дастаткова. У Беларусі па-ранейшаму дасяжныя швэдзкі Spotify, амэрыканскія Apple Music i YouTube Music, Soundcloud і шэраг драбнейшых расейскіх сэрвісаў.

Дастаўка

Тут расейскай кампаніі канкурэнцыю складаюць беларускія сэрвісы накшталт Clever.by, Just-eat.by ці Delivio. Акрамя гэтага, уласную дастаўку маюць сеткі папулярных піцэрыяў. А дастаўкай прадуктаў даўно і пасьпяхова займаюцца ўсе буйныя сеткі супэрмаркетаў накшталт «Эўраопту», «Суседзяў», «Гіпа» ці Green.


Свабода зьвярнулася ў кампанію «Яндэкс» з просьбай пракамэнтаваць сытуацыю зь перабоямі ў працы іхных сэрвісаў у Беларусі. Адказу на момант публікацыі мы не атрымалі.