Сьвятлана Ціханоўская назвала місію маці адной з самых складаных і ў той жа час каштоўных задач жанчыны.
«Гэта тытанічная праца, у якой няма выходных, перапынкаў і водпуску. Вы аддаяце сваім дзецям сябе цалкам: разам зь імі адкрываеце гэты сьвет, вучыце іх адрозьніваць добрае ад дрэннага, падтрымліваеце, калі ім страшна, і радуецеся кожнай іх маленькай перамозе. Пра добрае і дрэннае лёгка гаварыць, калі гэта казкі і мультфільмы. Але калі гаворка заходзіць пра рэальнае жыцьцё, не заўсёды знаходзяцца словы», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
Лідэрка дэмакратычных сілаў нагадала, што цяпер у турмах Беларусі на падставе палітычна матываваных прысудаў зьняволеныя 113 жанчын, прынамсі 14 зь іх маюць непаўналетніх дзяцей.
«Беларускія ўлады заклікаюць жанчын нараджаць, але пасьля нараджэньня дзіцяці многія сутыкаюцца з фінансавай ямай. Падчас дэкрэту выплата для догляду за першым дзіцём складае 35% сярэдняга заробку — а калі жанчына вырашае вяртацца да працы, то часта сутыкаецца з прапановамі звольніцца, пераносамі працоўных месцаў ці складанасьцямі з пошукам працы. На жаль, матчыну працу вельмі часта ўспрымаюць як нешта само сабой зразумелае. Маці можа адкладаць свае пляны, кар’еру, сон, адпачынак і ўласныя жаданьні дзеля свайго дзіцяці і нічога не патрабаваць наўзамен», — дадала яна.
Сьвятлана Ціханоўская адзначыла, што цяпер у Беларусі маці вельмі хвалююцца за будучыню сваіх дзяцей, іх бясьпеку і свабоду.
«І нават калі самім бывае страшна і няпроста, вы працягваеце быць для сваіх дзяцей апорай, даваць ім любоў, клопат і адчуваньне бясьпекі. Менавіта таму яшчэ важней зноў і зноў паўтараць: дзякуй. Дзякуй за вашу любоў, цярпеньне і сілу. За тое, што вы захоўваеце ў дзецях веру ў дабро, свабоду і справядлівасьць, нават калі навокал часта адбываецца зусім іншае. І я цалкам упэўненая, што вашыя дзеці вырастуць у цудоўных дарослых, якія зробяць Беларусь лепшай», — адзначыла Сьвятлана Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Адукацыя лепшая, заробак меншы, а галоўнае — «не падвесьці Лукашэнку». Што ня так з «годам жанчыны» ў БеларусіЛукашэнка пажадаў кожнай жанчыне «спазнаць шчасьце мацярынства»
Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што шчасьлівае дзяцінства пачынаецца з мацярынскіх абдымкаў, «мацярынская вера становіцца для дзіцяці крыніцай посьпеху, а дом, у якім яго чакае маці, застаецца самым галоўным месцам яго сілы».
«Усе самыя добрыя словы гучаць на адрас жанчын, якія падарылі нам жыцьцё і атачылі нас сапраўды бязьмежнай любоўю і пяшчотай. Дзякуй вам, нашыя жанчыны, за тое, што застаяцеся верныя свайму важнейшаму прызначэньню, за вашую душэўную шчодрасьць, стойкасьць і створаны вамі сьвет, напоўнены радасным дзіцячым сьмехам. Зычу моцнага здароўя, дабра, натхненьня і яскравых незабыўных момантаў, праведзеных з сваякамі і блізкімі. Няхай кожная жанчына спазнае шчасьце мацярынства, а нашыя дзеці заўсёды будуць аточаныя бацькоўскімі цеплынёй, клопатам і ўвагай», — адзначаецца ў віншаваньні Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як у ААН дэлегацыя Беларусі справаздачылася аб ліквідацыі ўсіх формаў жаночай дыскрымінацыі і што адбываецца ў рэальнасьціЧаму гэта важна
Ціханоўская і Лукашэнка маюць абсалютна розныя ўяўленьні аб будучыні краіны і ацэнку ролі жанчын у жыцьці краіны.
Лукашэнка ў сваіх выказваньнях аб жанчынах найчасьцей выкарыстоўвае савецкую рыторыку, якая абмяжоўваецца пытаньнямі дэмаграфіі, захаваньня «традыцыйных каштоўнасьцяў» і ролі ў выхаваньні «патрыятызму» ў сваіх дзяцей. Такім чынам Лукашэнка намагаецца стварыць бачнасьць ідэальнай, стабільнай і мірнай Беларусі і эфэктыўнай гендэрнай палітыкі ў краіне.
У новым рэйтынгу гендэрнай роўнасьці, апублікаваным Усясьветным эканамічным форумам, Беларусь заняла 52-е месца сярод 145 краінаў з вынікам 74% — чым бліжэйшы гэты паказьнік да 100%, тым менш адрозьненьняў паміж становішчам жанчын і мужчын у краіне. За год вынік Беларусі вырас на 0,3%, а краіна паднялася на дзьве пазыцыі.
Індэкс ацэньвае адрозьненьні паміж жанчынамі і мужчынамі ў чатырох кірунках: удзел у эканоміцы, адукацыя, здароўе і палітычны ўплыў. Высокі вынік неканечне азначае высокі ўзровень жыцьця — ён сьведчыць, што адрозьненьні паміж жанчынамі і мужчынамі адносна невялікія.
Вынікі Беларусі ў асобных кірунках моцна адрозьніваюцца. Паводле эканамічнага ўдзелу і магчымасьцяў жанчын краіна займае 8-е месца ў сьвеце, паводле адукацыі — 78-е.
Паводле суадносінаў колькасьці дзяўчатак і хлопчыкаў пры нараджэньні і працягласьці здаровага жыцьця жанчын і мужчын Беларусь дзеліць 1-е месца з шэрагам іншых краінаў.
Паводле палітычнага ўплыву жанчын Беларусь толькі на 98-м радку.