У Кіеве расейская ракета ўлучыла ў жылы дом і ЦЭС: чатыры чалавекі загінулі, больш за 20 атрымалі раненьні

Наступствы расейскага ўдару па жылым доме ў Кіеве. 14 кастрычніка 2026

Расейскія войскі ў ноч на 14 кастрычніка атакавалі Ўкраіну ракетамі і дронамі. У выніку сталіца краіны засталася безь сьвятла. Шмат пацярпелых.

Як паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко, расейскія войскі інтэнсіўна абстрэльвалі ракетамі энэргааб’екты гораду.

«У сталіцы перабоі зь сьвятлом. Балістычная пагроза працягваецца», — напісаў ён раніцай 14 кастрычніка ў сваім Telegram-канале.

Паводле яго, сама меней тры чалавекі загінулі і 21 атрымаў раненьні. Расейскія войскі пацэлілі ракетай у дзевяціпавярховы жылы дом паблізу цеплаэлектрастанцыі, што забясьпечвае большую частку сталіцы цяплом і электрычнасьцю. Загарэліся кватэры зь першага да восьмага паверху. У іншым раёне палае склад.

У кампаніі «Укрэнэрга» папярэдзілі, што а 6-й раніцы і цягам усяго дня ў частцы рэгіёнаў краіны ўвялі абмежаваньні спажываньня электраэнэргіі для прамысловасьці і бізнэсу, а таксама пагадзінныя адключэньні для побытавых спажыўцоў. Гэта стала вынікам расейскай атакі на энэргетыку краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Харкаве, Дніпры, Кіеве, Хмяльніцкім, Роўне і Львове разбурэньні і пацярпелыя ад расейскіх рэактыўных дронаў

Зяленскі заклікаў да больш жорсткіх санкцыяў супраць Расеі

Згодна з інфармацыяй украінскага боку, расейскія войскі выкарысталі для ўдару па Ўкраіне 39 балістычных ракет і больш за 120 ударных дронаў.

Паводле прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, Расея атакавала энэргетыку і крытычную інфраструктуру ў Кіеве, Кіеўскай і Харкаўскай вобласьцях.

«Прыцэльны расейскі балістычны ўдар менавіта па энэргетыцы, у дачыненьні да якой прэзыдэнт Амэрыкі вызначыў прыпыненьне агню. Удар абсалютна сьвядомы і паказальны маштабнасьцю — такой дэманстрацыйнай непавагі Расеі да Амэрыкі яшчэ не было. Расея ня лічыць заявы прэзыдэнта Амэрыкі моцнымі», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Паводле яго, пасьля расейскага абстрэлу 14 кастрычніка прынамсі 600 тысяч чалавек засталіся без электрычнасьці.

«Могуць быць і большыя адключэньні. На жаль, ёсьць адчувальныя пашкоджаньні аб’ектаў і абсталяваньня на 26 элемэнтах нашага электраэнэргетычнага комплексу і на чатырох аб’ектах нафтагазавага комплексу», — дадаў прэзыдэнт Украіны.

Зяленскі заклікаў ЗША і іншыя краіны-партнэры жорстка адрэагаваць на гэтыя расейскія ўдары.

«Расея змарнавала магчымасьць дээскаляцыі і выразна выбрала працяг вар’яцкай вайны на зьнішчэньне. Мы просім прэзыдэнта Трампа ўвесьці МОЦНЫЯ санкцыі супраць Расеі, пагатоў закон Ліндсі Грэма, нядаўна ўхвалены і падпісаны, гэта дазваляе і рэглямэнтуе. Прэзыдэнт Амэрыкі мае ўсе моцныя і дастатковыя інструмэнты, каб наблізіць мір дзякуючы сіле, справядлівасьці і ціску на агрэсара», — заявіў Зяленскі.

Ён таксама зьвярнуўся да партнэраў па дадатковую вайсковую дапамогу ў забесьпячэньні ракетамі супрацьпаветраных комплексаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.