Лукашэнка пракамэнтаваў напад на памежнікаў Латвіі, падзякаваў за агароджу на мяжы з ЭЗ і зноў згадаў вайну

Аляксандар Лукашэнка на Обуз-Лясноўскім палігоне ў Баранавіцкім раёне Берасьцейскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка 13 кастрычніка правёў нараду аб выніках праверкі баявой і мабілізацыйнай гатоўнасьці 7-й асобнай спэцыяльнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў МУС Беларусі і зрабіў новыя заявы аб тым, чаму ён рыхтуецца да вайны.

Інцыдэнт на мяжы з Латвіяй

Лукашэнка абвінаваціў улады Латвіі ў інсцэнізацыі нападу на латвійскіх памежнікаў з боку Беларусі.

«Мы цудоўна ведаем, пра гэта мне ўжо далажылі, што гэта было зроблена ўсё як інфармацыйная нагода, каб атрымаць грошы ад Эўрапейскага Зьвязу самімі латышамі. Мы да гэтага ня маем ніякага дачыненьня, што мы там праніклі на іхную тэрыторыю, — людзі ў масках, вайскоўцы некага схапілі, захапілі або заштурхнулі туды нейкую групу мігрантаў. Большага глупства не прыдумаеш», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

На мінулым тыдні група прынамсі з 20 мігрантаў пад кіраўніцтвам людзей у масках спрабавала незаконна перасекчы дзяржаўную беларуска-латвійскую мяжу. Паводле латвійскага боку, мігрантаў суправаджалі ўзброеныя людзі, якія пагражалі латвійскім вайскоўцам, а таксама актыўна падганялі мігрантаў у бок Латвіі. Паводле міністра ўнутраных справаў Латвіі Яніса Домбравы, празь некалькі гадзінаў людзі ў масках праніклі на тэрыторыю Латвіі, пашкодзілі разьмеркавальную шафу і скралі камэры назіраньня, пасьля чаго вярнуліся на тэрыторыю Беларусі.

Пра рыхтаваньне да вайны

Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў, што праверкі баявой гатоўнасьці Ўзброеных сілаў Беларусі абумоўленыя неабходнасьцю «ўнікнуць вайны».

«Мы рыхтуемся да вайны, каб яе ўнікнуць. Ні на кога мы нападаць не зьбіраемся, як апошнім часам у СМІ нашыя заходнія „сябры“ разгарнулі кампанію, што Расея нападзе на краіны Балтыі як мінімум, магчыма, на Польшчу з тэрыторыі Беларусі і разам зь Беларусьсю», — адзначыў ён.

«Другі кірунак іхнай крытыкі так званай у адносінах Беларусі, што мы зьбіраемся прабіць Сувальскі калідор у кірунку Калінінградзкай вобласьці. Я не хачу тут апраўдвацца перад імі. Гэта глупства поўнае», — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго, армія Беларусі рыхтуецца да «найбольш нэгатыўнага сцэнара».

«Сцэнары гэтыя мы пралічылі, яны вядомыя. Але нельга дапусьціць новага вітка агрэсіі. Сёньня гэта нікому не патрэбна. Не павінна быць з нашага боку такіх дзеяньняў, якія б расцэньваліся як агрэсія. Мы сапраўды не павінны паводзіцца агрэсіўна. Гэта праўда. Але рыхтавацца да магчымага агрэсіўнага дзеяньня з боку нашых суседзяў ці праз тэрыторыю нашых суседзяў. Мы павінны гатовыя быць заўсёды», — сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым Лукашэнка ў характэрнай яму манеры падзякаваў эўрапейскім краінам, якія на мяжы зь Беларусьсю пабудавалі агароджу, каб абараніцца ад мігрантаў, што няспынна атакуюць межы Эўразьвязу зь беларускай тэрыторыі.

«Дзякуй ім, што яны пабудавалі гэтую агароджу. У выпадку агрэсіі зь іхнага боку, а калі агрэсія адбудзецца, яна можа быць толькі зь іхнага боку, з нашага боку гэтага ня будзе, ім давядзецца гэтую агароджу пераадольваць. Гэта нам выгадна. Таму, калі яны там пабудуюць яшчэ дзьве лініі такіх агароджаў, мы будзем ім толькі ўдзячныя. Гэта глупства несусьветнае з боку некаторых вайскоўцаў. Хутчэй за ўсё, не вайскоўцаў, а там жа разумныя цывільныя „стратэгі“. Гэта іхная тактыка — адгарадзіцца. Госпад зь імі, няхай адгароджваюцца», — сказаў Лукашэнка.

Што папярэднічала

Галоўны вайскавод Аб’яднаных узброеных сілаў NATO ў Эўропе Алексус Грынкевіч на форуме бясьпекі ў Варшаве заявіў, што NATO у выпадку нападу Расеі адкажа ўдарамі па Калінінградзкай вобласьці, Беларусі і цэлях каля Санкт-Пецярбургу.

Мэта гэтага пляну — спыніць уварваньне на самым пачатку, а ў разе працягу агрэсіі пазбавіць праціўніка магчымасьці кіраваць сваімі сіламі і забясьпечваць іх.

«Я не лічу, што канфлікт непазьбежны або неўзабаве пачнецца. Гэта ня так. Але, зважаючы маштаб дзейнасьці, зьвязанай з дывэрсіямі і падпаламі, думаю, што насельніцтва краін нашага альянсу крыху нэрвуецца. І я хачу запэўніць мільярд грамадзян нашага альянсу: мы дамо рады», — заявіў Грынкевіч на форуме бясьпекі ў Варшаве.

Агучаная стратэгія прадугледжвае стварэньне шырокай «аўтаномнай зоны», у якой бесьпілётнікі і наземныя робаты маглі б стрымліваць расейскі наступ, унікаючы тым самым значных стратаў сярод вайскоўцаў.

Адначасова ракеты вялікай далёкасьці павінны нанесьці ўдары па расейскіх камандных пунктах і аб’ектах супрацьпаветранай абароны ў Калінінградзкай вобласьці, у раёне Санкт-Пецярбургу і ў Беларусі.

Акрамя таго, вайскова-паветраныя сілы NATO апэратыўна нанясуць удары па расейскіх падмацаваньнях, што накіруюцца на фронт, а таксама па іншых цэлях у тыле.

Гэты падыход атрымаў назву «Ініцыятыва стрымліваньня на ўсходнім флянгу», паведамляла выданьне The Wall Street Journal. Паводле амэрыканскіх вайскоўцаў, ягоная галоўная мэта — прымусіць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ацаніць здольнасьць NATO да абароны і адмовіцца ад нападу, калі ён разглядае такую магчымасьць. У рамках гэтай стратэгіі NATO рэгулярна праводзіць вучэньні, каб прадэманстраваць сваю гатоўнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

NATO ў выпадку нападу Расеі адкажа ўдарамі і па Беларусі, — The Wall Street Journal

Чаму гэта важна

Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.

Увесь час ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе ва Ўкраіну на тэрыторыі Беларусі практычна безь перапынку праводзяць вайсковыя вучэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія дроны зноў рухаліся ва Ўкраіну ўздоўж беларускай мяжы. Прынамсі два зь іх заляцелі ў Гомельскую вобласьць