Украіна абвясьціла ў вышук двух сваіх грамадзян, якіх у Беларусі асудзілі за тэрарызм

Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне Паўла і Сяргея Кабарчукоў падазраюць у незаконнай вытворчасьці і кантрабандзе наркотыкаў.

Суд абвясьціў грамадзян Украіны ў вышук і дазволіў затрымаць пасьля таго, як іх не знайшлі па месцы пражываньня, каб прымусова прывесьці на судовае пасяджэньне ў крымінальнай справе.

Як стала вядома Свабодзе ад інфармаваных крыніц, мова ідзе пра грамадзян Украіны, сына і бацьку Паўла і Сяргея Кабарчукоў, якіх затрымалі 15 лютага 2024 году ў Лельчыцкім раёне падчас так званай «контртэрарыстычнай апэрацыі».

Тады КДБ заявіў аб затрыманьні «тэрарыстаў», а дзяржаўныя СМІ апублікавалі відэазапіс, на якім Павел выглядаў зьбітым. У СІЗА КДБ іх даставілі на верталёце.

Пазьней украінцаў асудзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу як «дывэрсантаў СБУ» да 20 гадоў няволі кожнага. Іх тэрміны зьняволеньня маюць скончыцца ў 2043 годзе. У СІЗА 63-гадоваму Сяргею Кабарчуку дыягнаставалі анкалёгію. Ён адбывае свой тэрмін у шклоўскай калёніі № 17. Ягоны сын Павел адбывае пакараньне ў магілёўскай турме № 4.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пачынаецца суд над затрыманым на Палесьсі «дывэрсантам», якога абвінавацілі ў кантрабандзе

Як Кабарчукі апынуліся ў Беларусі

Крыніца Свабоды сьцьвярджае, што Кабарчукі незаконна перасеклі ўкраінска-беларускую мяжу, спадзеючыся ўцячы ад крымінальнага перасьледу ва Ўкраіне.

Згодна з інкрымінаванымі артыкуламі, ім пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Справу на іх завялі 27 сьнежня 2022 году. Яе разгляд меў адбыцца 21 лютага 2024 году. Паколькі яны не зьявіліся, суд ухваліў рашэньне аб іх прымусовым прыводзе, але судовыя выканаўцы не знайшлі іх па месцы пражываньня.

Пазьней іх па відэазапісе КДБ, які распаўсюдзіў у тым ліку і Telegram-канал «Беларускі Гаюн», пазнала жонка і маці Сяргея і Паўла. Менавіта паводле яе заявы 17 лютага Кабарчукоў прызналі зьніклымі. На той момант іх ужо два дні ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ Беларусі.

Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Японца і двух украінцаў, якіх у Беларусі абвінавачваюць у шпіянажы, прызналі палітвязьнямі

У чым падазраюць украінскія сьледчыя

Ва Ўкраіне Кабарчукоў затрымалі 27 сьнежня 2022 году ў лясным масіве на ваколіцах сяла Селязоўка Корасьценьскага раёну Жытомірскай вобласьці, недалёка ад дзяржаўнай мяжы Ўкраіны зь Беларусьсю. Іх разам з іншымі асобамі выявілі памежнікі побач з аўтамабілем, у якім знайшлі дзьве сумкі і заплечнік з 68 пакункамі рэчыва, падобнага на наркотыкі. Пазьней экспэртыза гэта пацьвердзіла. Усяго выявілі 44,6 кіляграма ў пераліку на сухія рэчывы, якія затрыманыя нібыта спрабавалі пераправіць у Беларусь.

У пачатку лютага 2023 году сьледчыя па выніках вывучэньня тэлефонных размоў вызначылі іншых падазраваных, а таксама сувязі паміж імі і маршрут іхнага перамяшчэньня ў памежжы.

У жніўні 2023 году суд прызнаў абгрунтаваным тэкст выстаўленага абвінавачаньня і пачаў разгляд справы па сутнасьці. Падазраваныя прызналі сваю віну толькі часткова, але ў якім аб’ёме — невядома. Імаверна, бацька і сын Кабарчукі да лістапада 2023 году знаходзіліся пад вартай, а потым іх вызвалілі пад фінансавую заставу. Урэшце яны ўцяклі.

Яны зьяўляюцца жыхарамі мястэчка Старая Выжаўка Ковельскага раёну Валынскай вобласьці.

Сёлета ў ліпені суд выдаў дазвол на затрыманьне Кабарчукоў для прымусовага прываду ў суд, на якім зноў мусяць разгледзець пытаньне аб узяцьці іх пад варту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чым бліжэй да выбараў, тым большы страх. Што ня так з вэрсіяй пра ўкраінскіх дывэрсантаў?